Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Пашкевіч: “Проста так нас не апраўдаюць”


Госьць “Начной Свабоды” – адзін з абвінавачаных у "працэсе 14-ці" 22-гадовы актывіст моладзевай арганізацыі АГП Міхась Пашкевіч.


У судзе Цэнтральнага раёну Менску скончыўся другі дзень судовага паседжаньня ў крымінальнай справе супраць актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Судзяць 9 актывістаў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца пад час акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Яшчэ адзін, Андрэй Кім, падчас працэсу знаходзіўся ў клетцы. Яго абвінавачваюць і ў пагрозе міліцыянту ў часе разгону акцыі 21 студзеня.

Соўсь: Міхась, добры вечар! Што Вы адчувалі, седзячы на лаве падсудных?

калі я гляджу на Андрэя, я разумею, што мне пашанцавала, прынамсі, у апошнія тры месяцы
Пашкевіч
: Насамрэч, першае, што я адчуў – гэта палёгку. Таму што калі я пабачыў свайго сябра Андрэя Кіма ў клетцы, то ўсё ж такі зразумеў, што мне яшчэ пашчасьціла, што ўвесь гэты час, што я пад сьледзтвам, я знаходжуся на волі. То бок, я ўсё ж такі на свабодзе, і паверце мне, гэта вартае таго, каб на ёй быць. І калі я гляджу на Андрэя, я разумею, што мне пашанцавала, прынамсі, у апошнія тры месяцы. Гэта, бадай што, галоўнае, што я адчуў, таму што мы сядзелі ўвесь працэс адзін насупраць аднаго.

Соўсь: За што вам зрабілі вымову ў судзе?

Пашкевіч: Насамрэч, было некалькі момантаў, за якія, з пункту гледжаньня судзьдзі, можна было зрабіць заўвагі. У дадзеным выпадку гэта было выказваньне міліцыянта наконт таго, што ў руках у Андрэя Кіма быў нейкі грамафон, прычым гэта было сказана настолькі сур'ёзна, безь ніякага адценьня жарту, што насамрэч я і ўсе астатнія засьмяяліся. Таму што нават тая блытаніна ў тэрмінах, якімі карыстаюцца нашы міліцыянты – што пра яе сказаць? Пачуцьцё гумару, жарты – гэта апошняе, што ў нас засталося, таму было б дзіўна, калі б мы яшчэ не сьмяяліся з гэтага.

Вось за гэта мы атрымалі папярэджаньне, бо судзьдзя лічыць, што калі адбываецца паседжаньне, то сьмеху ў залі ня месца. Яна кажа – гэта ня цырк, гэта ня фарс... Калі мы пасьмяяліся са слова “грамафон”, яна напэўна адчула, што мы паставілі пад сумнеў гэтае ейнае меркаваньне.

Соўсь: Вашы бацькі былі сёньня ў судзе?

Пашкевіч: Не. Я Быў супраць таго, каб яны прысутнічалі.

Соўсь: Чаму?

Я ня вельмі хачу, каб маім бацькам насамрэч адтапталі ногі альбо проста нахамілі так званыя афіцэры
Пашкевіч
: Я ня першы раз ужо прысутнічаю на такіх судах, і я бачу, як нахабна паводзяць сябе супрацоўнікі міліцыі ці то ў цывільным, ці то ў форме. Я ня вельмі хачу, каб маім бацькам насамрэч адтапталі ногі альбо проста нахамілі так званыя афіцэры. Менш за ўсё я хачу, каб яны проста нават пабачылі гэтае хамства. Я бачыў, як маці Андрэя Кіма ледзь не пакутавала маральна ад аднаго такога амапаўца... І менш за ўсё я хачу, каб яны таксама аказаліся на яе месцы... Хай лепш яны сядзяць і слухаюць гэтыя навіны па Радыё Свабода. Але мне будзе спакайней – прынамсі, ніякі міліцыянт іх не зачэпіць.

Соўсь: Мы з Вамі гутарылі адразу па завяршэньні першага дня суду, і Вы параўналі цяперашнія суды ў Беларусі з судовымі працэсамі над дысыдэнтамі за савецкім часам. Чым яны падобныя? І чым розьняцца?

Пашкевіч: Падобныя ў тым, што нас падтрымаць прыходзіць адная і тая ж кампанія. Гэта адныя і тыя ж вядомыя ў краіне праваабаронцы, лідэры палітычных партыяў, рухаў, арганізацыяў – абмежаванае кола актывістаў.

Колькі год таму я любіў чытаць кнігі і глядзець фільмы пра савецкіх дысыдэнтаў, і там часта выкарыстоўваўся момант, калі ў залі на працэсе прысутнічалі замежныя амбасадары, журналісты, і для дысыдэнтаў гэта разьвязвала пэўным чынам рукі – у такім асяродзьдзі яны маглі рабіць нейкія заявы адносна недэмакратычнасьці савецкага рэжыму, паводзіць сябе так, як лічылі патрэбным.

Раней мы сустракаліся на судзе ў Дашкевіча, Фінькевіча – а сёньня я выйшаў з будынку суду і пабачыў іх абодвух
Тое самае цяпер – і самае жорсткае, што судзяць "па кругу". Раней мы сустракаліся на судзе ў Дашкевіча, Фінькевіча – а сёньня я выйшаў з будынку суду і пабачыў іх абодвух – яны трымалі партрэты маладафронтаўцаў, якія таксама праходзяць па справе...

У свой час у Савецкім Саюзе быў такі тэрмін як “самвыдаў”. Некаторыя жартаўнікі абсьмейвалі яго: сам напісаў, сам выдаў, сам прачытаў. Тое самае і зараз назіраецца – ёсьць такі крызіс жанру. Мы самы робім акцыі, самі за іх пакутуем і самі ходзім на свае мерапрыемствы...

Соўсь: І самі потым пра іх расказваеце ў эфіры "Свабоды".

Пашкевіч: Так, на жаль, такая сытуацыя.

Соўсь
: Наколькі для Вас было нечаканым, што Вас будуць судзіць у крымінальнай справе?

Пашкевіч: Я не магу сказаць, што для мяне гэта было нечаканым, таму што ўсё ж такі з 1999 году я пастаянна сачу за падзеямі ў краіне, ведаю, як фабрыкуюцца справы – я быў бы вельмі зьдзіўлены, калі б я ня трапіў таксама пад справу.

Больш таго, калі мы ў студзені адбывалі адміністратыўны арышт за падзеі ў часе маршу прадпрымальнікаў, мы таксама пільна сачылі за прэсай, і чыталі прэсавыя канфэрэнцыі з удзелам міністра ўнутраных спраў Навумава, бачылі яго заявы, і калі ён сказаў, што бярэ гэта пад уласны кантроль, мы зразумелі, што нешта насамрэч будзе. І больш за тое, калі на наступны дзень пасьля адміністратыўных судоў нас пачалі выклікаць да сьледзтва ў якасьці сьведкаў, мы зразумелі, што нешта пачнецца.

У той жа час ў намі ў камэры сядзеў Анатоль Шумчанка, які ў свой час у 2005 годзе ўжо сядзеў на Валадарцы за арганізацыю прадпрымальніцкага руху, і ён таксама казаў, што гэта верагодна, што будзе распачатая крымінальная справа. І тое, што нас выклікалі ў сьледчае ўпраўленьне і зрабілі спачатку падазраванымі, а потым абвінавачанымі, гэта не было для мяне зьдзіўленьнем – я быў да гэтага ўжо маральна падрыхтаваны.

Соўсь: Як Вы думаеце, якім будзе прысуд?

Што тычыцца нас – я спадзяюся на штрафы, на нейкі больш мяккі прысуд
Пашкевіч
: Я згодны зь Міколам Статкевічам, што найбольш за ўсіх нас пакутуе Андрэй Кім. Ён за кратамі, і ў яго два артыкулы – ён насамрэч зрабіўся жывым закладнікам рэжыму. Бо калі мы цяпер знаходзімся пад падпіскай аб нявыезьдзе, то ў выпадку з Андрэем улада нізавошта яго не апраўдае, бо калі яна яго апраўдае, яна павінна будзе заплаціць яму матэрыяльную і маральную кампэнсацыю, і больш таго, прызнаць, што для яе была галоўнай лякалізацыя актывіста... Так што Андрэй насамрэч зрабіўся закладнікам.

Што тычыцца нас – я спадзяюся на штрафы, на нейкі больш мяккі прысуд. Таму што я ня думаю, што нас апраўдаюць. Так, мы актыўна ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве – ніхто не пачуе фразы "Высокі суд, даруйце мне, я прызнаю сваю віну, я ня меў рацыі". Такога ня будзе. Адпаведна, ня будзе і больш мяккіх прысудаў. Хаця там артыкул даволі шырокі, і хімію можа хто-небудзь і атрымаць. Проста так нас ніхто не апраўдае.

Соўсь: Сёньня ля суду адбылася акцыя салідарнасьці з абвінавачанымі. Наколькі для Вас важная падтрымка паплечнікаў і ўвогуле ўсіх неабыякавых людзей?

Пашкевіч: Насамрэч, падтрымка важная. Іншая справа, што мне зусім не хацелася б, каб у той жа момант, калі я выйду з будынку суду, я даведаўся, што кагосьці павезьлі на Акрэсьціна. Аднаго майго старога сябра зь Бярозы затрымалі каля будынку КДБ, абшманалі і проста разьвярнулі, нават не дапусьцілі блізка да суду.

Салідарнасьць паказвае ў першую чаргу дзяржаве, што яе ўчынкі ня пройдуць беспакаранымі. Салідарнасьць дае і нам маральную сілу, маральны стрыжань. Таму што калі ведаеш, што за сьценамі стаяць некалькі дзясяткаў паплечнікаў, якія маральна з табою, усё робіцца весялейшым. Больш за тое, акцыі салідарнасьці – гэта ўвага прэсы, а ўвага прэсы – гэта адпаведна ўвага грамадзкасьці і замежжа, а гэта ўжо і ўвага да нашай дзяржавы, і, адпаведна, Лукашэнка ўжо вымушаны дзейнічаць хаця б для выгляду гуманна і законна.

Міхась Пашкевіч нарадзіўся ў 1986-м годзе у Расеі, потым жыў Бярозе на Берасьцейшчыне. У 13 год падрабіў подпіс бацькоў на заяве пра згоду, каб сын быў сябрам “Маладога фронту” і разам зь сябрамі пачаў актыўную дзейнасьць у Бярозе. Потым была кампанія “Выбірай” падчас выбараў 2001-га. Паступіў на гістарычны факультэт БДУ, адкуль быў адлічаны пасьля выбараў 2006-га. Ад 2006 году ў моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG