Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Помнік у Гомелі трэба паставіць Юрыю Захаранку”


“Каму зь беларусаў варта паставіць помнік у Гомелі?” На гэтае пытаньне адказваюць самі гамельчукі.


Спадар: “На мой погляд, трэба паставіць помнік вялікаму літоўскаму князю Вітаўту. Трэба ўважліва паглядзець, хто з князёў ВКЛ і Рэчы Паспалітай зрабіў шмат для нашай краіны й Гомельшчыны, у прыватнасьці, і паставіць помнік князю, які асабліва вызначыўся ў гісторыі нашага краю”.

Спадар: “Помнік трэба паставіць адраджэнцам 90-х гадоў, якія займаліся ў нас адраджэньнем беларушчыны. Другі помнік павінен быць людзям, якія абаранялі нашу Гомельшчыну ад чарнобыльскай навалы”.

Спадарыня: “Я думаю, што ў Гомельскай вобласьці трэба паставіць помнік Івану Мележу”.

Спадар: “Я б паставіў помнік Цімоху Вострыкаву, барацьбіту за незалежнасьць Беларусі, шчыраму беларусу”.

Спадарыня: “Я лічу, што помнік у Гомелі трэба паставіць Юрыю Захаранку, былому міністру ўнутраных спраў, дэмакрату, ураджэнцу Гомельскай вобласьці”.

Спадарыня: “У Гомелі павінен быць помнік Палуце Бадуновай, таму што яна стаяла ля вытокаў Беларускай Народнай Рэспублікі, уваходзіла ва ўрад незалежнай нацыянальнай дзяржавы”.

Спадарыня: “Я мяркую, што трэба паставіць помнік архітэктару Шабунеўскаму”.

Спадар: “Ёсьць дзяржаўныя кіраўнікі. Напрыклад, Аляксандар Лукашэнка. Яму трэба паставіць помнік у Гомелі як першаму прэзыдэнту нашай краіны”.

Спадарыня: “Барабанаву, Якабсону — правіцелям нашым, бо яны шмат робяць для нашага гораду, добраўпарадкуюць яго”.

Спадар: “Помнікаў хапае. Каму трэба было, тым паставілі. Грамыка, Ленін стаяць”.

Спадар: “Мне ўсё роўна. На гэта ёсьць старшыня абкама, іншае начальства — няхай яны і думаюць”.

Спадар: “Нікому! Толькі ў турму трэба саджаць дзеячаў”.

Спадар: “Беларускаму селяніну трэба помнік паставіць”.

Спадарыня: “Францішку Скарыну! Есьць унівэрсытэт яго імя, і павінен быць насупраць помнік”.

Спадар: “У часы сталінскіх рэпрэсіяў 37—39 гадоў на Гомельшчыне загінула вельмі шмат нявінных людзей. Трэба гэтым людзям паставіць помнік”.

Спадар: “Я мяркую, што ў Гомельскай вобласьці трэба паставіць помнік Уладзімеру Караткевічу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG