Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму выпускнікі ўнівэрсытэтаў – юрысты і эканамісты – не знаходзяць сабе працы? Колькі ўвогуле ў Беларусі беспрацоўных, і наколькі гэтая лічбы адрозьніваецца ад афіцыйнай? На гэтыя пытаньні адказвае былы міністар працы Аляксандар Сасноў


Цыганкоў: "Як так атрымліваецца, што ўладальнікі такіх прэстыжных дыплёмаў – юрысты і эканамісты – не знаходзяць сабе працы? У чым тут дыспрапорцыя на рынку попыту і прапановы?"

Сасноў: "На маю думку, тут назіраецца перавытворчасьць гэтых спэцыялістаў. Бо па гэтых спэцыяльнасьцях ня трэба мець сур’ёзную матэрыяльную базу, якая патрабавала б пэўных выдаткаў. Толькі аўдыторыі і лектары. Таму прыватныя вну і ўхапіліся за падрыхтоўку юрыстаў і эканамістаў.І атрымалася перавытворчасьць"

Цыганкоў: “Афіцыйна беспрацоўе ў Беларусі вельмі малое – каля 40 тысячаў. Але разам з тым, каля мільёну здаровых людзей працаздольнага ўзросту не занятыя ў народнай гаспадарцы, але і ня лічацца беспрацоўнымі. Дык як назваць гэтых людзей?»

Сасноў: "Рэч у тым, што ўлік беспрацоўя ў Беларусі не адпавядае міжнародным патрабаваньням. Гэта, вядома, не know-how беларускае, бо заўсёды прымяняецца ў недэмакратычных краінах.

Сэнс у тым, што беспрацоўных у нас лічаць толькі тады, калі яны прыйшлі ў службу занятасьці і сталі на ўлік. А трэба лічыць іх паводле адмысловых дасьледаваньняў, апытаньняў – іначай рэальную лічбу мы не атрымаем.

На маю думку, беспрацоўных у Беларусі не 1-1,5 працэнты, як сьцьвярджаюць афіцыйныя крыніцы, а мінімум 5 працэнтаў ад эканамічна актыўнага насельніцтва. І тыя людзі, якія ня сталі на ўлік, хацелі б знайсьці добрую працу ў Беларусі, але ня могуць. І таму яны працуюць за межамі краіны, пераважна ў Расеі – і такіх цяпер сотні тысячаў".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG