Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Парсюкевіча і П.Севярынца чакае Маскоўскі суд


У Менску сёньня пачнуцца два працэсы: над лідэрам віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргеем Парсюкевічам і моладзевым актывістам Паўлам Севярынцам.

Прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча пачнуць судзіць сёньня апоўдні, а маладога палітыка Паўла Севярынца – а дзясятай гадзіне раніцы. Паўла Севярынца абвінавачваюць у парушэньні парадку збору подпісаў, яму пагражае грашовы штраф, а вось становішча прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча больш сур’ёзнае – максымальнае пакараньне паводле абвінавачаньня ў зьбіваньні міліцыянта – да шасьці гадоў зьняволеньня. Адвакат Вера Страмкоўская 21-га красавіка бачылася зь Сяргеем Парсюкевічам у менскім сьледчым ізалятары і кажа, што да суду ён падрыхтаваны:

“Атрымаў пастанову аб перадачы справы ў суд і падрыхтаваўся, у тым ліку юрыдычна і маральна. Адзіная праблема – ён кепска сябе адчувае, да яго нават выклікалі лекара”.

Адвакат Вера Страмкоўская заяўляе, што сёньня разам з падабаронным паспрабуе даказаць суду яго невінаватасьць.

Жонка Сяргея Парсюкевіча Натальля з сынам прыедуць у аўторак зь Віцебску, каб прысутнічаць на працэсе. Натальля Парсюкевіч перакананая ў невінаватасьці мужа, якога ведае як вельмі стрыманага чалавека.

“Ня веру, што ён першым ударыў і ўвогуле, што ўдарыў. Можа хіба адштурхнуў, але толькі таму, што яго душылі, а ён і так хворы на астму. Што яшчэ рабіць, калі душаць... Але каб біцца? Я ведаю яго добра, мы жывем ужо 17 год”.

Нагадаю, абвінавачаньні пракуратуры на адрас Сяргея Парсюкевіча грунтуюцца на паказаньнях Аляксандра Дулуба, які служыць ахоўнікам турмы на Акрэсьціна, дзе ўтрымлівалі ўдзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня, у тым ліку Парсюкевіча.

Былога лідэра “Маладога фронту” і палітвязьня Паўла Севярынца прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці за быццам незаконны збор 50-ці тысяч подпісаў пад просьбай палепшыць законы, якія рэгулююць рэгістрацыю і дзейнасьць рэлігійных аб’яднаньняў. Павал Севярынец камэнтуе абвінавачаньне:
“Як казаў адвакат і пагаджаўся пракурор, любога кандыдата на прэзыдэнта можна за нейкую памылку ў подпісы штрафаваць на суму ад 20 да 50 базавых велічынь. Але гэта абсурд. Хіба можа любая памылка быць парушэньнем у зборы подпісаў?”

Карэспандэнт: “А ў вас колькі памылак знайшлі?”

“Пакуль ніводнай, судзяць за ўсе разам. Маўляў, што не зьвярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію, каб зарэгістраваць ініцыятыўную групу”.

Паводле Паўла Севярынца, найбольш улады абурыліся тым, што ініцыятары зьменаў у закон ня толькі сабралі ажно 50 тысяч подпісаў і накіравалі іх ва ўладныя структуры, але копіі даслалі ў міжнародныя арганізацыі.
XS
SM
MD
LG