Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд у “працэсе 14-ці” чакаецца ў панядзелак


Belarus - Trial of "14", 16Apr2008

Belarus - Trial of "14", 16Apr2008

Трэці дзень суду над моладзевымі актывістамі, якіх абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку падчас акцый прадпрымальнікаў, пачаўся зь непрыемнага інцыдэнту.

У судовую залю прыйшлі больш за дваццаць невядомых маладых людзей і занялі амаль палову месцаў у залі. У другой палове дня агрэсіўна настроеныя маладзёны спрабавалі справакаваць бойку ў судовай залі. Цягам дня ў судзе прагледзелі відэаматэрыялы справы і дапыталі апошніх сьведкаў. У працэсе абвясьцілі перапынак да панядзелка.

Спэцназаўцы сёньня, як і два дні таму прапускалі ў будынак суду абвінавачаных, іх сваякоў і журналістаў. Яны прапусьцілі групу маладых людзей і завялі іх у судовую залю. Калі абвінавачаныя папрасілі іх прадставіцца, то ў адказ пачулі грубасьці. Гэта выклікала хвалю абурэньня. Адвакаты прасілі, каб выдалілі невядомых асобаў з судовай залі, але судзьдзя адмовіла ў гэтым.

Тры з паловай гадзіны да абеду глядзелі відэаматэрыялы і рабілі камэнтары. Некаторыя эпізоды выклікалі ўсьмешкі прысутных. Урэшце судзьдзя Алена Ільіна выдаліла з судовай залі Тацяну Цішкевіч за тое, што дзяўчына ўсьміхалася.

Гаворыць Тацяна Цішкевіч:

“Усьміхалася з-за таго, што некаторыя відэаматэрыялы былі даволі забаўныя. У мяне папросту такая рэакцыя. Я заўсёды ўсьміхаюся, калі мне сьмешна”.

На відэастужках было відаць, што Андрэй Кім, якога абвінавачваюць у гвалце над міліцыянтам, не ўдарыў супрацоўніка ДАІ Ігара Сычова. Апроч таго, сам міліцыянт, які прызнаны пацярпелым, у рапарце ўказваў, што яму паказалі Андрэя як чалавека, які яго зьбіў. Міліцыянт на першым судовым паседжаньні казаў, што яго напарнік апазнаў чалавека, які яго ўдарыў. Сычоў казаў: “Мой напарнік спытаў мяне ці запомніў я таго, хто мяне ўдарыў”.

Аднак на відэа было відаць, што напарнік у часе інцыдэнту не выпускаў сьвісток з роту і таму нічога гаварыць ня мог. За тое бачна, што Сычоў схапіў Кіма за валасы і адштурхнуў у натоўп. У той жа момант ён атрымаў удар ад свайго напарніка, які таксама размахваў рукамі.

Судзьдзя абвясьціла перапынак. Пасьля гэтага пацярпелы Сычоў у суд не прыйшоў. Спатрэбілася яго выклікаць, каб Андрэй Кім і ягоная адвакатка маглі задаць яму некалькі пытаньняў. Пра тое, што Андрэй ня мог нанесьці ўдар правай рукой, сьведчыць і тое, што ён ляўшун.

Пасьля перапынку невядомыя маладыя людзі зноў прыйшлі ў будынак суду. Калі людзі заходзілі ў судовую залю, незнаёмцы пачалі груба іх штурхаць. Адзін зь іх ударыў жонку Аляксандра Атрошчанкава. Людзі пачалі скандаваць: “Ганьба!” Адвакаты патрабавалі, каб судзьдзя выдаліла іх з судовай залі. Але яна зноў адмовіла адвакатам і абвінавачаным у гэтай просьбе.

Зьміцер Хведарук знаходзіўся каля будынку суду. Яго, як і іншых сяброў абвінавачаных, спэцназаўцы не прапусьцілі ў судовую залю. Ён пракамэнтаваў гэтую сытуацыю:

“Ня хочуць, каб людзі бачылі тое бясчынства, якое робіцца ў судовай залі. Безумоўна, і дзеля таго, каб людзі не адчувалі падтрымкі і праяваў салідарнасьці. Што ж, калі сядзяць там невядомыя людзі і выказваюць прарэжымную пазыцыю, каб не разгубіліся людзі”.

Адвакаты не выключаюць, што ў панядзелак, 21 красавіка, пасьля выступу пракурора і спрэчак можа быць агалошаны прысуд.
XS
SM
MD
LG