Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе Цэнтральнага раёну Менску тры дні працягваўся працэс над удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. У панядзелак ён зноў адновіцца.


Як ацэньваюць гэтыя тры дні ўдзельнікі працэсу і на які прысуд яны спадзяюцца?

Антон Койпіш: “Цалкам магчымы варыянт, што Андрэя Кіма адпусьцяць. Агулам справа Кіма развалілася проста на сто адсоткаў. Далей ёй развальвацца проста ўжо няма куды. Наша агульная справа таксама цалкам развалілася.

Працэс падобны на фарс. Я ўпершыню з гэтым сутыкаюся, мяне ж ніколі дагэтуль не судзілі. Судзьдзя ўсё больш выконвае ролю, фактычна, другога пракурора. Нават пракурору ня трэба амаль нічога рабіць, судзьдзя замест яго ўсё робіць”.

Уладзімер Сяргееў: “Абвінавачаньне супраць Андрэя Кіма рассыпалася, там ужо няма ніякай лёгікі ў ягоным абвінавачаньні. Там усё заблытана так, што ўжо невядома і якой рукой ён біў, у які момант біў. І сам нібыта пацярпелы блытаецца і наогул праявіў хамства – не прыйшоў на значную частку працэсу.

А што тычыцца абвінавачаньня супраць нас, то ад пачатку справа фабрыкавалася, высмоктвалася з пальца, і зараз неяк спрабуюць давесьці яе да лягічнага завяршэньня. Але гэтыя спробы ня вельмі выразныя: невыразнае відэа, блытаніна сьведак. Гэта ўсё, на чым будуецца абвінавачаньне. Будзем чакаць панядзелка. Я мяркую, што ўсё будзе добра – Андрэя выпусьцяць і нам будуць мяккія прысуды”.

Міхаіл Крываў: ”Я не лічу, што суд праходзіў аб’ектыўна. Судзьдзя вяла гэты суд з такім абвінаваўчым ухілам. У цывілізаванай краіне нас бы апраўдалі, бо складу крымінальнага злачынства няма. Мы прагледзелі сёньня відэаматэрыялы, і яны яшчэ раз пацьвердзілі, што акцыя была мірная, дэманстранты вялі сябе мірна, цывілізавана”.

Алесь Чарнышоў: “Дагэтуль незразумела, чым гэта ўсё скончыцца. Ніхто нават тэарэтычна ня можа сказаць, што запросіць для нас пракурор. Сьведкі незразумела адкуль зьявіліся. Відэаматэрыялы былі кліпамі, нарэзкамі, і незразумела, як такое відэа можа быць у матэрыялах справы. Мы спадзяемся на лепшае”.

Аляксей Бондар: “Абвінавачаньне развальваецца. Да прыкладу, па Андрэю Кіму няма ніякіх доказаў і паказаньні сьведак вельмі супярэчлівыя. Тое ж тычыцца нас. Гэтая нарэзка відэа, гэтыя кліпы ні пра што казаць ня могуць, і тым болей быць доказам нашай віны. Паседжаньне аб’ектыўным быць ня можа.

Нас не апраўдаюць – гэта ўжо відавочна. Іншая справа, што спадзявацца можна на штраф. Я спадзяюся, што ўсім будуць штрафы. На апраўдальны прысуд улада ня пойдзе ніколі, бо гэта будзе прызнаньнем яе памылкі. Сыходзячы з вопыту мінулых гадоў, калі ўжо працэс палітычны, то хоць штраф, але дадуць”.

Алесь Стральцоў: ”Я не лічу, што мяне апраўдаюць альбо дадуць нейкі тэрмін. Я вельмі спакойны на гэты конт. Мы прагледзелі ўсе доказы – там, фактычна, мяне нідзе ня бачна. Тое, што я там недзе мільгнуў у натоўпе, ніяк нельга характарызаваць як нейкія актыўныя дзеяньні. Незразумела, на падставе чаго наогул мне могуць даць прысуд. Тое ж самае і астатнія, калі бачныя, то ў шэрагу шматтысячнага натоўпу”.

Міхась Пашкевіч: “Мы чакаем вызваленьня Андрэя Кіма. Бо тое, што мы ўбачылі, тыя 10-15 хвілін, якія мусілі даказваць віну Андрэя, пераканалі нас у адваротным. Андрэй пасьля прагляду гэтай стужкі ачуняў, і ў яго зьявілася жаданьне перамагаць. Ужо цягам трох дзён бессэнсоўна марнуюць наш час. Насамрэч настаў час падаваць у суд на супрацоўнікаў ДАІ за халатнасьць і непрафэсіяналізм. Бо мы пабачылі на стужцы – супрацоўнікі ДАІ паказвалі транспарту ехаць па жывой калёне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG