Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 22 красавіка, аўторак.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


У Менску распачаўся суд над лідэрам прадпрымальнікаў зь Віцебску Сяргеем Парсюкевічам. Сёньня ж скончыўся суд над дзесяцьцю моладзевымі актывістамі дэмакратычнага апазыцыйнага руху, якія бралі ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Вось як слухачы “Свабоды” камэнтуюць гэтыя падзеі:

Анастас Семяновіч: “Таварышы лукашысты-бальшавікі! Пытаюся, да якога часу вы будзеце няславіць родную Беларусь? Вы думаеце, чым больш будзеце судзіць патрыётаў Беларусі, тым менш яны будуць выяўляць сваю незадаволенасьць? Гэтыя патрыёты на 100—1000% маюць рацыю”.

Спадар: “Панове правіцелі, судзьдзі! За што вы судзіце і караеце бязьвінных людзей? Утрымліваеце ў вязьніцы невінаватага Аляксандра Казуліна? Падумайце, які пажыцьцёвы грэх ня сябе бераце!”

У суботу, 26 красавіка, спаўняецца 22 гады аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З гэтай нагоды пытаньне слухача:

Міхал Сівы, Меншчына: “Цікава даведацца, пра чые інтарэсы дбае вядомы навуковец-ядзершчык Станіслаў Шушкевіч зь ягонай марай пра будаўніцтва беларускай АЭС?”.

Адказвае паплечнік Станіслава Шушкевіча ў партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада”, палітык Сяргей Скрабец:

“Я падзяляю пазыцыю Станіслава Шушкевіча ў гэтым пытаньні. Нафта каштуе ўжо 117 даляраў за барэль і будзе далей даражэць. Акрамя таго, такіх станцыяў вакол Беларусі вельмі шмат. Будзе яна ў нас пабудаваная ці ня будзе — гэта не паўплывае на нашую бясьпеку. Такая станцыя неабходная нашай краіне. Але хто яе будзе будаваць і якія сыстэмы бясьпекі будуць выкарыстаныя — гэта вельмі важнае пытаньне”.

Далей слухач задае яшчэ адно пытаньне:

Спадар: “Хочаце навіну? У мястэчку Копысь, дзе філіял Аршанскага малочнага камбінату “Аршанская зорка”, пачалі выпускаць новы сыр. Цана 17500. Але ў яго своеасаблівая назва — “Купалаўскі”. Тут калгас былы імя Янкі Купалы, цяпер СПК “Купалаўскі,” павінен зьявіцца сыр “Купалаўскі”. Калі так далей пойдзе, у Александрыі пачнуць выпускаць тушонку “Пракаповіч”. Я вось думаю, ці можна зьвязваць назвы сыроў зь імёнамі нашых вялікіх пісьменьнікаў? Вось такое пытаньне”.

Адказвае намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, пісьменьнік Барыс Пятровіч:

“Мне падаецца недарэчным, што зараз працягваюць выпускаць каўбасу “Савецкую”, а таксама ўсе гэтыя расейскія, маскоўскія назвы выкарыстоўваюцца. Магчыма, і сапраўды сьмешна тое, што робіцца там, пад Копысем. Але ў кожным разе людзі пачынаюць арыентавацца на сваё, а не на суседзкае”.

Праграму працягвае вершаванае выказваньне нашага слухача:

Спадар: “У 1870 годзе нарадзіўся сьветач Ульянаў (Ленін). Ленін, потым Коба-Джугашвілі растрэльныя справы ніткамі шылі. Беларусаў стралялі ў Курапатах, палякаў у катынскім лясу. Была “зялёная вуліца” чырвонаму калясу”.

Спадарыня Соф’я: “Паважаная “Свабода”! 19 красавіка прагучала перадача “Лісты на Свабоду”. Спадар Жданко зачытаў ліст, які быў дасланы з Вушачаў. У ім гаварылася пра хлопчыка, якія стаў інвалідам, катаючыся на незамацаваных арэлях. Ён зламаў абедзьве нагі, якія дактары склалі кепска. Яму зараз абавязкова патрэбна выехаць за мяжу, каб спэцыялісты паставілі яго на ногі. Мая прапанова: бацькі павінны адкрыць рахунак у банку і пра яго напісаць у газэту “Народная Воля”. У нас шмат добрых людзей. Можа, ім дапамогуць. З павагай”.
XS
SM
MD
LG