Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня ўсе будучыя юрысты хочуць працаваць юрыстамі


У Беларусі дзясяткі выпускнікоў, юрыстаў і эканамістаў, стаяць на ўліку ў службе занятасьці. Аднак папулярнасьць дыплёма юрыста не зьмяншаецца


Старэйшы выкладчык юрыдычнага факультэту гарадзенскага ўнівэрсытэту Ігар Кузьмініч нам паведаміў пра колькасьць студэнтаў, якія ў іх навучаюцца.

Кузьмініч: “Калі ўзяць 90-100 чалавек на курс, то недзе каля трыццаці чалавек на бюджэце вучацца, а ўсе астатнія на платным. Трэба сказаць, што гарадзенскі юрфак —першы ў Беларусі, які ўвёў платнае навучаньне. Дарэчы, наш дэкан — Сокал Сьцяпан Фёдаравіч, ён пасьля гэтага зьехаў у Менск і заснаваў інстытут правазнаўства”.

Спадар Кузьмініч ня лічыць філію гэтага інстытуту вялікім канкурэнтам, паколькі конкурс на ўнівэрсытэцкі юрфак не зьмяншаецца. А ці не баяцца студэнты за свой будучы лёс, за працаўладкаваньне?

Кузьмініч: “Тут не такое простае пытаньне на самой справе. Калі спытаць студэнтаў, то большасьць кажа, нават падчас навучаньня, што яны ня будуць працаваць. Гэта азначае, што яны атрымліваюць адукацыю, а не спэцыяльнасьць. Мне так здаецца, што цяпер прыйшлі да пэўнага парытэту: тая частка людзей, каторыя на бюджэце вучацца, яна прыблізна адпавядае той колькасьці, якая імкнецца паступіць на працу па юрыдычнай спэцыяльнасьці. А тыя, якія вучацца за грошы сваіх бацькоў, мне так здаецца, што значная частка іх нават не зьбіраецца ісьці ні ў органы, ні працаваць па юрыдычнай спэцыяльнасьці, яны проста зьбіраюцца працаваць у фірме ў сваіх бацькоў, ці яны ўпэўнены, што бацькі іх уладкуюць”.

Трэба сказаць, што большасьць студэнтаў даволі ўпэўнена сябе адчувае, кажа выкладчык.

Кузьмініч: “Яны проста з гэтым дыплёмам маюць большыя шанцы паступіць на працу, напрыклад. Ну вось я ведаю, што шмат людзей, нават маіх знаёмых, якія са мной вучыліся, працуюць у фірмах мэнэджэрамі альбо ў аддзелах кадраў. Але разам з тым яны вельмі добра ўладкаваліся, маюць заробак і не бядуюць”.

Выпускніца юрфаку гарадзенка Тацяна некалькі гадоў не працавала па спэцыяльнасьці, але вырашыла выкарыстаць дыплём, здала нядаўна экзамэн на адваката, і яе паслалі ў райцэнтар.

Тацяна: “У мяне гэтае пытаньне выезду ў правінцыю ад пачатку стаяла, гэта значыцца на такіх умовах мяне й прымалі. Але да апошняга моманту я ўсё ж мела надзею, што мяне ў Горадню разьмяркуюць. Але пытаньне з правінцыяй стаяла, бо гэта нармальная практыка для спэцыялістаў: некаторы час пабыць у раёне, павучыцца, вопыту набрацца”.

Такім чынам, знайсьці працу ў правінцыі можна, але ня кожны згодны паехаць туды.
XS
SM
MD
LG