Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭМА ДНЯ. Трэці дзень суду над 10 актывістамі моладзевых арганізацый за ўдзел у маніфэстацыях 10 і 21 студзеня.


21.30 Вячаслава Сіўчыка трымалі тры гадзіны ў кабінэце ў гарадзкім аддзеле міліцыі на вуліцы Карла Маркса. Ён паведаміў, што без усялякіх тлумачэньняў да яго прыйшлі міліцыянты і сказалі, што ён вольны. Зь якой мэьтай яго трымалі тры гадзіны ў міліцыі, ён ня ведае.

20.30
Вячаслава Сіўчыка трымаюць у гарадзкім аддзеле міліцыі Ленінскага раёну, што на вуліцы Карла Маркса. Міліцыянты не тлумачаць сваякам прычыну затрыманьня. Яны кажуць, што зь Вячаславам Сіўчыкам вядзецца размова і праз тры гадзіны яго адпусьцяць. Калі так, то Вячаслаў Сіўчык выйдзе з аддзелу міліцыі у 21.30. Яго чакаюць сваякі і сябры каля ўваходу ў будынак міліцыі.

18.30 Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РУУС затрымалі Вячаслава Сіўчыка, калі ён выходзіў з будынку суду Цэнтральнага раёну.

18.00
У судзе аб'яўлены перапынак да 11 гадзін раніцы панядзелка.

17.40 Пасьля перапынку пацярпелага Ігара Сычова даставілі ў суд, каб Андрэй Кім мог задаць яму яшчэ пару пытаньняў.

17.30
Падсудныя зьвярнуліся да судзьдзі з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу супраць сьведкі - намесьніка начальніка ДАІ Менску Максіма Падбярозкіна, які на іх думку даваў учора ілжывыя сьведчаньні. Пасьля хадайніцтва судзьдзя абвесьціла перапынак.

17. 20.
Сьведка Ігар Леднік завіў у судзе, што прадпрымальнікі правялі 10 і 21 студзеня выключна мірныя акцыі. Яны вымушаныя былі выйсьці на вулічную акцыю, каб бараніць свае правы, паколькі вычарпалі ўсе сродкі ўплыву на дзяржаву, якая адмаўляецца ісьці на перамовы зь бізнэсоўцамі.

16.45
Дапыталі сьведку Дар’ю Гудкову, якая распавяла, што 21 студзеня пасьля таго як яе зь Кімам міліцыя затрымала і даставіла ў пастарунак, у РАУС да іх прывялі супрацоўніка ДАІ Сычова і паказалі яму Кіма як чалавека, які нібыта яго ўдарыў. Пачаўся допыт Ігара Ледніка.

16.40
Адвакаты і падсудныя хадайнічалі аб допыце ў якасьці сьведкаў лідэра АГП Анатоля Лябедзькі і прадпрымальніка Ігара Ледніка. Пракурор выступіў супраць, судзьдзя адхіліла хадайніцтва. Адвакаты працягваюць настойваюць на выкліку Ледніка. Пасьля настойлівых вымог адвакатаў судзьдзя пагадзілася выслухаць сьведку Гудкову, якая была побач зь Кімам у часе бойкі 21 студзеня.

16.25
Пасьля невялікага перапынку аднавіўся прагляд відэаматэрыялаў.

16.00
Працягваецца прагляд відэаматэрыялаў.

15.30 Аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева на працэс не пусьцілі: “Гэты ж працэс тычыцца і прадпрымальнікаў. Гэта ж судзяць за выступы прадпрымальнікаў, у абарону прадпрымальнікаў. Гэта ж выступы моладзі ў падтрымку прадпрымальнікаў. Канечне, гэты працэс ідзе, каб запалохаць грамадзтва. Каб людзі не маглі спакойна выказваць сваю думку і бараніць свае інтарэсы”.

15.00
Падсудзімы Андрэй Кім у часе разгляду відэаматэрыялаў хацеў задаць пацярпеламу міліцыянту Юрыю Сычову. Але высьветлілася, што ён пакінуў паседжаньне, нягледзячы на тое, што судзьдзя яму забараняла гэта рабіць.

