Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гразнова: “Гэта новы віток у рэпрэсіўных дзеяньнях уладаў”


У судзе Маскоўскага раёну Менску распачаўся суд над лідэрам прадпрымальнікаў зь Віцебску Сяргеем Парсюкевічам. Падтрымаць яго прыйшлі прадпрымальнікі, палітыкі, праваабаронцы, аднадумцы і сябры.


Карэспандэнтка: “Алесь Таўстыка і ягоныя паплечнікі-прадпрымальнікі прыйшлі ў суд як сьведкі”.

Таўстыка: “Мы чулі сваімі вушамі, што Сяргей крычаў і прасіў дапамогі, што яго б’юць і душаць. І гэта ўсё на сумленьні тых апрычнікаў, якія служаць гэтаму рэжыму”.

Карэспандэнтка: “Вас як сьведку выклікалі ў суд ці вы прыйшлі самастойна?”

Спадар: “Мяне зваць Карэн Акопаў. Я прыйшоў на гэты працэс па ўласным жаданьні, каб заявіць пра тое, што я чуў, калі знаходзіўся ў камэры насупраць. Я чуў, што Сяргей Парсюкевіч крычаў: ратуйце, людзі, мяне забіваюць. Я думаю, што гэта проста сваволя”.

Карэспандэнтка: “Сьведкі з боку пацярпелага. Скажыце, калі ласка, хто вы?”

Спадарыня: “Супрацоўнік спэцпрыёмніка”.

Карэспандэнтка: “Што скажаце вы?”

Спадарыня: “Нічога не скажу. Мне няма чаго сказаць”.

Карэспандэнтка: “Але ж вы нешта будзеце сьведчыць на судзе?”

Спадарыня: “Ня ведаю. Што будуць пытацца”.

Карэспандэнтка: “А вы хто?”

Спадар: “Супрацоўнік”.

Карэспандэнтка: “Чаго?”

Спадар: “Якая розьніца? Супрацоўнік проста. Нічога казаць мы ня будзем”.

Карэспандэнтка: “Чаму?”

Спадар: “На судзе ўсё скажу, і гэтага будзе дастаткова”.

Карэспандэнтка: “Зараз побач са мной прадстаўнікі Віцебшчыны: прадпрымальнікі, праваабаронцы, якія прыехалі падтрымаць Сяргея Парсюкевіча”.

Спадарыня: “Яму надзелі кайданкі і спрабавалі задушыць. Супраць яго ўжывалі супрацьпраўныя дзеяньні, а ня ён. У тым стане, у якім ён там знаходзіўся, я ня думаю, што можна было б некага зьбіваць. І ведаючы Сяргея, я думаю, што гэтага ён бы сабе проста не дазволіў”.

Карэспандэнтка: “Назавіцеся, калі ласка”.

Спадарыня: “Я Алена Фаміна. Я на Віцебшчыне адказваю за працу камітэта ў абарону рэпрэсаваных”.

Спадар: “Я Аляксей Аўруцікаў, я сябар Сяргея Парсюкевіча. Ён жа прадпрымальнік, і іх жа ўзялі падчас акцыі прадпрымальнікаў у студзені. І гэта палітычны працэс, каб запалохаць прадпрымальнікаў. Бо вы ж зразумейце, ён — лідэр, на яго зважаюць. І калі лідэра пасадзіць, то ў іншых элемэнт страху будзе прысутнічаць”.

Карэспандэнтка: “Спадарыня Людміла Гразнова, вы таксама прысутныя ў судзе?”

Гразнова: “Так, як просты чалавек, які спачувае тым, каго судзяць, каго несправядліва садзяць у гэтую клетку. Трэба падтрымліваць такіх людзей, як Сяргей Парсюкевіч, бо гэта нагадвае гестапаўскія часы”.

Карэспандэнтка: “Сёньня адбываецца таксама суд над Паўлам Севярынцам, над моладзьдзю, якая брала ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Як вам падаецца, ці можна іх зьвязваць у нейкую адну сыстэму?”

Гразнова: “Гэта ўсё прадумана, каб суды былі ў адзін дзень і ў адзін час. Каб нас разьдзяліць, каб не прыйшлі ўсе разам у адзін суд. І каб яшчэ раз усіх запужаць. Я думаю, што гэта новы віток у рэпрэсіўных дзеяньнях улады”.
XS
SM
MD
LG