Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якім дзень 26 красавіка 1986 году застаўся ў памяці сучасьнікаў? Успамінамі дзеліцца беларускі дыплямат Пятро Садоўскі і музыка Лявон Вольскі.

Вольскі:
«Я правёў гэты дзень на дзембельскай працы ў войску. Маляваў плякаты з правіламі дарожнага руху. На жаль, рабіў я гэта на вуліцы – баюся, што хапануў пэўную дозу, бо на Слуцак пайшло там нешта. Выдатнае было надвор’е: начапіў нават, памятаю, акуляры на сябе – у мяне былі шыкоўныя сонцаахоўныя акуляры “а-ля амэрыканскі шэрыф”. Мне было можна, бо фактычна апошнюю сваю працу рабіў. Мне ўсе зайздросьцілі: хутка дзембель. І я вось на гэтых вялізных мэталёвых стэндах вісеў на лесьвіцы, маляваў там знакі, тлумачэньні да знакаў, страшна задаволены. Сабой, тым, што дахаты мне ўжо хутка, што скончылася нарэшце ўсё гэта... засталося адну вялікую працу зрабіць ды ўсё. І прырода цудоўная навокал, цёплае веснавое сонейка... І тады гэта хавалася ўсё, ніхто нічога ня ведаў...”

Карэспандэнтка: “А як Вы даведаліся, што здарылася на ЧАЭС?”

Вольскі: “Калі вярнуўся дахаты. Прыкладна праз месяц. А так усё было засакрэчана, нейкія толькі плёткі ішлі ды ўсё.”

А вось што згадвае вядомы беларускі лінгвіст, колішні амбасадар Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне Пятро Садоўскі:

Садоўскі:
“Акурат у гэты дзень я са знаёмцам прайшоўся ад вакзалу да Палацу мастацтваў пешкі па праспэкце. Надвор’е было цудоўнае, і вось мы па сонечным гэтым праспэкце прайшліся. Прыехаў дахаты ў Серабранку і няздольны з канапы быў падняцца. Ногі гэтак разбраклі, сьцёгны – што ня мог сьцягнуць зь сябе штаны. Вось гэта была такая зьява... Ну, незразумелая! Прыйшоў, лёг на канапу, нейкая гэткая слабасьць, санлівасьць, праляжаў гадзін пяць,ь – мусіць, нешта такое было і над Менскам таксама...”

Карэспандэнтка: “А калі вы даведаліся, што адбылося?”

Садоўскі: “Дачка наша паехала да бабы ў Гомель. І там яна хадзіла на ўсе тыя дэманстрацыі і гэтак далей. І ад дачкі раздаўся званок празь дзень ці два. Ды мой брат яшчэ, я даведаўся, – ён добраахвотнікам паехаў са Слуцку і прабыў 42 дні, у тым ліку шэсьць дзён каля рэактара. І вось тады мне званіла ягоная жонка. Афіцэр запасу – і добраахвотна паехаў. А цяпер вось у яго няма ўжо ніводнага зуба, зрэнкі ўстаўленыя штучна – ён асьлеп фактычна. Рука ня гнецца, ліхаманка б'е...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG