Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз не плянуе ўводзіць новыя санкцыі адносна Беларусі – заявіў БелаПАН часовы павераны Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфэль.


«У нас ёсьць дакладная пазыцыя: 12 крокаў па дэмакратызацыі, візавыя абмежаваньні для беларускіх чыноўнікаў, замарожваньне іх рахункаў. Эўразьвяз пакуль не зьбіраецца рабіць нешта новае» - сказаў дыплямат.

Камэнтуючы ўвядзеньне Злучанымі Штатамі санкцый адносна канцэрну «Белнафтахім» прадстаўнік Эўракасмісіі заявіў, што гэтае пытаньне тычыцца «толькі адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю».

Спадар Хольцапфэль зазначыў, што зьніжэньне коштаў візаў для беларусаў магчымае толькі ў тым выпадку, калі Беларусь стане паўнавартасным удзельнікам эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. А для гэтага, паводле дыплямата, Беларусь павінна выканаць вядомыя 12 умоваў дэмакратызацыі, сфармуляваныя Эўразьвязам.

Спадар Хольцапфэль нагадаў, што былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Казулін дагэтуль утрымліваецца за кратамі. «Адным з 12 крокаў для пачатку паўнавартаснага супрацоўніцтва зьяўляецца вызваленьне ўсіх палітзьняволеных. Спадар Казулін, на наш погляд, зьяўляецца палітзьняволеным» - заявіў прадстаўнік Эўракамісіі.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG