Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Донары ў Магілёве могуць страціць бясплатны праезд


Магілёўская ўправа аўтатранспарту намагалася скасаваць пастанову гарвыканкаму пра бясплатны праезд донараў у пасажырскім транспарце.

Транспартнікі зьвярнуліся ва ўправу юстыцыі з запытам: ці не супярэчыць пастанова гарсавету дэкрэту прэзыдэнта “Аб упарадкаваньні льготаў”. Ва ўправе юстыцыі адказалі, што не. Днямі гарсавет пацьвердзіў сваю пастанову. Там, аднак, пазначана: донары маюць права бясплатнага праезду толькі на адным відзе транспарту – аўтобусе альбо тралейбусе.

У сьнежні гарсавет пастанавіў: магілёўскія донары ў межах гораду будуць езьдзіць бясплатна. Высьветліць, чаму праз тры месяцы іх пазбавілі часткі льготы, не ўдалося.

Карэспандэнту “Свабоды” транспартнікі у прыватных гутарках зазначалі: такі намер быў у гарвыканкаму. Адна з супрацоўніц аддзелу пасажырскіх перавозак паведаміла:
У законе “Аб сацыяльных ільготах” ніводнага слова няма пра гэтую катэгорыю.

“Ёсьць закон “Аб сацыяльных ільготах”. У гэтым законе ніводнага слова няма пра гэтую катэгорыю. Перавозкі стратныя. Чаму транспартнікі павінны цярпець? За “дзякуй” ніхто цяпер ня хоча існаваць. Мы паліва й запчасткі набываем за грошы. Таму й ставілася пытаньне: хто нам будзе кампэнсаваць гэтую льготу?”

Паводле старшыні няўрадавай арганізацыі донараў “Кропля жыцьця” Ігара Каваленкі, на бясплатны праезд донараў выдаткоўваецца блізу 500 мільёнаў рублёў на год.

Спадар Каваленка, лічыць, што скасаваць транспартную льготу донарам намагаюцца чыноўнікі зь Менску, якія націскаюць на гарсавет і гарвыканкам:

“Пачаўся такі вось донарскі рух за бясплатны праезд па ўсёй Беларусі. У Берасьці падымалі гэтае пытаньне, у Горадні, а таксама ў Гомелі. Лепш адсекчы адну галаву ў Магілёве, чым у кожны рот, кожную вобласьць пакласьці па кавалку хлеба”.

У гарсавеце няма ўпэўненасьці, што транспартная льгота донарам застанецца на доўга. Працягвае Ігар Каваленка:

“Старшыня гарсавету Сьвістуноў прамовіў такую фразу: “Мы ня ведаем, што будзе заўтра. Можа нам скажуць заўтра й давядзецца скасоўваць бясплатны праезд у ганаровых донараў”.

17 красавіка гарсавет пастанавіў, што ганаровыя донары будуць атрымліваць праязныя білеты ў тралейбусным бюро й аўтобусным парку, аднак толькі пасьля перарэгістрацыі. Колькі ў Магілёве ганаровых донараў, на станцыі пераліваньня крыві ня ведаюць.Такой статыстыкі няма, кажа галоўны лекар станцыі Барыс Гольдэнбэрг, але колькасьць іх у Магілёве зьмяншаецца:
Людзям не даюць гарантыяў нават у такім разуменьні, як аўтарытэт альбо прэстыж.

“Многія тыя донары, якія былі рэгулярнымі, ужо ня хочуць здаваць кроў. Для таго, каб падтрымаць донарства – сапраўды, трэба, каб дзяржава, у тым ліку й дзяржаўныя арганізацыі, узьнялі імідж донарства. Мітусьня з аднаго боку ў другі, людзям не даюць гарантыяў нават у такім разуменьні, як аўтарытэт альбо прэстыж”.

На ўліку ў магілёўскай станцыі пераліваньня крыві знаходзяцца каля пяці тысяч донараў. Ад 2004 году іх колькасьць штогод зьмяншаецца на 8 працэнтаў.

Летась у чэрвені праводзіўся тыднёвы папераджальны страйк супраць скасаваньня льготаў. Донарам удалося захаваць саракапрацэнтную надбаўку да пэнсіі, магчымасьць сыходзіць у адпачынак у любы зручны час. Акрамя таго, толькі магілёўскія донары адстаялі бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах гораду.

Але ўсё ж іх пазбавілі дзьвюх важных кампэнсацыяў: пяцідзесяціпрацэнтнай зьніжкі на набыцьцё мэдычных прэпаратаў і бясплатнага пратэзаваньня зубоў.
XS
SM
MD
LG