Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сядзі, беларус, пры лучыне, бо табой кіруе Лукашэнка?..”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 23 красавіка 2008 году


У гэтыя апошнія дні красавіка шмат хто ў Беларусі і за яе межамі згадвае падзеі красавіка 1986 году. Выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі накрыў радыеактыўным воблакам вялікую частку беларускай тэрыторыі і на многія гады наперад азмрочыў экалягічны стан краіны.

Пра экалягічныя праблемы пішуць у сваіх лістах на “Свабоду” і нашы слухачы. Пачну сёньняшнюю размову з допісу на гэтую тэму даўняга сябра “Свабоды” настаўніка Мікалая Бусела зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну.

“У школе праграмай замежнай мовы прадугледжана вывучэньне тэмы “Ахова прыроды”, — піша слухач. — І ў падручніках усіх замежных моў ёсьць і файныя тэксты, і нават файныя фотаздымкі. Сапраўды, па вялікім рахунку, гэта — найважнейшая тэма захаваньня жыцьця. Але пабачце, як крывадушна ўсё робіцца ў гэтай недарэчнай дзяржаве. Калі дзеці падрастуць і захочуць прачытанае зьдзейсьніць наяве, то будзе як пад Пухавічамі ў пасёлку Дружны. Чалавеку, які мужна паспрабаваў заступіцца за навакольнае асяродзьдзе, далі нялюдзкі штраф. (Хай Бог дасьць яму здароўя. А ад мяне яму — шчырае вітаньне).

Я на ўроку замежнай мовы — мы акурат праходзім гэту тэму — зьвярнуў увагу дзяцей на гэты, скажам мякка, прыкры эпізод. Улада мусіла б задумацца, што чыніць, а не кідацца на людзей, як у вядомым вершы:


“Ўзбунтаваў я вёску.
Ой, быў цяжкі год!
Прыяжджае прыстаў:
Выхадзі ўпярод!
Гэта ты, мярзавец,
Ўзбунтаваў народ?
Гэй, гарадавыя!
Даць яму ўпярод!”

Думаю, сёлета варта было б зладзіць два чарнобыльскія шляхі: адзін традыцыйны, у Менску; другі — на месцы магчымага будучага Чарнобылю, на Магілёўшчыне”,

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну.

Сапраўды, усе падручнікі і ўсе настаўнікі вучаць дзяцей аберагаць усё жывое. Дык чаму той, хто корміць сінічак зімой і не дазваляе хулігану зламаць дрэўца ў парку — узор і прыклад для дзяцей, а той, хто адважыўся выступіць супраць будаўніцтва небясьпечнага завода, які нясе пагрозу сотням тысяч людзей і мільёнам гектараў зямлі — зламысьнік і парушальнік грамадзкага парадку? Толькі таму, што ў другім выпадку за брудную вытворчасьць інвэстары абяцаюць шчодра заплаціць? Але ці хопіць той платы на тое, каб вярнуць страчанае здароўе і загубленую прыроду? Тым больш што абяцаныя шчодрыя інвэстыцыі ў такіх выпадках чамусьці рэдка даходзяць да простых людзей, затое заўважна адбіваюцца на дабрабыце тых чыноўнікаў, якія даюць дазволы, адводзяць зямельныя ўчасткі і разьмяркоўваюць матэрыяльныя даброты.

Зрэшты, ёсьць сярод слухачоў “Свабоды” і тыя, у каго іншы погляд на экалягічныя праблемы сёньняшняй Беларусі. Сярод іх — Пётар Абрамовіч зь Берасьця. Працытую невялікі фрагмэнт зь ягонага вялікага ліста, які датычыць тэмы будаўніцтва беларускай АЭС. Слухач піша:

“Што ні робіцца ў Беларусі — “Свабодзе” ўсё недаспадобы. Праводзім “Дажынкі”, упрыгожваем гарады — кепска; будуем бібліятэку — кепска; будзем узводзіць уласную АЭС — таксама кепска. Вось у Нямеччыне 40 рэактараў — гэта добра. У Францыі, Іспаніі мноства сваіх атамных станцый — таксама выдатна. Польшча і Літва зьбіраюцца будаваць — гэта трэба вітаць. А ты, беларус, сядзі пры лучыне, таму што табой кіруе Лукашэнка. Вось быў бы Мілінкевіч — была б зусім іншая размова. У сьвеце цяпер 400 энэргаблёкаў і яшчэ 100 будуць узводзіць. Чаму ж Беларусь ня мае права гэта зрабіць?”,

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Пётар Абрамовіч зь Берасьця.

У розных краінах сьвету сапраўды дзейнічаюць дзясяткі атамных станцый, сотні рэактараў. Электраэнэргія зь ядзернага паліва выпрацоўваецца ўжо на працягу паўстагодзьдзя. А выбух рэактара і жахлівая катастрофа за гэты час адбыліся толькі аднойчы — у красавіку 1986-га, на мяжы зь Беларусьсю. Выбухнуў рэактар расейскай вытворчасьці, які эксплюатаваўся расейскімі спэцыялістамі. Пасьля гэтага суседняя Літва прыняла рашэньне спыніць сваю Ігналінскую АЭС, якую будавалі тыя ж спэцыялісты і на якой усталяваны тыя ж рэактары. Цяпер беларускія ўлады праводзяць тэндар на будаўніцтва ўласнай АЭС. І ўжо сёньня відавочна, што найбольшыя шанцы на перамогу ў тэндары — у тых жа расейскіх прадпрыемстваў, якія пастаўлялі абсталяваньне ў Чарнобыль. Пры гэтым грамадзкасьць у Беларусі (у тым ліку сотні тысяч людзей, якія пацярпелі ад ядзернай катастрофы) фактычна ня мае магчымасьці ўплываць на рашэньні ўлады, якая без усялякіх рэфэрэндумаў вырашыла будаваць АЭС.

