Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпартаж ад брамы суду Цэнтральнага раёну Менску.



Прысуду ўдзельнікам “Працэсу 14-ці” ля брамы суду Цэнтральнага раёну Менску чакалі некалькі дзясяткаў чалавек. Сябрам абвінавачаных і палітыкам, сярод якіх былі Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Анатоль Сідарэвіч, адмовілі ва ўваходзе ў судовую залю на звыклай падставе — для ўсіх, хто жадае назіраць за працэсам, нібыта не хапае месца.

Двое блізьнюкоў-спэцназаўцаў пры браме суду фільтравалі ахвотных прайсьці ў судовую залю. Прысутныя з гэтай нагоды жартавалі: няўжо ў сыстэме МУС ужо пачалі “клянаваць” сваіх байцоў.
Cправа Кіма дакладна развалілася на 100%

Па дарозе на працэс перахапіў падсуднага Антона Койпіша, які раздаваў журналістам асобнікі свайго апошняга слова, якое меўся сказаць на судзе:

“Я мяркую, што справа Кіма дакладна развалілася на 100%. Што да нашай справы, то тут спрэчны момант. Калі фармальна падыходзіць да доказаў, то яна таксама разваленая. Але гэта толькі фармальна. Бо ўсім зразумела, што мы там дзесьці былі”.

Зьміцер Хведарук, як і некаторыя іншыя моладзевыя актывісты, прысуду калегам чакаў на вуліцы:

“Так рэжым апошнім часам і дзейнічае, паказваючы праз суд, што ніякага закону няма і нават такую сфабрыкаваную справу яны даводзяць да канца і выносяць нейкі вырак. І гэта яшчэ паказьнік таго, што, на жаль, мы ніяк ня можам паўплываць на гэтую сытуацыю”.

Карэспандэнт: “Сёньня вас у залю не пусьцілі на якой падставе?”

“Кшталту — няма месца. У залю запускалі некалькі чалавек, і то таму, што падсудныя выходзілі і казалі, што ня пойдуць у залю, пакуль туды не запусьцяць іхных сяброў”.

Міколу Статкевіча блізьнюкі-спэцназаўцы таксама забракавалі. Пра пэрспэктывы судовага працэсу ён такой думкі:
Працэс 14-ці” намагаюцца правесьці ў максымальна сьціслыя тэрміны

“Зараз у беларускай юрыспрудэнцыі не існуе разваленых палітычных справаў. У мяне, ведаеце, падчас палітычнага працэсу па справе 2004 году на відэа было адно, а ў тлумачэньнях было зусім іншае. Але судзьдзя на гэта не зважаў і “адважыў” тры гады хіміі. Таму, я перакананы, ёсьць палітычная замова і прысуд ужо даўно вядомы. І яго проста зачытаюць, не зважаючы на тое, што хто казаў”.

Павал Севярынец кажа, што “Працэс 14-ці” намагаюцца правесьці ў максымальна сьціслыя тэрміны. Хоць, як сьведчыць практыка, звычайна такія сур’ёзныя справы разглядаюцца не адзін месяц. А гэта сьведчыць пра тое, што палітычны працэс супраць моладзі “замоўлены”:

“Улада імкнецца максымальна сьціснуць тэрмін разгляду. Па 10 чалавеках нармальны працэс з захаваньнем усіх нормаў доўжыцца тыднямі, а то і месяцамі. Але тут у нас усё хуценька — судовы канвэер, расправа. Тут усё залежыць, натуральна, не ад сьведчаньняў, не ад юрыдычнай працэдуры, а ад загаду. Рэжым дае загад, а ў нас карная сыстэма, а не судовая, і тут ня судзяць, а караюць па палітычных справах. Таму, думаю прысуд будзе абвінаваўчы. Але я веру, што нашу моладзь такімі прысудамі не зламаць”.

Усе вулічныя акалічнасьці “Працэсу 14-ці” фіксавала на відэакамэры здымачная група Беларускага тэлебачаньня. Тройка апэратараў і журналістаў разьмясьцілася на ўзгорку насупраць будынку суду, ловячы ўсякую актыўнасьць на подступах да яго. Дзяжурныя міліцыянты нават дазволілі заехаць на газон аўтамабілю тэлерадыёкампаніі. Праўда, калі ад судовай брамы фатографы спрабавалі “выхапіць” твары тэлевізійнікаў, тыя сарамліва хаваліся за апаратурай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG