Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 год у драўляным бараку жыве сям’я чарнобыльскага ліквідатара, былога дэпутата гарсавету Генадзя Гаўрусёва. Дом, які 80 год таму быў чырвонаармейскай стайняй, знаходзіцца непадалёк ад цэнтру Барысава.

Яшчэ пры жыцьці Генадзь Гаўрусёў, які памер амаль год таму, публічна адмовіўся аплачваць жыроўкі за карыстаньне, як ён пісаў, “трушчобамі, непрыдатнымі для жытла”. Цяпер акцыю супраціву працягвае ягоная сям’я.

Відовішча, што сустрэла мяне ў двухпакаёўцы на вуліцы Арджанікідзэ, 20, уражвала. Печка, счарнелая ад дыму. Шэрыя, сырыя, перакошаныя сьцены. Калёнка ў суседнім доме. На двары сьмецьце ды прыбіральня. У хаце сустрэлі спадарыня Алена Гаўрусёва з маленькім унукам ды 11-гадовай дачкой Марынай. Дачка мае “букет” хранічных захворваньняў – ад бранхіту да артрыту. Алена Ўладзімераўна гартае папку са шматлікімі адказамі ад інстанцый, якія называе адпіскамі:

“Асабіста выклікала камісію. Камісія складалася з прадстаўнікоў домакіраваньня і СЭС. Яны зрабілі заключэньне: “Дом адпавядае санітарна-тэхнічным нормам.” Арыгінал у мяне ёсьць. Адказ з жыладдзелу, што ў 2009 будзе рамантавацца страха. А нашто тая страха, калі няма ані сьцен, ані падлогі?! Дзьме з усіх бакоў. Бывала, на ўнутраных вокнах нарастаў сьнег на 5 см. Вада замярзала, а вы ведаеце, што гэта ніжэй нуля. А калі топім, пыл, бруд – няма чым дыхаць. Пасьля кожнага ацяпляльнага сэзону мне даводзіцца рабіць рамонт. У мяне пагніла ўся мэбля. Адзіная надзея – палічаць дом аварыйным, зьнясуць і дадуць нейкае жыльлё...”

“Фізычнае зношваньне складала 61 %... Наконт паляпшэньня жыльлёвых умоў – паведамляем, што Гаўрусёў... знаходзіцца на ўліку тых, хто мае патрэбу ў іх паляпшэньні...” Гэта радкі з даўняга адказу старшыні Барысаўскага райвыканкаму Васіля Дылюка. Адказ на мой сёньняшні запыт нядаўна ўступіўшага на пасаду намесьніка старшыні Юрыя Шэлягіна наступны:

“Гэтую сытуацыю я ня ведаю наогул...”

Камэнтар старшыні саюзу “Чарнобыль Беларусі” Аляксандра Валчаніна:

“Гэта адзіны выпадак на ўсю Беларусь, калі жывуць у канюшні 1920 году. Многія чыноўнікі думаюць, што ільготы ды сацыяльныя гарантыі чарнобыльцаў адмененыя. Ёсьць закон, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, дзе гаворыцца, што ўдзельнікі ліквідацыі карыстаюцца правам першай чаргі на жытло ды карыстаньне жыльлёва-камунальнай гаспадаркай, –- цьвердзіць ён. – Я зьвяртаюся, каб усе чыноўнікі Барысава і адміністрацыі прэзыдэнта, якія слухаюць ваша радыё, дапамаглі гэтай сям’і. У Бруселі я ўздыму гэтае пытаньне перад дэпутатамі Эўразьвязу...”

Запазычанасьць за жыльлё сямейства Гаўрусёвых хутка дасягне мільёну. Яшчэ год таму нябожчык паведаміў службам ЖКГ, што плаціць адмаўляецца. А вось што гаворыць сёньня ягоная жонка, спадарыня Алена:

“Плаціць ня буду – няма за што плаціць. Мне павінны плаціць, што такое “жыльлё” цягну на сябе...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG