Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні адказаў на пытаньні Радыё Свабода пра свае апошнія ініцыятывы і пра падзеі ў Радзе Эўропы, зьвязаныя зь Беларусьсю.


Карэспандэнт: “Вы зьвярнуліся да кіраўнікоў палат Нацыянальнага сходу Беларусі з заклікам пачаць падрыхтоўку да ўвядзеньня мараторыю на выкананьне сьмяротных прысудаў. Ці маеце вы ўжо нейкую рэакцыю на свой зварот? Некаторыя назіральнікі ў Менску з гэтай нагоды зазначалі, што вам варта было б наўпрост зьвяртацца да А. Лукашэнкі. Ці пагаджаецеся вы?”
Я быў вельмі расчараваны...

Рыгоні: “Цягам маіх сустрэч у Менску летась у кастрычніку я абмяркоўваў пытаньне сьмяротнага пакараньня зь некалькімі высокімі чыноўнікамі, падкрэсьліваючы неабходнасьць для Беларусі скасаваць яго ці прынамсі ўвесьці мараторый на выкананьне такіх прысудаў у якасьці прамежкавага кроку да поўнага іх скасаваньня. Рэакцыі, якія я атрымаў, пакінулі ў мяне ўражаньне, што пэўнага прагрэсу ў гэтай галіне дасягнуць магчыма.

Таму я быў вельмі расчараваны, пачуўшы, што за тыя месяцы, якія мінулі пасьля майго візыту, былі пакараныя сьмерцю 4 чалавекі. Таму я і вырашыў выступіць са зваротам у выглядзе адкрытага ліста. Я хацеў зьвярнуцца да кіраўнікоў дзьвюх палат парлямэнту — спадароў Папова і Навіцкага, зь якімі я асабіста абмяркоўваў гэтую праблему і якія ведаюць, наколькі цьвёрда я асабіста падтрымліваю скасаваньне сьмяротнага пакараньня. Я хацеў, каб гэта быў публічны зварот, зь якім лёгка мог бы пазнаёміцца ўвесь народ Беларусі. Да пазытыўных момантаў магу аднесьці тое, што надрукаваць мой ліст пагадзілася “Народная газета”. Гэта першы такога кшталту ліст эўрапейскага дакладчыка, апублікаваны ў Беларусі.

Як дакладчык ПАРЭ па Беларусі я бачу сваю ролю ня толькі ў тым, каб рыхтаваць справаздачы з апісаньнем сытуацыі ў Беларусі і рэкамэндацыямі, але і ў тым, каб паспрыяць усталяваньню шчыльнейшых кантактаў беларускага грамадзтва з Радай Эўропы і яе каштоўнасьцямі”.

Карэспандэнт: “Пазаўчора ПАРЭ заклікала беларускія ўлады спыніць палітычна матываваныя крымінальныя працэсы. Учора перад судом за ўдзел у мірнай дэманстрацыі паўсталі 10 маладых актывістаў. Ці не разглядаеце вы гэта як пэўнага кшталту рэакцыю афіцыйнага Менску на заклік са Страсбуру?
Без пасьлядоўных і пазытыўных крокаў з боку ўладаў гэты дыялёг ня можа рухацца далей

Рыгоні: “Даклад Хрыстаса Пургурыдэса на гэтую тэму вельмі важны: асамблея павінна вельмі выразна выступаць супраць парушэньняў правоў чалавека і злоўжываньняў крымінальнай судовай сыстэмай у палітычных мэтах, дзе б яны ні адбываліся, і павінна заклікаць улады спыніць іх. У гэтым роля Рады Эўропы як вартавога правоў чалавека ў Эўропе. Але адначасова роля Рады Эўропы і тым, каб у духу супрацоўніцтва дапамагаць дзяржавам дасягнуць высокіх стандартаў у галіне дэмакратыі і панаваньня закону. Таму маё пэрсанальнае перакананьне палягае ў тым, што адной крытыкі, хоць яна і неабходная, недастаткова, і што для таго, каб атрымаць канкрэтны вынік, як мінімум патрабуецца палітычны дыялёг з зацікаўленымі бакамі.

Я ня думаю, што беларускія ўлады пазытыўна адкажуць на захады, якія расцэньваюцца імі як ціск. Пэўна адно: як гэта ні назаві — умовы, патрабаваньні, прапановы, — без пасьлядоўных і пазытыўных крокаў з боку ўладаў гэты дыялёг ня можа рухацца далей і ня можа прывесьці да аднаўленьня статусу спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ для беларускага парлямэнту.
Канкрэтнага графіку прадстаўленьня майго дакладу няма

Карэспандэнт: “Калі вы мяркуеце прадставіць свой даклад па Беларусі і ці не зьбіраецеся яшчэ раз наведаць Менск?”

Рыгоні: “Канкрэтнага графіку прадстаўленьня майго дакладу няма. Апошнія падзеі ў Беларусі супярэчлівыя — з аднаго боку, вызваленьне з турмаў некалькіх важных палітычных фігур, з другога — рэпрэсіі 25 сакавіка і сэрыя працэсаў над палітычнымі актывістамі.

Бліжэйшыя месяцы стануць ключавымі для разуменьня таго, у якім кірунку насамрэч зьбіраюцца рушыць беларускія ўлады. Хацелася б таксама пабачыць, ці будуць зробленыя нейкія канкрэтныя крокі ў адказ на мой заклік увесьці мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў і ці дойдзе да завяршэньня справа адкрыцьця ў Менску Інфармацыйнага пункта Рады Эўропы.

Гэты інфармацыйны пункт, які можа значна спрычыніцца да працэсу дэмакратызацыі ў краіне, я лічу вельмі важным. Напярэдадні выбараў вельмі важна таксама ўбачыць, ці будзе апазыцыя мець вольны доступ да СМІ і ці зможа свабодна весьці выбарчую кампанію. Для мяне як дакладчыка па Беларусі гэта азначае, што можа спатрэбіцца дадатковы час, і я сур’ёзна разглядаю магчымасьць другога візыту ў Менск”.

XS
SM
MD
LG