Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк дбае, каб у Беларусі было цёпла і сьветла


15 мільёнаў даляраў на льготных умовах вылучыў для Беларусі Міжнародны банк рэканструкцыі й разьвіцьця, які ўваходзіць у сыстэму Ўсясьветнага банку.

Дамова прадугледжвае, што гэтыя грошы пойдуць выключна на рэканструкцыю пад зьберажэньне энэргіі лякарняў, школаў ды дзіцячых садкоў. Паколькі Палата прадстаўнікоў на сваім апошнім пасяджэньні дамову ратыфікавала, грошы пачнуць асвойваць ужо з траўня.

Беларускае заканадаўства прадугледжвае, што падобную пазыку абавязкова трэба ратыфікаваць у Палаце прадстаўнікоў. І старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах стандартызацыі Валеры Карашкоў, які прадстаўляў дакумэнт дэпутатам, адзначыў: замежныя грошы вельмі неабходныя:

“Пазыка з гэтага праекту будзе скарыстаная на рашэньне актуальных праблемаў сацыяльнай сфэры, найперш энэргаэфэктыўнасьці. Грошы дапамогуць абнавіць каля 100 сацыяльных аб’ектаў на ўсёй тэрыторыі краіны”.

Аглядальнік Кастусь Скуратовіч, які займаецца вывучэньнем сацыяльнай сфэры, гаворыць, што на ўласным досьведзе пераканаўся, наколькі актуальная гэта праблема:

“У нас усё робіцца неяк неразумна, па нейкіх дырэктывах. Я сёньня выпісаўся зь лякарні ў Смалявічах. У іх існуюць тры крытэры, паводле якіх ацэньваюць эфэктыўнасьць працы. Першы – энэргазьберажэньне ўстановы.

І вось сьцямнее крыху, пойдзе дождж. І ў палаце няма чаго рабіць. Газэту нельга пачытаць, паколькі нельга ўключыць сьвятло. Прыходзіць санітарка і выключае: вось ты лечысься, а вочы псуеш.

Не па розуму ўсё робіцца, не па толку. Тое ж энэргазьберажэньне – можна ж да кожнага ложка правесьці невялічкую эканамічную лямпачку. Каб кожны мог уключыць ды чытаць”.

Валеры Карашкоў адзначае: Міжнародны банк рэканструкцыі й разьвіцьця пад дзяржаўныя гарантыі традыцыйна дае пазыкі на вельмі добрых умовах і на працяглы тэрмін. Гэтым разам так: крэдыт даецца аж на 17 гадоў з адтэрміноўкай пагашэньня пазыкі на 5 гадоў, а стаўка разьліку – 2,6% за год.

“Несумненна дадзеныя ўмовы крэдытаваньня зьяўляюцца вельмі выгоднымі для Рэспублікі Беларусь,” – адзначае старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах стандартызацыі.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка папярэджвае: трэба вельмі ўважліва кантраляваць гэты і падобныя праекты, паколькі вядомыя выпадкі, калі значная частка грошай асядала ў кішэнях міжнародных і беларускіх чыноўнікаў:

“Грошы мы ўзялі. Але яны могуць разысьціся ў выглядзе заробкаў і бонусаў для служачых у беларускім урадзе ды іншых структурах. Разыдуцца яны і сярод чыноўнікаў мясцовага ўзроўню. І паміж тымі, хто ставіць катлы, вядзе трубы і робіць усё іншае”

Тым часам Усясьветны банк разглядае магчымасьць новага крэдыту для Беларусі ў памеры 100-150 мільёнаў даляраў. Асваеньне гэтых грошай прадугледжваецца, пачынаючы з 2010 году.
XS
SM
MD
LG