Пра тое, наколькі эфэктыўныя санкцыі Захаду супраць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач піша:

“Мы спадзяваліся, што ў сьпісы “неўязных” трапяць усе “вэртыкальшчыкі” — пачынаючы са старшыняў калгасаў і сельсаветаў. А выявілася, што санкцыямі зачапілі толькі самую верхавіну, астатнія ж пачуваюцца так, нібы нічога ня здарылася. Старшыня сельсавету езьдзіць, куды захоча. Матывацыю Захаду мы ведаем — маўляў, гэта адаб’ецца на шараговых грамадзянах, ні ў чым не вінаватых.

Але я так бачу, што Захад вядзе гульню з Лукашэнкам. Гандаль ідзе, крэдыты паступаюць, сумесныя прадпрыемствы ствараюцца. Краіны Эўразьвязу (Літва ды іншыя) павялічваюць таваразварот зь Беларусьсю, Латвія ды Ўкраіна навыперадкі прапануюць свае порты. Якія тут санкцыі, калі ўсе бачаць: галоўную ролю іграе рубель. Справядліва кажуць у нашых краях: “Абы грошы, граху ня будзе...” Дык навошта тады лішняя балбатня? Так і сказалі б людзям: “Гандаль для нас — галоўнае, а з правамі чалавека — як атрымаецца...”


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Нагадаю, спадар Сац, пра рэакцыю, якую выклікалі ў афіцыйным Менску эканамічныя санкцыі, уведзеныя ўрадам Злучаных Штатаў супраць дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”. Гэтая рэакцыя сьведчыць пра тое, што санкцыі — дзейнічаюць, і яны здольныя прынесьці адчувальны плён.

Што да візавых абмежаваньняў. Прынцып тут такі: у сьпіс “неўязных” заносяць не за пасаду, а за канкрэтныя ўчынкі. На сёньня ў гэтым сьпісе толькі высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам (усяго больш як 40 асобаў).

Аўтар наступнага ліста — Алесь Цадко з Маладэчна — разважае пра некаторыя адметнасьці і праявы цяперашняй афіцыйнай ідэалёгіі і выказваецца на тэму заходніх эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму. Слухач піша:

“У нас у Маладэчне на цэнтральнай плошчы рэстаўруюць помнік Леніну. На раённым сходзе камуністаў прысутнічаў колішні мэр, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Чурсін. Дадайце да гэтага адкрыцьцё рэстаўраванай “Лініі Сталіна”, дзейнасьць піянэраў, новага камсамолу... Карацей кажучы, поўны набор ідэалягічнага “саўка”. Што цікава: прапагандысты і агітатары камуністычнага мінулага, расхвальваючы нам тую мадэль, самі чамусьці імкнуцца жыць зусім па-капіталістычнаму: будуюць сабе новыя шыкоўныя палацы, дзяцей уладкоўваюць у прыватны бізнэс на цёплыя буржуйскія пасады альбо выпраўляюць жыць за мяжу.

Колькі размоў пра спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, а разьмясьцілі яго, нібы знарок, на непапулярным спадарожніку, і яго мала хто глядзіць, — піша Алесь Цадко з Маладэчна. — А Лукашэнка тым часам наладзіў праз тэлеканал “Беларусь-ТВ” прапаганду сваіх “саўковых” ідэй ня толькі ў Расеі (дзе праз кабельныя каналы дзівяцца на беларускі цуд, а ў расейскай глыбінцы нават моляцца на “бацьку”), але і на ладную частку Паўночнай і Цэнтральнай Амэрыкі.

Мядзьведжую паслугу робіць Беларусі Расея. Бо ўвесь наш эканамічны цуд грунтуецца на танных расейскіх нафце ды газе. А якая роля Заходняй Эўропы? Яны таксама найперш зацікаўленыя ва ўласных эканамічных інтарэсах, а таму не жадаюць з-за Лукашэнкі сварыцца з Крамлём. Дэкляратыўна асуджаючы рэпрэсіўны беларускі рэжым, яны, тым ня менш, не жадаюць прымаць супраць яго канкрэтных эканамічных санкцыяў. Вось пры такім раскладзе Лукашэнка будзе што заўгодна рабіць у сваёй краіне. Чыноўнікаў-злодзеяў будуць выпускаць на волю (як было з Жураўковай), а палітвязьні (Казулін ды іншыя) застануцца ў турмах”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Цадко з Маладэчна.

Да вашых, спадар Цадко, зусім слушных развагаў дадам некалькі ўдакладненьняў. Танныя расейскія газ і нафта, па сутнасьці, засталіся ў мінулым. Таннай нафты сёньня ўжо няма ўвогуле, а цэны на газ увесь час імкліва падвышаюцца, і ўжо названы тэрмін, калі яны будуць даведзены да эўрапейскага ўзроўню. На гэтым тле спакваля перасталі гучаць размовы і пра так званы “беларускі эканамічны цуд”.

Што да папрокаў на адрас Захаду — за санкцыі, якія вы лічыце недастаткова радыкальнымі і жорсткімі. Натуральна, любая краіна, любы ўрад дбаюць найперш пра ўласны народ і ўласную эканоміку. І наўрад ці справядліва было б патрабаваць ад іншых дзяржаў таго, што можа і павінен зрабіць сам беларускі народ ва ўласнай беларускай дзяржаве.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG