Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў, што рост усясьветных цэнаў на харчаваньне можа зьнішчыць усе высілкі міжнароднай супольнасьці ў барацьбе зь беднасьцю.

Ва ўсім сьвеце назіраецца рэзкі рост цэнаў на харчаваньне. За мінулы год цана пшаніцы падвоілася. У шэрагу краінаў Азіі і Афрыкі адбываюцца галодныя бунты. У лютым Харчовае агенцтва ААН заклікала да дадатковых выдаткаў памерам паўмільярда даляраў, каб забясьпечыць харчаваньне тым, хто яшчэ нядаўна мог пракарміць сябе сам.

На пачатку красавіка старшыня Ўсясьветнага банку Робэр Зэлік паведаміў, што цяперашні рост цэнаў на харчаваньне можа кінуць у галечу яшчэ 100 мільёнаў чалавек у сьвеце. Паводле яго сёньня, скажам, у Бангладэш два кіляграмы рысу каштуюць беднай сям'і палову дзённага заробку.

Напачатку стагодзьдзя краіны ААН прынялі праграму “Мэты ўсясьветнага разьвіцьця”, якая, апроч іншага, прадугледжвала скарачэньне беднасьці ў сьвеце ўдвая да 2015 году.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, выступаючы сёньня на канфэрэнцыі ў пытаньнях гандлю, заявіў:

“Калі мы не пераасэнсуем нашы стратэгіі, мы парушым нашы абяцаньні мільёнам бедных ва ўсім сьвеце. Як папярэдзіў старшыня Ўсясьветнага банку Робэрт Зэлік, рост усясьветных цэнаў на харчаваньне можа азначаць, што 7 гадоў нашай працы па “Мэтах усясьветнага разьвіцьця” былі страчаныя. Мы будзем адкінутыя назад”.

Экспэрты даюць розныя тлумачэньні харчовага крызысу. Шмат у якіх краінах хваробы расьлінаў зьменшылі прапанову харчаваньня. Зь іншага боку рост узроўню жыцьця ў такіх шматлюдных краінах, як Кітай і Індыя, спарадзіў рэзкі рост попыту на харчаваньне.

На рост цэнаў на ежу паўплываў і рост цэнаў на паліва. Больш таго, рост цэнаў на паліва робіць выгадным вытворчасьць біяпаліва з кукурузы і збожжа. А гэта яшчэ больш зьмяншае прапанову харчаваньня і спрыяе росту цэн на яго. Старшыня Міжнароднага валютнага фонду Дамінік Строс-Кан кажа, што перапрацоўка збожжа ў паліва, калі людзі галадаюць – гэта маральная праблема, ён прапануе ўвесьці часовую забарону на вытворчасьць біяпаліва.

У сувязі з ростам цэнаў на харчаваньне шмат краінаў – ад Віетнаму да Казахстану – увялі абмежаваньне на вываз рысу і пшаніцы. Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун мяркуе, што гэтыя экспартныя абмежаваньні пагражаюць стварыць дыспрапорцыі ва ўсясьветным гандлі і ў рэшце рэшт пагоршыць становішча з харчаваньнем:

“Калі не прыняць належныя рашэньні, гэты харчовы крызыс можа выклікаць каскад іншых крызысаў, зрабіцца шматмернай праблемай, закрануць эканамічны рост, сацыяльны прагрэс і нават палітычную бясьпеку ва ўсім сьвеце”.

На наступным тыдні ў Швэйцарыі адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў ААН, Усясьветнага банку і МВФ, на якой будзе вырашацца, што сьвет можа зрабіць супраць харчовага крызысу.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG