Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі ўстойлівы і эфэктыўны беларускі рэжым? У якой ступені хаду найноўшай беларускай гісторыі вызначаў і вызначае брак нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў? Якія варыянты трансфармацыі мае беларуская сацыяльна-эканамічная сыстэма?


Прапануем вашай увазе адказы Аляксея Пікуліка, дактаранта European University Institute у Флярэнцыі, на пытаньні «Праскага акцэнту».

Дракахруст: “На гэтым тыдні Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы абмяркоўвала, як у Беларусі крымінальнае заканадаўства ўжываецца для перасьледу іншадумцаў. Была прынятая жорсткая рэзалюцыя з асуджэньнем гэтай практыкі, з патрабаваньнем скасаваньня рэпрэсіўных артыкулаў. І як гэта паўплывае на сытуацыю ў краіне, ці можа насамрэч паспрыяць таму, каб людзей не саджалі за сяброўства, скажам, у “Маладым Фронце”?

Тым часам у самой Беларусі, у Менску на гэтым тыдні адбываўся “працэс 14-ці” – суд над удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Дык што ж даюць гэтыя акцыі, ці можа сьмеласьць маладых і ня толькі маладых людзей паспрыяць пераменам?

Нарэшце таксама на гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт, які спрыяе разьвіцьцё фондавага рынку – акцыі, якія людзі набылі пры прыватызацыі сваіх прадпрыемстваў, зараз можна адчужаць, – прадаваць, дарыць і г.д. І што ж гэта азначае, пра які накірунак далейшай эканамічнай палітыкі сьведчыць?

Сюжэты канкрэтныя, бягучыя, а пытаньні, якія яны спараджаюць – значна больш шырокія і агульныя. На гэтыя , а таксама іншыя, зьвязаныя зь імі пытаньні паспрабаваў адказаць палітоляг Аляксей Пікулік у сваім артыкуле “11 мітаў пра беларускі рэжым і ягоныя пэрспэктывы”, апублікаваным на сайце “Наше мнение».

Пра ўсе 11 мітаў, ці тое, што Аляксей лічыць мітамі, мы ў адной перадачы пагаварыць ня зможам, абмяжуемся некаторымі. Вось адна тэза спадара Пікуліка: у Беларусі сапраўды збудаваная моцная і функцыянальная аўтарытарная дзяржава, функцыянальная ў тым сэнсе, што, нягледзячы на аўтарытарнасьць, яна служыць інтарэсам ня толькі рэжыму, але і большасьці насельніцтва. Прыхільнікі прэзыдэнта – насамрэч, паводле Аляксея, “акцыянэры рэжыму”, а “акцыянэрам не прынята абяцаць свабоду і незалежнасьць замест дывідэндаў”.

Аляксей, на Ваш погляд , якія зьмены адбываюцца ў гэтай сыстэме?”

Пікулік: “Мадэль пачала рух, дзяржава пачынае менш кіравацца інтарэсамі сваіх "акцыянэраў", яна спрабуе памяняць падтрымку натоўпу на падтрымку іншага пляну. Будзе абраная пэўная колькасьць алігархаў, якія і будуць ствараць новую падтрымку. Безумоўна, так бы мовіць,"акцыянэры", народныя масы, пачынаюць разумець, што іх "кідаюць". Гэта адбываецца ўжо зараз.

У Беларусі няма мэханізму, няма апарату, пры дапамозе якога ўлада рэальна б ведала, чаго хоча грамадзтва. Але ня трэба забываць пра ролю маўклівай большасьці. Уладзе даводзіцца ўгадваць, што хоча большасьць”.

Дракахруст: “Другі міт, які Вы, Аляксей, абвяргаеце, ці думаеце, што абвяргаеце, – гэта ўяўленьне пра тое, што прычынай таго, што беларускае грамадзтва правалілася ў яміну аўтарытарызму, брак нацыянальнай сьвядомасьці. Палякі і літоўцы мелі сьвядомасьць і атрымалі дэмакратыю і Эўразьвяз, а беларусы – ня мелі і маюць, таму і ў эканоміцы і ў палітыцы маюць вядома што. Аляксей, а чаму Вы ня згодны з тым, што такая сувязь існуе?”

Пікулік: “Не, такі радыкальны аргумэнт я не вылучаю. Я не адмаўляю пэўнай сувязі паміж нацыянальнай ідэнтычнасьцю і адсутнасьцю рэформаў ці дэмакратызацыі ў Беларусі. Мая тэза палягае ў тым, што гэты чыньнік павінен быць пастаўлены на сваё месца.

Нацыянальнай ідэнтычнасьці ня варта надаваць пераважную ролю. Дэмакратыі ўзьнікалі там, дзе нацыянальныя праекты былі пашкоджаныя , а аўтарытарызмы ствараліся і ў моцных нацыях.

Зараз я патлумачу, чаму я не веру ва ўсемагутнасьць такіх тлумачэньняў. Па-першае, ідэнтычнасьць не зьяўляецца статычнай і маналітнай, яна мяняецца. У краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы нацыянальная ідэнтычнасьць рабілася рэсурсам для барацьбы з камуністычнай намэнклятурай. Але галоўнае там было ня тое, наколькі моцна мы верым у тое, што мы – палякі, вугорцы, чэхі ці літоўцы, а тое, наколькі моцна мы хочам парваць з расейскім, савецкім мінулым, наколькі моцна мы русафобы. Таму калі на шалях у Прыбалтыцы апынуліся буйныя прадпрыемствы і нацыяналізм, то пераважыў нацыяналізм, народы Балтыі адмовіліся ад усяго, што працягвала іх залежнасьць ад Расеі.

У Беларусі БНФ зрабіла стаўку на скрайне радыкальны праект, адмовіўшыся ў 1991 годзе ад пакту з намэнклятурай і напалохаўшы ўсіх. У Беларусі не праходзіць русафобія, і яна, хутчэй за ўсё, і ня пройдзе, калі толькі Расея ня будзе рабіць велізарныя памылкі зараз.

Але гэта не азначае, што ў Беларусі нацыянальная ідэнтычнасьць зьяўляецца скрыўленай ці кепскай. Проста той праект, які спрабавалі "прадаць" насельніцтву, было цяжка прадаць.

Аднак гэта не азначае, што фактычная дэмакратызацыя не магла адбыцца і ў адсутнасьці такога нацыяналізму. Уласна кажучы, акрамя нацыяналізму супраць партыйнай камуністычнай намэнклятуры можна было выкарыстоўваць мабілізацыю насельніцтва на розных плятформах. І першым здагадаўся пра гэта якраз Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады, выкарыстоўваючы антыкарупцыйны пратэстны электарат.

Праблема Беларусі ня ў тым, што з ідэнтычнасьцю нешта ня так, а ў пераацэнцы ідэнтычнасьці канкрэтнымі гульцамі, якія зрабілі стаўку на скрайне радыкальны праект. Магчыма, і сапраўды існуе сувязь паміж падзеямі Х-ХVІІІ стагодзьдзяў і кіраваньнем Лукашэнкі. Пытаньне ў тым, наколькі вызначальнай яна зьяўляецца.

На мой погляд, трэба падзяляць пераход да дэмакратыі, якога пакуль у Беларусі не адбылося, і кансалідацыю дэмакратыі. Кансалідацыя дэмакратыі – гэта калі яна робіцца, як кажуць, "адзінай гульнёй у горадзе", калі ніхто з палітыкаў ня хоча і ня можа гуляць па іншых, недэмакратычных правілах. Каб гэта адбылося, безумоўна, патрэбная нацыя, пэўнае адзінства, моцныя палітычныя партыі, грамадзянская супольнасьць і гэтак далей. Але пакуль мы гаворым пра тое, наколькі нацыянальная ідэнтычнасьць уплывае на пераход да дэмакратыі, на першы крок”.

Дракахруст: “Нарэшце, трэцяя тэма – што далей? Аляксей у сваім артыкуле выказвае меркаваньне, што паміж цяперашняй “раздатачнай” сацыялістычнай сацыяльна-эканамічнай сыстэмай, на якую ўжо няма рэсурсаў, і свабоднай рынкавай эканомікай, зь якой ніяк не стасуецца цяперашняя палітычная сыстэма, у беларускай улады ёсьць яшчэ і трэці варыянт – “эканоміка разьвіцьця”, такі дзяржаўны капіталізм, які быў характэрны для краінаў Паўднёва-ўсходняй Азіі, а зараз мае месца, скажам, у Расеі і Казахстане. Гэта – адмова ад папулізму і спараджэньне алігархаў. Дарэчы, сюжэты, пра якія я казаў ад пачатку, магчыма наўпрост зьвязаныя з пытаньнем пра магчымасьць такога шляху.

Падчас зімовых прадпрымальніцкіх страйкаў шмат хто зь іх удзельнікаў казаў, што насамрэч дробны бізнэс нішчаць для таго, каб вызваліць месца для буйных супэрмаркетаў, якімі будуць валодаць свае людзі. Можа, гэта і чутка, а можа па сутнасьці і праўда. А дэкрэт аб дазволе на адчужэньне акцый у чымсьці нагадвае чубайсаўскую прыватызацыю, у выніку якой і паўстаў сёньняшні расейскі алігархат.

Пакуль нашыя размовы пра беларускіх алігархаў нагадваюць чутую некалі ў вёсцы скаргу: “У нас у калгасе мафія пануе! Якая мафія? Ды старшыня мех бульбы да сябе зьвёз”. Няма ў Беларусі пакуль сапраўдных алігархаў, няма сваіх Абрамовічаў і Дэрыпасак, ці Каламойскіх і Пінчукоў, калі казаць пра ўкраінскія аналёгіі. Але будуць, калі будзе абраны той шлях, які Вы, Аляксей, апісалі. А ці будзе ён абраны? І якія наступствы будзе мець для ўлады і грамадзтва, якія магчымасьці адкрые (а можа і закрые) для апазыцыі?”

Пікулік: “Мадэль дзяржкапіталізму ўсталявалася ў Расеі толькі зараз, пры Пуціне. Пры чубайсаўскіх алігархах, пры Ельцыне не было ніякай эканомікі разьвіцьця, была клясычная мадэль захопу дзяржавы, калі пэўныя групы нажываліся на выкарыстаньні для максымалізацыі сваіх прыбыткаў.

Адваротная сытуацыя – гэта мадэль дзяржавы разьвіцьця, калі дзяржава, зрошчваючыся з бізнэс-структурамі, застаецца функцыянальнай і моцнай, і не дазваляе гэтым алігархам займацца атрыманьнем рэнты па-за межамі тых калідораў, якія ім дае дзяржава. Пры гэтым дзяржава перанакіроўвае прыбытак у разьвіцьцё эканомікі. Даход, які атрымліваецца ад газавых і нафтавых патокаў, не праядаецца ўсім насельніцтвам, а рэінвэстуецца ў эканоміку.

Для гэтага ў нас ёсьць ўсе перадумовы. У нас ёсьць дысцыплінаваны, моцны дзяржаўны апарат, які можа вырашыць гэтую задачу. Пры гэтым – апарат запалоханы, апарат, у якім сыстэмная адміністрацыйная карупцыя будзе праяўляцца не адразу.

Мне здаецца, што гэты трэці шлях дакладна адпавядае інтарэсам самога Лукашэнкі і інтарэсам беларускага грамадзтва. Тое, што ўтрымлівае Лукашэнку ва ўладзе – гэта посьпех беларускай дзяржавы ў тым сэнсе, што яна моцная, што яна функцыянальная, і што пакуль ёсьць што пераразьмяркоўваць.

На першым этапе дзяржава будзе "кідаць" сваіх "акцыянэраў". Гэта бывае амаль заўсёды. Гэта будзе зроблена і праз далейшае зьмяншэньне выплат, і далейшымі рэпрэсіямі. Паралельна будзе ўзьнікаць група новых кантраляваных алігархаў, якія з аднаго боку будуць заставацца ляяльнымі Лукашэнку, а з другога – змогуць падавіць пратэсты тых цяперашніх "акцыянэраў", хто прайграў беларускага рэжыму.

Новыя прайграўшыя будуць вымушаныя будаваць новыя шырокія кааліцыі. І для гэтага ім можа спатрэбіцца беларуская апазыцыя”.

Дракахруст: “Аляксей, а хто будуць гэтыя новыя прайграўшыя?”

Пікулік: “Новая прайграўшыя – гэта ўсе тыя "акцыянэры", усе тыя мільёны, якія галасуюць за Лукашэнку. Гэта ўсе тыя, каго ўлада баіцца на дэманстрацыях, на заводах”.

Дракахруст: “Я не зусім разумею, як гэтая сыстэма будзе функцыянаваць. Што, гэтыя 5 ці 10 алігархаў будуць уласнаручна разганяць дэманстрацыі, якія ў межах такой мадэлі могуць стаць і даволі шматлікімі, кшталту тых, якія былі ў красавіку 1991 году?”

Пікулік: “Па-першае, ім неабавязкова разганяць дэманстрацыі. Па-другое, яны змогуць уключыць гэтае насельніцтва ў палітычную гульню. Тут і можа нарадзіцца мэханізм кантраляванай рэпрэзэнтацыі. Я тут прагназую не дэмакратызацыю, а пачатак пэўнай спаборнасьці, якая можа ў рэшце рэшт прывесьці да дэмакратызацыі.

Я лічу, што ў Лукашэнкі ёсьць вялікі рэсурс гульні ў фасадныя, віртуальныя, кіраваныя дэмакратыі. Запас трываласьці ў гэтай гульні вялікі. Калі штосьці з гэтай гульнёй не атрымаецца, то гэта прыйдзе знутры: ці апазыцыя згуляе на новай карупцыі, якая пэўна зьявіцца, ці балянс сіл паміж новымі алігархічнымі элітамі будзе парушаны. Мне здаецца, што гэтая сыстэма ўсё ж адкрываецца”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG