Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня працягваўся суд над 10 моладзевымі актывістамі, абвінавачанымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у часе акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.


Сёньня раніцай у суд Цэнтральнага раёну Менску прыйшлі сябры, паплечнікі, сваякі абвінавачаных у масавых беспарадках моладзевых актывістаў. Спэцназаўцы прапусьцілі ў будынак суду толькі саміх абвінавачаных, іх сваякоў і журналістаў.

На ўваходзе раптам зьявілася група маладых людзей, якіх завялі ў будынак суду. Менавіта іх прапусьцілі ў судовую залю і яны занялі там каля 20 месцаў. Прыблізна столькі ж асталося для сяброў і сваякоў абвінавачаных. Адвакаты прасілі, каб судзьдзя выдаліла маладых людзей, якія паводзілі сябе агрэсіўна ў судовай залі, але судзьдзя ў гэтым адмовіла.

Пасьля перапынку невядомыя маладыя людзі зноў прыйшлі ў будынак суду, і калі людзі заходзілі ў залю, незнаёмцы пачалі груба іх штурхаць. Адзін зь іх ударыў жонку Аляксандра Атрошчанкава. Людзі пачалі скандаваць "ганьба!". Адвакаты патрабавалі, каб судзьдзя выдаліла іх з судовай залі, але яна зноў праігнаравала іх просьбу.

На пытаньні Радыё Свабода, чаму іх прапусьцілі, а моладзевых актывістаў пакінулі на вуліцы, маладыя людзі адказалі такім чынам, што спэцназаўцы, маўляў, убачылі, што ў іх на тварах нібыта ёсьць інтэлект, а ў тых – няма.

Вядоўца: Раней адвакаты патрабавалі ўвесь час, каб былі заслуханыя ня толькі сьведкі абвінавачаньня, але і сьведкі абароны. Ці рэагуе на гэта судзьдзя?

Амаль што напрыканцы судовага паседжаньня, калі былі прагледжаныя відэастужкі, зробленыя рознымі тэлевізійнымі кампаніямі і КДБ і міліцыянтамі, судзьдзя пагадзілася дапытаць у якасьці сьведкі 16-гадовую Дар'ю Гудкову, сяброўку Андрэя Кіма, якая была зь ім увесь час, у тым ліку і ў райаддзеле пасьля затрыманьня. Дар'я Гудкова паведаміла, што калі іх затрымалі – а яны былі каля пад'езду дома на праспэкце Незалежнасьці ў свайго сябра і не пасьпелі папросту зайсьці ў кватэру – іх адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну і трымалі там у калідоры, і толькі празь нейкі час туды прывялі міліцыянта, якога потым прызналі як пацярпелага ў гэтай крымінальнай справе, Ігара Сычова. Менавіта міліцыянты паказалі яму Андрэя Кіма і сказалі, маўляў, вось ён цябе біў.

Таксама відэастужка абвергла паказаньні пацярпелага: ні ў адным матэрыяле не было такога, каб Андрэй яго ўдарыў. Міліцыянт на першым судовым паседжаньні казаў, што яго напарнік апазнаў чалавека, які яго ўдарыў. Сычоў казаў: “Мой напарнік спытаў мяне ці запомніў я таго, хто мяне ўдарыў”. На відэа было відаць, што напарнік у часе інцыдэнту не выпускаў сьвісток з роту і таму нічога гаварыць ня мог. Затое бачна, што Сычоў схапіў Кіма за валасы і адштурхнуў у натоўп. У той жа момант ён атрымаў удар ад свайго напарніка, які таксама размахваў рукамі.

Судзьдзя абвясьціла перапынак. Пасьля гэтага пацярпелы Сычоў у суд не прыйшоў. Спатрэбілася яго выклікаць, каб Андрэй Кім і ягоная адвакатка маглі задаць яму некалькі пытаньняў. Пра тое, што Андрэй ня мог нанесьці ўдар правай рукой сьведчыць і тое, што ён ляўшун.

Тры з паловай гадзіны да абеду глядзелі відэаматэрыялы і рабілі камэнтары. Некаторыя эпізоды выклікалі ўсьмешкі прысутных. Судзьдзя Алена Ільіна выдаліла з судовай залі Тацяну Цішкевіч за тое, што дзяўчына ўсьміхалася.

Гаворыць Тацяна Цішкевіч:

“Усьміхалася з-за таго, што некаторыя відэаматэрыялы былі даволі забаўныя. У мяне папросту такая рэакцыя. Я заўсёды ўсьміхаюся, калі мне сьмешна”.

Што тычыцца відэастужак, дык спэцыяліст па кліпах Андрэй Кім, які апошнім часам працаваў у Маскве і рабіў у адной кампаніі відэакліпы, налічыў 285 момантаў мантажаваньня кліпаў, нават калі сядзеў у клетцы ў судовай залі.

Сьведчаньне падсуднага Аляксея Бондара:

“Гэта нейкія кліпы, нарэзка. Мы адмаўляемся сябе ідэнтыфікаваць на паказаным у судзе відэа”.

Але трэба сказаць, што нават тыя кліпы, якія былі вось так змантажаваныя, абвяргаюць паказаньні некаторых сьведкаў, у прыватнасьці – паказаньні намесьніка кіраўнікага Менскага ДАІ Максіма Падбярозкіна, які казаў, што дэманстранты былі п'яныя і нібыта кідаліся ў бойку зь міліцыянтамі. У кліпах гэтага нідзе не было.

Пры канцы паседжаньня абвінавачаныя ўсталі і папрасілі суд прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці сп.Падбярозкіна за ілжывыя сьведчаньні. Трэба адзначыць, што суд сам ня можа прыцягваць да крымінальнай адказнасьці – судзьдзя сказала, што потым, калі яна палічыць гэта патрэбным, яна напіша ліст у пракуратуру для таго, каб прыцягнулі да адказнасьці таго, хто даваў ілжывыя паказаньні.

Зьміцер Хведарук знаходзіўся каля будынку суду. Яго, як і іншых сяброў абвінавачаных,спэцназаўцы не прапусьцілі ў судовую залю. Ён пракамэнтаваў гэтую сытуацыю:

“Ня хочуць, каб людзі бачылі тое бясчынства, якое робіцца ў судовай залі. Безумоўна, і дзеля таго, каб людзі не адчувалі падтрымкі і праяваў салідарнасьці. Што ж, калі сядзяць там невядомыя людзі і выказваюць прарэжымную пазыцыю, каб не разгубіліся людзі”.

Адвакаты не выключаюць, што ў панядзелак, 21 красавіка, пасьля выступу пракурора і спрэчак можа быць агалошаны прысуд.
XS
SM
MD
LG