14.30
Аднавіўся працэс. Адвакаты запатрабавалі выдаліць “будучых юрыстаў” з БРСМ з залі. Судзьдзя адхіліла гэтае хадайніцтва. Працягваецца прагляд відэазапісаў.

14.15
Месцы ў залі зноў займаюць, актывісты БРСМ, якія называюць сябе “будучымі юрыстамі”. Яны паводзяць сябе агрэсіўна, штурхаюць людзей на ўваходзе, правакуюць падсудных на бойку. Падсудныя патрабуюць іх выдаліць за залі. У залі чутно воклічы “Ганьба!” на іх адрас.

13.50 Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, пабыўшы на працэсе два дні, прыйшоў да высновы: “Па рэакцыі судзьдзі, па яе голасе, раздражнёнасьці, рэагаваньні на беларускую мову падсудных адчуваецца, што яна не бесстароньне сябе паводзіць. А па-другое, з дасьледаваных матэрыялаў абсалютна відавочна вынікае, што акцыі 10 і 21 студзеня насілі абсалютна мірны характар і не ставілі сваёй мэтай вялікіх закалотаў. І калі там нехта вінаваты, а вінаватыя далёка не тыя, якія сёньня сядзяць на лаве падсудных, то максымум, што яны заслугоўваюць – адміністрацыйнага пакараньня – на крымінальную гэтая справа абсалютна ня цягне”.

13.40
Палітык Вячаслаў Сіўчык другі дзень сочыць за судом: “Судзьдзя некалькі разоў парушала працэсуальны кодэкс. Відавочна, што гэта палітычны працэс, што прысуд будзе пісацца ў іншым месцы. Судзьдзя ў часе працэсу разоў трыццаць казала, што гэта ня цырк, але гэта толькі падкрэсьлівае тое, што адбываецца ў працэсе”.

13.30
Падсудны Алесь Чарнышоў перакананы: “Паказаньні сьведак-міліцыянтаў разыходзяцца з тым, што мы бачылі на відэа. Ніякага складу злачынства ў нашых дзеяньнях у паказаных відэаматэрыялах няма”.

13.30 Тацяна Цішкевіч
была выправаджаныя з залі суду пад час прагляду відэаматэрыялаў: “Мяне выдалілі з залі суду за ўсьмешкі, за некаторыя перашэптваньні з нашымі падсуднымі. Пакуль глядзелі відэматэрыялы. Гэта было вельмі забаўна і там усе таксама ўсьміхаліся. Учора судзьдзя папярэдзіла мяне і Пашкевіча, калі будзе паўторна, як яна кажа парушэньне. І сёньня ўсьміхалася, перашэптвалася з сядзячым побач Дубскім і за гэта яна мяне вырашыла выдаліць. Хаця адвакат Галіеў устаў і выказаў пратэст, бо яна нікому абсалютна не перашкаджае. Гэта проста занесьлі у пратакол паседжаньня і на гэтым усё скончылася".

13.20
Падсудны Аляксей Бондар заявіў Свабодзе ў перапынку на працэсе: “Мы адмаўляемся сябе ідэнтыфікаваць на паказаным у судзе відэа”. Ён лічыць відэаматэрыялы сумнеўнымі доказамі. “Гэта нейкія кліпы, нарэзка. Матэрыялы не адлюстроўваюць віны А.Кіма, якога абвінавачваюць у тым, што ён ударыў міліцыянта. Па нашай справе там таксама няма доказаў нейкай нашай віны. Затое бачна, што ДАІ стварала пагрозу жыцьцю грамадзян, накіроўваючы на натоўп аўтобусы”.

13.05.
Судзьдзя абвясьціла перапынак да 14 гадзін

Тацяна Цішкевіч, якую выдалілі з залы суду


12.30 Судзьдзя выдаліла з залы падсудную Тацяну Цішкевіч

12.25
Адвакаты выказалі абурэньне тым, што відэаматэрыялы паказваюцца ў выглядзе кліпаў: з купюрамі, з пропускамі ў адлюстраваньні падзей па некалькі хвілін і нават пераблытанымі па часе эпізодамі.

12.15 Пасьля паказу ў відэаматэрыялах эпізоду, калі міліцыя 10 студзеня на плошчы Незалежнасьці скіравала на дэманстрантаў з двух бакоў 2 аўтобусы, падсудныя выступілі з заявай, у якой назвалі дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ “стварэньнем пагрозы для жыцьця грамадзян”.

11.45
На відэа відаць, як на плошчы Незалежнасьці спэцназаўцы заклікалі людзей разысьціся і праз хвіліну пасьля гэтага пачалі разгон, хоць, паводле абвінавачаных, добра ведалі, што людзі зьбіраліся разысьціся самі.

11.30
На відэа відаць, што супрацоўнікі ДАІ загадваюць кіроўцам машын рухацца на дэманстрантаў на праспэкце, відаць, як маршрутны аўтобус заехаў у натоўп. Адна і тая ж машына хуткай дапамогі праехала на месцы падзеяў 4 разы.

11.20
Пад час паказу эпізоду падзеяў на плошчы Незалежнасьці чуваць, што людзі крычаць “Работу! Сідорскі!” І відаць, як Кім залез на слуп. Кім прызнаў, што ён гэта зрабіў, адвакат кажа, што “знаходжаньне на слупе ў віну не ставіцца”. Пад час прагляду відэа адвакаты робяць заўвагі з унясеньнем у судовы пратакол. На здымках, прадстаўленых БТ, відаць, што аўтобусы і машыны хуткай дапамогі маглі вольна рухацца

11.00
Пачынаецца прагляд відэаматэрыялаў пра падзеі 10 студзеня. Адвакаты заўважылі, што на іх няма таймэру, і што відэа падаецца з купюрамі. На стужцы відаць, што праспэкт Незалежнасьці 10 студзеня перакрыла міліцыя, а не дэманстранты.

Людзі, якія ня трапілі ў будынак суду


10.45
Судзьдзя адмовілася выдаліць актывістаў БРСМ з залі. Пачынаецца прагляд відэаматэрыялаў пра падзеі 21 студзеня. На відэазапісе бачна, як міліцыянты б’юць Андрэя Кіма, як пацярпелы міліцыянт Юры Сычоў на справе сам схапіў Кіма за валасы і плячо і адшпурнуў у натоўп. У запаволеным паказе відэа таксама бачна, што міліцыянта Сычова ўдарыў іншы міліцыянт. Сычоў заявіў, што момант удару Кіма не зьняты

10.35 Працэс аднавіўся. Пацярпелы міліцыянт Юры Сычоў папрасіў разглядаць справу без ягонай прысутнасьці. Судзьдзя адмовіла. Назіральнікі мяркуюць, што ён захваляваўся з-за таго, што працэс зацягваецца і зьявіліся супярэчнасьці ў паказаньнях сьведкаў, і ён зрабіў гэта каб пазьбегнуць далейшых пытаньняў. У пачатку працэсу выступіў Андрэй Кім і сказаў, што ён хрысьціянін, жыве паводле слова Божага, што ён не мог ударыць.

10.10
Заля пасяджэньняў суду Цэнтральнага раёну Менску напоўненая, у яе ўвайшлі падсудныя, іх родныя, моладзевыя актывісты, палітыкі Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык і іншыя. Некаторыя з моладзевых актывістаў адзелі майкі з надпісам “Свабоду Кіму!”. Тры заднія лаўкі занялі актывісты БРСМ – іх каля 20 чалавек.
Лявон Баршчэўскі падыходзіць да будынку суду



Ля будынку суду знаходзіцца каля 20 чалавек. Да іх выйшаў міліцыянт, заявіў, што ў залі месцаў няма, заклікаў разыходзіцца і папярэдзіў пра адміністратыўную адказнасьць за несанкцыянаваную масавую акцыю. Падсудныя патрабуюць, каб сяброў пусьцілі ў залю.


У акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, якая адбылася 10 студзеня сёлета, бралі ўдзел каля трох тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў былі затрыманыя і зьбітыя. Супраць 14-ці выстаўлены крымінальныя абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Вось іх імёны. Аляксандр Баразенка, Аляксей Бондар, Павал Вінаградаў, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Андрэй Кім, Антон Койпіш, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Субач, Уладзімір Сяргееў, Алесь Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука будуць судзіць пазьней. Яны не пасьпелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму працэс над імі перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG