Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе Цэнтральнага раёну Менску судзяць удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Якія самыя яскравыя ўражаньні ад другога дня працэсу?

Пад гэтае бубненьне судзьдзі, вельмі лёгка заснуць. І я ледзь не заснуў.

Антон Койпіш: “Сёньня судзьдзя зачытвала матэрыялы справы, усяго чатыры тамы, і пад іх, пад гэтае бубненьне судзьдзі, вельмі лёгка заснуць. І я ледзь не заснуў. Дзякуй Богу, Алесь Стральцоў мяне разбудзіў. Усе пяць адвакатаў зьвярнулі ўвагу, што судзьдзя рабіла апазнаньне – той на гэтым здымку ці ня той. І яна зрабіла выснову, што, напрыклад, я фігурую ў двух момантах: калі стаю перад аўтобусам, але хто з людзей ня можа апынуцца перад аўтобусам?! І ў канцы мітынгу, калі я перабягаю праезную частку ў неадпаведным месцы. І яна сказала, што гэта я, а магчыма і не я. І, наогул, судзьдзя сваімі пытаньнямі , фактычна, дапамагала пракурору”.

Алесь Чарнышоў: “Паказаньні сьведкаў уражваюць. Яны супярэчлівыя, бо бальшыня сьведкаў нас наогул ня бачыла. І не зразумела, што яны робяць у якасьці сьведкаў. І калі ў судзе будзе хоць нейкая доля праўды, то гэты момант будзе ўлічаны”.

Аляксей Бондар: “Уразіла судзьдзя. Напрыклад, калі разглядала пісьмовыя матэрыялы справы, фотаздымкі і сказала – а вось Бондар. Потым паглядзела на мяне і дадала – “З характэрным выразам твару”. Але ня здолела патлумачыць, што гэта азначае.
Яшчэ мяне ўразіў супрацоўнік ДАІ Падбярозкін. Вельмі цынічна і непрыемна ён гаварыў. І на хаду прыдумляў, што ад нас “ішоў пах перагару”. Калі чалавек так цынічна дае на працэсе ілжывыя паказаньні, гэта цяжка ўражвае”.

Уладзімер Сяргееў: “Найбольш уразілі сьведчаньні супрацоўніка ДАІ, спадара Падбярозкіна, дзе была хлусьня. Зь яго словаў вынікала, што ад нас нібыта “ішоў перагар”, што мы “груба і цынічна парушалі парадак”, учынілі “вакханалію”. Прычым хлусьня была і ў такіх момантах, што мы нібыта не прапускалі хуткую дапамогу... Гэта найбольш уразіла. Гэты спадар паводзіў сябе вельмі нахабна, быў абсалютна неаб’ектыўным. А пракурор і судзьдзя цалкам яму патакалі ў гэтых выказваньнях”.
Суд пачаўся сёньня так неяк бурліва

Алесь Стральцоў: “Першыя хвіліны суду, фактычна, яшчэ да суду, калі не пускалі маю маці нават блізка да будынку суду. Не пускалі іншых людзей з маёй групы падтрымкі. Нават у мяне былі праблемы прайсьці ў суд. Я праходзіў некалькі дзесяткаў мэтраў, а мяне потым вярталі, казалі, што пакуль ня пусьцяць. Суд пачаўся сёньня так неяк бурліва. А пазьней, калі судзьдзя нешта мармыча сабе пад нос і міліцыянты даюць пад капірку паказаньні, то там вялізных уражаньняў няма. Але агульнае ўражаньне, што вельмі шмат і станоўчых для нас паказаньняў”.

Міхаіл Крываў: “Выступаў супрацоўнік дзяржаўтаінспэкцыі, спадар Падбярозкін. Яго паказаньні мяне вельмі ўразілі, бо былі збудаваны на шчырай хлусьні. Ён не саромеўся ў выказваньнях, казаў, што мітынг 10 студзеня быў “вакханаліяй”, “бясчынствамі”, а дэманстранты паводзілі сябе “груба і цынічна”.
Лейтэнант ДАІ Субач пачаў размаўляць у судзе па-беларуску і гэта было самае файнае

Міхась Пашкевіч: “Лейтэнант ДАІ Субач пачаў размаўляць у судзе па-беларуску і гэта было самае файнае ўражаньне ад сёньняшняга паседжаньня. Так што насамрэч не так усё і запушчана. Ня кожны супрацоўнік міліцыі дэманструе ў Беларусі, што ён валодае беларускай мовай. Але судзьдзя яго перапыніла па-расейску і сказала, калі яму зручна, то ён можа гаварыць па-расейску. І ён неяк замяўся і зноў пачаў гаварыць па-расейску. Нашы адвакаты рабілі заўвагі адносна вядзеньня справы, але яны ўсе пакінутыя без увагі”.


"Працэс 14-ці". Працяг - заўтра а 10-й раніцы

Другі дзень “Працэсу 14-ці”: фотарэпартаж


"Працэс 14-ці": Дзень першы. Вынікі


Першы дзень “Працэсу 14-ці”: фотарэпартаж


У акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, якая адбылася 10 студзеня сёлета, бралі ўдзел каля трох тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў былі затрыманыя і зьбітыя. Супраць 14-ці выстаўлены крымінальныя абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Вось іх імёны. Аляксандр Баразенка, Аляксей Бондар, Павал Вінаградаў, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Андрэй Кім, Антон Койпіш, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Субач, Уладзімір Сяргееў, Алесь Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука будуць судзіць пазьней. Яны не пасьпелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму працэс над імі перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

XS
SM
MD
LG