Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыва Анатолю Лябедзьку


Зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які пройдзе ў Менску ў нядзелю, 20 красавіка, будзе мець дзьве адметнасьці.


Па-першае, яго ўдзельнікі зьбіраюцца правесьці неафіцыйную частку форуму на Кастрычніцкай плошчы або ля будынку Менгарвыканкаму. Па-другое, упершыню за многія гады старшыню партыі будуць абіраць на альтэрнатыўнай аснове.

Першая частка форуму пройдзе ў сядзібе БНФ. Звычайна ў гэтай залі зь цяжкасьцю разьмяшчаецца і сотня чалавек. А дэлегатаў зьезду 220, адзначае лідэр партыі Анатоль Лябедзька:

“Яго прыйдзецца праводзіць у спартанскіх умовах. І мы ўжо загадзя гаворым, што дэлегаты-жанчыны і дэлегаты, якім за 60, маюць права на месца, дзе можна сядзець. Усе астатнія будуць стаяць. Але пераважная бальшыня сябраў палітрады сказалі: “Мы перажывалі і не такое. Мы перажывалі несправядлівыя палітычныя прысуды Клімаву, Кудзінаву, Чыгіру, Старавойтаву – людзям, якія сядзелі ня тыдзень, ня месяц, а гады. Перажывем і гэта”.

Праблема зь месцам правядзеньня зьезду ўзьнікла пасьля таго, як Менгарвыканкам даслаў на адрас партыі афіцыйны адказ, у якім напісана: “Інфармуем, што вызначэньне месца правядзеньня мерапрыемства зьяўляецца абавязкам асобаў, якія адказныя за арганізацыю і правядзеньне гэтага мерапрыемства”. Дарэчы, звароту па дапамогу ў сталічны гарвыканкам папярэднічалі аж 23 адмоўныя адказы з розных установаў, дзе партыйнае кіраўніцтва хацела арандаваць залю.

Таму пасьля завяршэньня афіцыйнай часткі зьезду яго дэлегаты зьбіраюцца выйсьці альбо на Кастрычніцкую плошчу, альбо да менскага гарвыканкаму, каб выказаць свой пратэст.

Сябра Палітрады Аляксандар Дабравольскі разважае аб магчымых наступствах гэтай акцыі:

“Наступствы могуць быць самыя розныя. Самае галоўнае, што ўлада ўжо ня толькі не дае слова сказаць, але і не дае магчымасьці людзям, якія маюць гэтае права, ім карыстацца. Ні партыям, ні людзям”.

Пра сваё жаданьне балятавацца на зьездзе на пасаду старшыні партыі ўжо заявіў кіраўнік Лельчыцкай гарадзкой арганізацыі Мікалай Гаўрыленка. На двух папярэдніх форумах ніхто не спрабаваў кінуць пальчатку Анатолю Лябедзьку. 48-гадовы фэрмэр разумее, што ягоныя шанцы скласьці канкурэнцыю дзейнаму лідэру невялікія, але ад свайго намеру ён не адмаўляецца. Учора ўвечары ў інтэрвію “Свабодзе” ён так патлумачыў сваё рашэньне:

“Да такога рашэньня падштурхнула тое, што сталічны наш бамонд вельмі мала ўвагі аддае рэгіёнам. Выходзяць, напрыклад, нядрэнныя спэцвыпускі газэтаў, бюлетэняў. Але ж часта яны ў цэнтральных офісах ляжаць гадамі. І да нас яны даходзяць тады, калі губляецца актуальнасьць. Няма сувязі з рэгіёнамі, каб гэта ўсё дастаўляць, распаўсюджваць. Няма рэклямы нашай партыі. Губляе партыя свой выгляд”.




XS
SM
MD
LG