Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канзасе адкрылі беларускі навуковы цэнтар

  • Сяргей Навумчык

У суботу ў горадзе Вінсфэлд у амэрыканскім штаце Канзас пачаў працу цэнтар беларускіх дасьледаваньняў.


Цэнтар адкрыўся пры Паўднёва-Заходнім каледжы. У суботу адбылася яго прэзэнтацыя пры ўдзеле старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, экс-старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча. У гонар гэтай падзеі над каледжам былі ўзьнятыя сьцягі краінаў Эўразьвязу, ЗША, Канады, а таксама бел-чырвона-белы сьцяг.

Адзін з ініцыятараў стварэньня цэнтру, першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэйвід Суорц, назваў дзьве яго асноўныя мэты. Па-першае, дапамогу амэрыканскім дасьледчыкам у вывучэньні як гісторыі, гэтак і сучаснага становішча ў Беларусі. У той час як даўно працуюць цэнтры па вывучэньню сытуацыі ва Ўкраіне, Расеі і Польшчы, Беларусь шмат у чым застаецца terra incognita для амэрыканскіх дасьледчыкаў. Другая, ня менш важная, мэта – гэта дапамога беларускім навукоўцам, іх стажыроўкі ў ЗША, у тым ліку і выкладчыцкая праца на пэўны тэрмін. На думку Дэйвіда Суорца, гэта паспрыяе бліжэйшаму знаёмству беларусаў з амэрыканскай сыстэмай вышэйшай адукацыі.

У плянах цэнтру і выдавецкая дзейнасьць. Падчас адкрыцьця цэнтру адбылася прэзэнтацыя кнігі канадзкай дасьледчыцы, прафэсара Ўнівэрсытэту Ватэрло Зінаіды Гімпелевіч "Беларуска-яўрэйскія пісьменьнікі ХХ стагодзьдзя".

Пры цэнтры створаныя бібліятэка і архіў, куды перададзеныя ўжо і кнігі зь бібліятэкі Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG