Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Працэс 14-ці". Прысуд вынясуць у аўторак <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


ТЭМА ДНЯ. Пракурор Рымашэўскі просіць пакараць абвінавачаных пазбаўленьнем і абмежаваньнем волі на тэрміны 2 - 2,5 года.


17.00
Абвешчаны перапынак да 11 гадзін аўторка. Судзьдзя пайшла пісаць прысуд.

17.55 Андрэй Кім заявіў у апошнім слове, што ён не вінаваты, што ён ня біў міліцыянта, у чым яго абвінавачваюць і выказаў спадзеў на справядлівае рашэньне суду.

16.50
Падсудны Антон Койпіш прааналізаваў лёзунгі, пад якімі прадпрымальнікі выйшлі на мітынг: “Ніводзін зь іх не зьяўляецца антыдзяржаўным”.

16.27 Арцём Дубскі: “Людзі выйшлі на плошчу таму што ім увесь час для мітынгаў прапануюць сабачую пляцоўку”. На думку Арцёма, суд нагадвае абароннае прадпрыемства са спэцыяльным прапускным рэжымам.

16.25 Т.Цішкевіч заявіла, што ў часе судзьдзя тройчы парушыла Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Судзьдзя зрабіла заўвагу з занясеньнем у пратакол. Судзьдзя сказала, што 4 дні запар Цішкевіч ладзіла ў судзе цырк.

16.20 Тацяна Цішкевіч: “Прававая сыстэма скацілася да савецкіх палітычных працэсаў 20-30-гадоў”.

16.15 Пачаў выступаць Аляксей Бондар: “Я ганаруся, што знаходжуся сярод гэтых людзей”.

16.10 Прысутныя аплядуюць Крываву. Судзьдзя выдаляе з залі Анатоля Лябедзьку, Сяргея Атрошчанкава, ягоную жонку і актывіста “Ініцыятывы” Валянціна Сакалоўскага.

16.05 М.Крываў: "Таталітарная сыстэма наступае ў тых народаў, якія ня цэняць свабоды".

16.00 Міхась Крываў: “Гэты працэс – ганьба для краіны, якая ў ХХІ стагодзьдзі прэтэндуе на званьне эўрапейскай дзяржавы”.

15.55 Алесь Чарнышоў: “Сябе вінаватым не прызнаю. Спадзяюся на нармальны аб’ектыўны прысуд”.

15.45 З апошнім словам выступае Алесь Стральцоў: “Выхад дэманстрантаў на праспэкт Незалежнасьці быў справакаваны міліцыяй... Людзі хацелі зьвярнуцца да прэзыдэнта, а не да мінакоў”. А.Стральцоў зьвінаваціў пацярпелага супрацоўніка ДАІ Юрыя Сычова, што той тыкаў гумовым дручком у дэманстрантаў. Стральцоў заявіў, што Сычоў быў нэрвовы і разгублены. Падсудны заявіў: тое, што на плошчу зьвезьлі дзяцей – гэта правакацыя. Стральцоў нагадаў пра прэзумпцыю невінаватасьці, што няма канкрэтных доказаў віны.

15.32 “Нашу моладзь такімі прысудамі не зламаць”

15.30 Выступае Уладзімер Сяргееў: “Нас вінавацяць у масавых беспарадках. Тое, што ў краіне адбываецца апошнія 14 год, гэта і ёсьць масавыя беспарадкі”.

15.20 Міхась Пашкевіч зазначыў пра паказаньні сьведкі М. Падбярозкіна: “Трэба сачыць за сваімі словамі. Нормы міжнароднага права вышэйшыя за законы пра правядзеньне мітынгаў і шэсьцяў. Людзі павінны мець права зьбірацца і выказваць свае думкі”. Прысутныя пачалі аплядаваць Пашкевічу. Судзьдзя папярэдзіла: яшчэ адны аплядысмэнты, і ўсе пакінуць залю.

15.15 Падсудныя пачалі выступаць з апошнім словам. Першы - Міхась Пашкевіч.

15.00 Выступае адвакат Павал Сапёлка. Ён заклікаў пракуратуру адмовіцца аб абвінавачваньня, а суд -- апраўдаць падсудных.

14.40
Адвакатка Сьвятлана Гарбаток заявіла, што падставай для гэтай крымінальнай справы стаўся выступ міністра ўнутраных спарваў У. Навумава, які ў эфіры БТ заявіў пра масавыя беспарадкі і зьбіцьцё міліцыянтаў. Адкавактка Мар’яна Сямешка зазначыла ў спрэчках, што ні адзін сьведка не выявіў фактаў дзеяньняў у складзе групы. Адвакат заявіла таксама, што ў судзе былі груба парушаныя правы падсудных, калі ім адмовілі прадставіць перакладчыкаў на беларускую мову. Мар’яна Сямешка запатрабавала апраўдаць сваіх падабаронных.

14.20
Адвакатка Сьвятлана Гарбаток у сваім выступе зазначыла, што сьведкі-міліцыянты гаварылі агулам, а не пра дзеяньні канкрэтных асоб: “Каштоўнасьць іх паказаньняў імкнецца да нуля, паколькі яны гаварылі аб натоўпе і ніхто не казаў пра групу, якая ачольвала калёну. Ніхто са сьведкаў не пазнаў Стральцова, а Койпіша – толькі адзін... Невядома, якія падзеі меў на ўвазе намесьнік кіраўніка ДАІ Падбярозкін – 10 ці 21 студзеня. Падбярозкін – чалавек з багатым уяўленьнем, але ягоныя словы ня могуць быць пакладзеныя ў аснову прыгавору”. Яна таксама заявіла, што відэа, агледжанае ў судзе, здабытае з парушэньнем правіл збору доказаў, здымкі з КДБ не аформленыя належным чынам, на відэа адсутнічаюць індывідуальныя прыкметы.

14.12
Аднавіўся працэс.

13.45
Падсудны Міхась Пашкевіч перакананы: “Калі дзяржаўны абвінаваўца нешта патрабуе – гэта “столь”, болей не дадуць. Прагноз мой, што дадуць у два разы меней: калі патрабуе 2 гады “хіміі”, то судзьдзя пакарае на год папраўчых працаў. Хаця напружвае сам тон абвінаваўцы: ён патрабуе так, нібы мы спалілі палову праспэкту. Насамрэч трэба судзіць ня нас, а гэтых супрацоўнікаў ДАІ. Яны фактычна ўчынілі новы “жывы шчыт”.

13.45
Падсудны Аляксей Бондар: “Такога выступу пракурора можна было чакаць. Працэс наагул пераўтварыўся ў палітычную расправу над палітычна актыўнай моладзьдзю. Таму і такія жорсткія патрабаваньні. Тут застаецца толькі спадзявацца на розум судзьдзі. Натуральна, мы чакаем справядлівага суду і апраўдальных прысудаў. У сваім выступе пракурор прыводзіць вытрымкі з інтэрнэту, у прыватнасьці – выказваньні абвінавачаных. Але інтэрнэт ня можа быць доказам. І гэтыя словы пракурора на такіх сур’ёзным працэсе гучалі вельмі дзіўна”.

13.40 Падсудны Уладзімер Сяргееў у перапынку працэсу пакамэнтаваў “Свабодзе” патрабаваньне пракурора: “Адчуў лёгкі марозік. І ня болей за тое. Асабіста мне пагражае 2 гады абмежаваньня волі. Мяне пакідаюць на маім месцы працы -- МТЗ. Калі паводле такога сцэнару пойдзе, у маім жыцьці нічога ня зьменіцца. Я болей хвалююся за Андрэя, якому запрасілі 2 гады турмы. Маці Кіма вельмі перажывае, на мяжы зрыву. Мне так падалося”.

13.20
Адвакат Аляксандар Галіеў у сваім выступе падзеі 10 студзеня назваў крыкам адчаю прадпрымальнікаў, якіх падтрымала моладзь. Судзьдзя абвесьціла перапынак да 14 гадзін.

12.50 Авакатка А.Кіма ТамараСідарэнка заявіла, што усё ў гэтай справе арганізавана паводле “пэўнай рэжысуры”: ад выбару абвінавачаных, сярод якіх няма ніводнага прадпрымальніка да таго, як ідзе працэс. Яна зьвярнула ўвагу суду, што ў сьпісе абвінавачаных ёсьць нумары, за якімі няма прозьвішчаў.

12.25
Пракурор запатрабаваў прызначыць А. Кіму пакараньне 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму , М. Пашкевічу, А. Дубскаму і А. Бондару – па 2 гады абмежаваньня свабоды – так званай хіміі, астатнім – па 2,5 гады папраўчых працаў па месцы іх працаўладкаваньня. Тацяна Кім, маці грамадзкага актывіста Андрэя Кіма, расплакалася на працэсе.

12.05
Пракурор прызнаў, што ў часе акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня не было перабояў у працы “хуткай дапамогі” і што да справы нельга далучаць зьвесткі пра ўпушчаную выгаду прадпрыемстваў ад гэтай акцыі, у тым ліку грамадзкага транспарту.

11.56
Пракурор Рамашэўскі пачаў свой выступ. У пачатку прамовы ён зрабіў агляд публікацыяў на інтэрнэт-сайтах аб працэсе 14-ці. Траціну свайго выступу дзяржаўны абвінаваўца прысьвяціў агляду інфармацыі пра працэс, якая была зьмешчаная ў інтэрнэце. Ён выказаў незадавальненьне, што некаторыя падсудныя называлі працэс “судзілішчам”.

11.50
У судовую залю не прапусьцілі Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Анатоля Сідарэвіча і яшчэ прыкладна 20 чалавек. Яны працягваюць стаяць ля брамы суду.

М.Статкевіч і П.Севярынец







11.40.
Працэс аднавіўся. Адвакаты патрабуюць, каб апыталі сьведак з боку абароны: Анатоля Лябедзька, Паўла Знаўца і іншых. Але судзьдзя адмовілася. Чакаецца выступ пракурора.

11.25
Чатыром абвінавачаным супрацоўнікі спэцназу міліцыі дазволілі правесьці ў судовую залю па па аднаму сябру.

У залю суду патрапілі ня ўсе






11.20
У будынак суду прапусьцілі Анатоля Лябедзьку і Франака Вячорку. Каля 20-ці чалавек працягвае стаяць ля брамы суду. З суседняга пагорку іх здымае група БТ. Здымачная група БТ без дазволу здымала прадстаўніка амбасады ЗША. На заўвагі прысутных, чаму тэлевізіі дазволілі здымаць ля суду, у той час калі іншым адмовілі, спэцназаўцы міліцыі адказвалі: “бо гэта – БТ”.


Здымачная група БТ


11.15 Спэцназ міліцыі пачаў прапускаць людзей у будынак суду. Пакуль не прапусьцілі Паўла Севярынца, Міколу Статкевіча, Анатоля Лябедзьку, Паўла Знаўца, Франака Вячорку.

10.55 Некаторыя падсудныя прайшлі ў судовую залю.

10.50
Ля брамы суду Цэнтральнага раёну Менску – два дзясяткі чалавек. З палітыкаў – Мікола Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык і Павал Севярынец. Ля брамы дзяжурыць спэцназ міліцыі і людзі ў цывільным. Далей брамы пакуль нікога на пускаюць.




Суд ахоўвааюць спэцназ міліцыі і людзі ў цывільным








Адзін са сьведак на “Працэсе 14-ці” будаваў “жывы шчыт”


Працэс 14-ці: вынікі трэцяга дня

Працэс 14-ці: вынікі другога дня

Першы дзень суду: міліцыянты сьведчылі супярэчліва

У акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, якая адбылася 10 студзеня сёлета, бралі ўдзел каля трох тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў былі затрыманыя і зьбітыя. Супраць 14-ці заведзеныя крымінальныя справы за ўдзел у масавых беспарадках. Вось іх імёны. Аляксандр Баразенка, Аляксей Бондар, Павал Вінаградаў, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Андрэй Кім, Антон Койпіш, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Субач, Уладзімір Сяргееў, Алесь Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука будуць судзіць пазьней. Яны не пасьпелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму працэс над імі перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG