Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзятлава ня стане “забітым”, бо тут беларусы-“заходнікі”!”



Кілямэтраў за 20 ад Дзятлава раптоўна перастаў працаваць “сотавік”. Пасьля, праўда, даведаўся, што “зон”, куды не даходзіць сыгнал, тут шмат — горад геаграфічна знаходзіцца ў міжгор’і. На маю прапанову патлумачыць зьяву тутэйшая прадстаўніца МТС Алена Пачабой прапанавала зьвярнуцца да яе кіраўніцтва... у Гародні. Бітую гадзіну бадзяўся па вуліцах 9-тысячнага гарадка — людзі беглі ад мікрафона, як ад чумы. Прычыны празьмернай абачлівасьці тутэйшых мне патлумачыў адзін дзятлаўчанін.

Спадар: “У нас вялікі адсотак працаздольных беспрацоўных — паўтары-дзьве сотні. А рэальна ў Дзятлаве можна працаваць толькі ў дзяржустановах. Прадпрымальнікі вельмі дробныя, неарганізаваныя — “мая хата з краю...”

Ад адной дзятлаўскай патрыёткі пачуў я і пратэст супраць крыўдных словаў на адрас землякоў:

Юргелевіч: “А хто гэта вам сказаў! Дзятлава не забіты горад, ён ня горшы за іншыя. І мы ж беларусы-“заходнікі”, як казаў Генрых Далідовіч...”

Так пачалася сустрэча з маёй калегай, Леанардай Юргелевіч. 37 гадоў яна рабіла ў мясцовай газэце “Перамога”. Да забароны афіцыйнага выхаду “Народнай волі” была яе ўласным карэспандэнтам. Цяпер, паводле яе словаў, “беспрацоўны дысыдэнт”. Выпусьціла праз “Вожык” кнігу гумарыстычных апавяданьняў, якую назвалі “літаратурнай жамчужынай”. Але, слухаючы гісторыі зь яе жыцьця, узгадваў Дастаеўскага — “найбольш сьмяюцца тыя, у каго душа баліць...”






Юргелевіч: “Мой муж на працы атрымаў працоўную траўму. Ён быў брыгадзірам тынкоўшчыкаў. Выбівалі балку, і яна ўпала на яго. Нага траўмавалася крыху вышэй за костку. Дактары прыйшлі да высновы — патрэбна апэрацыя. Яе можна было зрабіць толькі ў Гродне. Трэба было вымаць пабітыя косьці і сасуды. Прыехаў адтуль доктар Барыс Кар’еў. Зрабіў апэрацыю і пакінуў. Ляжаў муж тры месяцы — гніў зажыва. Як павернецца, лужа крыві ды гною. Я прасіла: пашліце яго ў Гродна, ён памрэ! А яны толькі перавязвалі — “нічога, паправіцца”. Потым муж возьме градусьнік у руку — ртуць упіраецца да канца. Гэта былі гангрэна ды сэпсіс...”

Спадарыня Леанарда, дзень выхадзіўшы па калідорах Міністэрства аховы здароўя ў Менску, дамаглася, каб чыноўнік патэлефанаваў у райбальніцу і даў каманду перавесьці мужа зь Дзятлава. Яна працягвае.

Юргелевіч: “Завезьлі-ткі ў Гродна, і там урач кажа: яшчэ суткі — і нікуды б ня трэба было везьці. Пасьля ўрач-раёншчык сказаў мне: я аднаго такога адправіў, дык мне вымову далі. Гэта сыстэма! Ня дай Божа жыць у краіне, дзе ты бяспраўны!”

Разам са спадарыняй Леанардай ідзем да 61-гадовага спадара Валерыя Петрыкевіча. Усё жыцьцё працаваў настаўнікам фізкультуры, кандыдат у майстры спорту па дзесяцібор’ю. Лічыцца галоўным тутэйшым апазыцыянэрам, сябра цэнтральнай рады БСДГ Казуліна. Валеры Вячаслававіч гасьцінна накрывае на стол. Кажа, інакш не пачуеце ад мяне ані слоўца. Дапамагаем, бо яму завіхацца цяжка: некалькі год таму, упаўшы, гаспадар пераламаў дзьве тазавыя косьці. У выніку атрымаў складаную хваробу, калі кальцый вымываецца з касьцей. Таму й ня здолеў пабываць на пахаваньні вельмі шанаванага ім Янкі Брыля...






Петрыкевіч: “Бацька мой сябраваў з Брылём з часоў Вялікай Айчыннай. З Калесьнікам вучыўся, зь Фёдарам Янкоўскім. У гасьцях бывалі Алесь Адамовіч і Караткевіч. Я мудрасьці набіраўся ад гэтых людзей...”

Дадам — і мужнасьці. Спадар Петрыкевіч узгадвае.

Петрыкевіч: “У 90-я гады наш першы сакратар партыі быў Вырко. Выбары ў Вярхоўны Савет.А залатыя вырабы людзі “штурмавалі” чэргамі — грошы ж былі. Пайшлі чуткі, што ён браў за іх з чорнага ходу. Гэта й было на самай справе. Прыяжджалі з райкаму — “трэба камісія з камуністаў”. Зрабілі сход, я кажу: прабачце, справядлівая камісія, калі там ня будзе камуністаў! Народ — за Петрыкевіча! Я пішу лістоўку — “ня верце гэтым служкам партыі”! І з сябрамі фотакружка начамі зрабілі іх паўтысячы. І па крамах! І не прайшоў гэты Вырко!”

Карэспандэнт: “Чаму сёньня ў вас ніхто не разьвешвае такія лістоўкі?”

Петрыкевіч: “Ня кожны здолеў задушыць у сябе раба...”

Слова просіць спадарыня Юргелевіч, якая дагэтуль маўчала.

Юргелевіч: “Ведаеце, чаму я ня стала камуністам? Мой бацька, селянін, сказаў мне: на чыім возе паедзеш, таму і песьні сьпявай. Калі яму было 12, памерла маці, калі 14 — бацька. І ён пасьвіў каровы, жыў у людзей. Пакахаў дзяўчыну з багатай сям’і. І бацька яе сказаў: калі ты будзеш мець каня, хату, зямлі набудзеш, я аддам за цябе дачку. Не — выбачай. І тата працаваў. Купіў каня, зямлі, пабудаваў зруб. Цесьць аддаў дачку, бо бачыць, што не гультай. І тут 39 год. Прыйшлі “вызваліцелі”. “Вызвалілі” ад усяго. У 44 годзе, калі савецкія войскі прыйшлі на нашу зямлю, трэба было ісьці на фронт. Бацька быў ня супраць ваяваць супраць фашыстаў, але сказаў: “я ня буду прысягаць савецкай арміі”. І шмат год валіў лес у Сыбіры. Апухлыя, невядома якія — выжылі нямногія. Ён прыйшоў, а мая маці чакала 14 год. Нарадзіліся дзьве дачкі...”

У выніку кадравых ператрусаў за апошнія 5 год у Дзятлаве зьмяніліся 4 кіраўнікі вэртыкалі. Зьмены ня сталі пераменамі, цьвердзіць Валеры Петрыкевіч.

Петрыкевіч: “Мяне засмучае, што ва ўладзе памяняліся людзі ня лепшага гатунку і ня самыя адукаваныя. Прыйшоў Більчык, якога ў народзе называлі Вінчык. Ён разумеў, відаць, што нічога ня зрушыць і хай як цячэ плынь, так і цячэ. Цяпер раён заняў першае мейсца ў трэцяй групе па эканоміцы. Трэцяя група — малыя гарады, дзе няма прадпрыемстваў, як у нас. Першае мейсца наша атрымалася толькі таму, што на тэрыторыі раёна ёсьць Казлоўшчынскі вінна-гарэлачны. Асноўны даход — ад гарэлкі і віна...”

* * *

Са спадарыняй Юргелевіч мы сустрэліся ля помніка Ігнату Дварчаніну. У 90-х з ініцыятывы тутэйшай грамадзкасьці помнік быў пабудаваны ў цэнтры гораду. Дварчаніна тут называюць “галоўным нацыянальным героем дзятлаўскай зямлі”. З уласьцівай ёй эмацыйнасьцю спадарыня Леанарда ўзгадвае.

Юрелевіч: “Усе пісьменьнікі, паэты прыехалі — гэта было ўрачыста, узьнёсла! Я ўвосень езьдзіла ў вёску Ігната Дварчаніна. Нашчадак яшчэ жыве — Мікалай Мікалаевіч Дзядовіч — працуе доктарам у санстанцыі. У яго сядзіба ўся ў кветках...”

У мясцовым краязнаўчым музэі Ігнату Дварчаніну прысьвечана цэлая заля. Мы абыходзім яе з навуковай супрацоўніцай Тамарай Вікенцеўнай Палховіч.






Палховіч: “Дварчанін заслугоўвае, каб яму быў пастаўлены помнік. Ён і палітык — быў дэпутатам польскага сэйма. Ён паэт, перакладчык, літаратуразнаўца. Атрымаў ступень доктара філязофіі за працу, прысьвечаную Францыску Скарыну. У Празе ва ўнівэрсытэце яго пакідалі выкладчыкам, але ён прыехаў на Радзіму. Ён адтуль пісаў: “О Беларусь! О край мой мілы, старонка родная мая! Тут расказаць ня маю сілы, што адчуваю сэрцам я...” Гэта 20-я гады XX стагодзьдзя. Ён сядзеў у турме, перасьледаваўся...”

Мне абавязкова параілі наведаць шматдзетную сям’ю Асіпукоў. Уласна, гэта не зусім тое, што сям’я ў традыцыйным разуменьні. У 46-гадовай маці, спадарыні Людмілы, 11 дзяцей — двое сваіх, астатнія прыёмныя. “РС” мая суразмоўніца даверыла, як кажа, “патаемнае”.

Людміла: “Мяне калісьці спаралізавала, не магла гаварыць, хадзіць. І я маліла: божа, калі ты даруеш мне жыцьцё, буду на гэтай зямлі рабіць, што скажаш. У гэты момант зайшла маці, і я загаварыла. І тады я стала шукаць, што павінна рабіць. І калі ўключала ТБ, радыё, заўжды было пра дзяцей- сірот. І аднойчы перада мной упаў каляндар, дзе было запрашэньне ў Нацыянальны цэнтар па ўсынаўленьні дзяцей-сірот. Знак, чым павінна займацца...”

З падвоенай цікавасьцю слухаю гісторыю сямейства. Яна падобная да захапляльнага кіно...

Людміла: “Першую мы ўдачарылі Карыну, дзяўчынку 5 месяцаў. Муж таксама выхоўваўся ў дзіцячым доме з трох год. У нас два хлопчыкі нарадзіліся, а яму вельмі хацелася, каб дзяўчынка. Мы жадалі гадаваць яе з самага нараджэньня. Яна была слабенькая — кілё 200 грам. Пасьля ў дзіцячым доме ўбачылі хлопчыка Андрэя. У яго былі чорыя-чорныя вочы, як у майго біялягічнага сына. Адначасова аформілі дакумэнты на цемнаскурага Майкла 12 год...”

Людміла кажа, што зрабіла цалкам сьвядомы выбар.

Людміла: “А ім вельмі цяжка ў нас жыць! Майкл увайшоў зараз у дзясятку лепшых праграмістаў унівэрсытэта. Яго запрасіла нейкая амэрыканская фірма. Зараз працуе і вучыцца. Памёр мой муж ад сардэчнага прыступу. І калі сталі афармляць дакумэнты на дапамогу па страце кармільца, высьветлілася, што ў Андрэя нашага ёсьць два браты ў Дзятлаўскай школе-інтэрнаце. Мне захацелася, каб яны былі разам. А Карына папрасіла сястру. У цэнтры ўдачарэньня мне прапанавалі мараканку Моніку — 4 гадкі. Мы вырашылі яе ўдачарыць...”

Карэспандэнт: “Ты кажаш “мы”...”

Людміла: “Я заўсёды раюся са старэйшымі дзецьмі, якія таксама выхавацелі. Цяжка. Дапамогу павялічылі зь лютага. А да гэтага было па 150 тысяч, за якія нельга апрануць і пракарміць дзіця. А дзеці хварэюць. Гэта маючы дом, за які трэба за газ плаціць 400 тысяч і за сьвятло напальваем 70...”

Двухпавярховую сядзібу набыў для Асіпукоў Нацыянальны цэнтар усынаўленьня. У астатнім выжываюць самі — уласныя гаспадарка, цэнтар вытворчасьці помнікаў, старэйшыя працуюць. Кажуць, дзяржава ў дзяржаве. Узаемная любоў ды самаахвярнасьць, здаецца, разьліта па ўсіх пакоях. Кажа маці Людмілы — Ніна Міхайлаўна.

Маці: “Шкадую ўсіх дзяцей. Зь дзяцінства дачка зьбірала дзяцей вакол сябе. Але што столькі будзе, не магла ведаць...” (Сьмяецца.)

Раблю здымак Асіпукоў на памяць. Каб не адцягваць увагі дзяцей ад аб’ектыву, знаёмлюся зь імі.






Дзеці: “Вадзік, 10 год... Лена,7 год...Валера, 10... Валя, 6... Мы разам робім урокі, разам гуляемся... Наша любімыя гульні хованкі, лялькі...”

Карэспандэнт: “Вы любіце адно аднаго?”

Дзеці: “Так... так...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG