Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі "Вольная студыя". Эфір 13 красавіка.


“З бацькоўскай кружэлкі” – пад гэткай назвай выйшаў у сьвет новы песенны альбом барда Алеся Камоцкага. Ён складаецца з папулярных за савецкім часам песьняў, пераствораных і выкананых па-беларуску. “Груган”, “Клён стары”, “Самотны гарманіст” і па-беларуску гучаць пазнавальна ды здольныя выклікаць настальгічныя пачуцьці па даўніх часах. Навошта спатрэбіліся старыя расейскія песьні ў сучаснай Беларусі – пра гэта слынны выканаўца расказаў у “Вольнай студыі”.

“Мы жылі ў атмасфэры, дзе савецкія песьні панавалі, яны ў нас глыбока ў падсьвядомасьці, і іх адтуль ужо ня выкінеш”

Міхась Скобла: “Алесь, найперш віншую з выхадам новага альбому. Я разумею, што творца павінен быць заўсёды нечаканым… І ўсё ж, што падштурхнула цябе да перасьпеву старых савецкіх песьняў?”

Алесь Камоцкі: “Цяжка сказаць, што падштурхнула. Вось захацеў і – зрабіў. Я дайшоў да такога ўзросту, калі магу сабе такое дазволіць. Усё атрымалася неяк вельмі нечакана.

Я доўга думаў над сваім будучым альбомам, было ў мяне некалькі канцэптуальных варыянтаў, але не спыніўся ні на адным. А потым раптам злавіў сябе на тым, што ў маёй галаве круціцца “Шумел камыш”… па-беларуску. Я пасьмяяўся сам зь сябе, але песьня не давала спакою. І я стаў паціху, для самога сябе перакладаць гэтыя старыя песьні. А паралельна думаў, як іх скласьці ў адзін цэласны альбом.

Разумееш, у чым рэч? Калісьці нам так глыбока ў падсьвядомасьць загналі гэтыя песьні, што іх адтуль ужо ня выкінеш. Мы расьлі, сьпявалі тое, што нам падабалася, а яны гучалі паўсюдна! Той жа “Стары клён”… Слухай ты яго ці ня слухай, але ўсё роўна будзеш ведаць. Мы жылі ў атмасфэры, дзе гэтыя песьні панавалі. І зь іх вельмі многія, прыкладам, “Дружба”, мне вельмі падабаліся. Ды й цяпер падабаюцца”.

“Пра Заслонава і калгасы я сьпяваць не люблю”

Скобла: “Я тут стараюся прыгадаць хоць адзін аналягічны выпадак. Здаецца, славутую “Белавескую пушчу” пераклаў на беларускую мову Расьціслаў Завістовіч, а канкурэнтам “Песьняроў” у выкананьні быў Данчык... Наколькі вялікія адхіленьні ты дазваляў сабе пры перакладзе-перасьпеве, калі параўнаць з арыгіналам?”

Камоцкі: “У музыцы практычна няма ніякіх адхіленьняў. Што да тэкстаў, то часам я іх проста перапісаў, стварыў новы тэкст на ранейшы матыў. Таму што песьні даўнія, ня ўсё ў іх на сёньняшні дзень гучыць актуальна. Прызнаюся, я ня вельмі стараўся дапільноўвацца, што называецца, літары, а вось дух, настрой стараўся перадаваць адэкватна. А каб захаваць настрой, быў вымушаны часам пісаць новы тэкст. Скажам, калі ў песьні сьпявалася пра капусту, а ў мяне атрымалася – пра чарэшню, то ў прынцыпе гэта тое самае.

Ці возьмем знакамітую пасьляваенную песьню “Ляцяць пералётныя птушкі…” У тэксьце там: “Когда обошёл я полмира, шагая с винтовкой в руке…” Герой абыходзіць з ружжом паўсьвету, сумуючы па радзіме. Сучаснаму слухачу гэта можа быць незразумела. Цяпер жа вайна, калі адбываецца, яна пастаянна з намі, ня трэба нікуды хадзіць. Таму я напісаў так, як адчуў пачуцьці таго чалавека: “Блакітам нябёсаў асеньніх, / Паветрам празрыстага дня / Лятуць пералётныя птушкі / Цяплейшага сонца дагнаць. / А я на зямлі застаюся / Чакаць маразы і сьнягі / У роднай сваёй Беларусі, / Дзе кожны куток дарагі. / Растане ільдзінка расстаньня, / Разьвеецца смутак стары, / Стагодзьдзі лічыць не прыстане / Зязюля ў зялёным бары”.

Скобла: “А чаму ты не абсучасьніў старыя беларускія песьні? Прыкладам, “Песьню пра Канстанціна Заслонава”, ці – “Бывайце здаровы, жывіце багата…” Няўжо табе беларускія савецкія песні зусім не падабаюцца?”

Камоцкі: “Чаму не падабаюцца? Проста я пра Заслонава й калгасы сьпяваць не люблю. Мне падабаюцца зусім другія песьні. І я раблю тое, што мне падабаецца. А калі ўжо браць беларускія старыя песьні, то мне, прыкладам, даспадобы “Ручнікі”. Песьня гэтая – пазачасавая. Як, дарэчы, тыя самыя “Дружба” й “Стары клён”.

“Крызіс эканамічны мае месца, крызіс палітычны ў наяўнасьці, а крызісу беларускай песьні – няма”

Скобла: “Сёньня па многіх і розных прычынах назіраецца пэўны крызіс беларускай песьні. Скажам, на афіцыйным сайце Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі (гэта сучасны заменьнік колішняму камсамолу) – савецкія песьні без усялякіх пераробак: і “Мой адрас – Савецкі Саюз”, і “Песьня пра БАМ”. Як ты лічыш, ці могуць гэтыя песьні ізноў зрабіцца папулярнымі?”

Камоцкі: “Па-першае, у адну рэчку, як вядома, двойчы ня зойдзеш. Мяне абсалютна не цікавіць ні камсамол, ні ягоны пераемнік ці пасьлядоўнік. Мне нецікава, якія песьні яны сьпяваюць ці прапагандуюць. Яны існуюць самі па сабе, я – сам па сабе.

Па-другое, ніякага крызісу беларускай песьні я ня бачу. Наадварот, сёньня зьяўляецца нямала новых добрых твораў. Іншая справа, што я іх ня чую па радыё і тэлебачаньні. Але крызісу песьні няма. Крызіс эканамічны мае месца. Крызіс палітычны ў наяўнасьці. Але яны ня маюць дачыненьня да песеннай культуры. Сёньня беларускіх песьняў зьяўляецца столькі, колькі ніколі не зьяўлялася! Безьліч аўтараў дваццацігадовых зьявілася! Ім нявыгадна пісаць беларускія песьні, нерэнтабэльна. А яны гэта робяць!”

Скобла: “А дзе іх можна пачуць? Раней адбываліся бардаўскія фэстывалі, а сёньня пра іх не чуваць”.

Камоцкі: “Зазірні ў інтэрнэт – там штодня можна знайсьці інфармацыю пра нейкую беларускую імпрэзу, дзе й выступае моладзь. Абавязкова кожны тыдзень падобныя выступы адбываюцца. І фэстывалі ладзяцца, і тут, і за мяжой. Скажам, штогод мы выяжджаем у Бельск-Падляскі пад Беластокам, там адбываюцца фэстывалі беларускай аўтарскай песьні. У гэтым годзе на фэстываль “Залаты акорд”, які будзе ў Санкт-Пецярбургу, паедуць два нашы беларускамоўныя выканаўцы – Алесь Зайцаў і Каця Ваданосава. Гэта вельмі таленавітыя й сымпатычныя людзі. І добра, што піцерцы пачуюць нашы песьні. Так што ўсё рухаецца, усё жыве”.

“Гледачы маёй кнігі “48” міжволі ператвараюцца ў чытачоў”

Скобла: “Летась ты выдаў уласны паэтычны зборнік пад “лічбавай” назвай “48”. Вершы там чаргуюцца зь яркімі мастацкімі фатаздымкамі Вадзіма Грудзька. А ты не баісься, што чытач кнігі міжволі ператворыцца ў гледача?”

Камоцкі: “Я не баюся, што чытач ператворыцца ў гледача, а глядач – у чытача. Чаму нельга дапусьціць, што той, каго прывабяць фоткі, захоча пачытаць і вершы? Проста паэзію трэба выдаваць паважна.

Летась у мяне выйшлі дзьве кніжкі – адна ў выдавецтве “Радыёла-плюс” і другая – у “Мастацкай літаратуры”. Калі мне зь дзяржаўнага выдавецтва запрапанавалі выдацца, то я нават не паверыў. Ніхто ніколі не выдаваў мяне, я мусіў дбаць пра гэта сам. А тут прапанавалі й выдалі. Дзякуй “Мастацкай літаратуры”! Але яны вершы друкуюць упадбор, адзін за другім. А да паэзіі трэба ставіцца больш паважна. Верш – гэта адзінкавая зьява. Таму ў другой маёй кніжцы да кожнага верша падабраны адпаведны здымак, я сам падбіраў па настроі, па калярыце. І там як бы відна павага і выдаўца і аўтара (нават двух) да кожнага напісанага верша”.

“Сяброўства з Рыгорам Барадуліным – вялікая падзея ў маім жыцьці”

Скобла: “Я памятаю твой песенны цыкль на вершы Рыгора Барадуліна пад назвай “Зорка спагады”. Там абсалютна іншы Барадулін, не падобны на сябе самога – ні ранейшага, ні пазьнейшага. Відаць, гэтыя творы ён пісаў адмыслова для Камоцкага-выканаўцы. А з кім бы ты яшчэ хацеў пасупрацоўнічаць гэтак жа плённа, як з Барадуліным?”

Камоцкі: “Такое “супадзеньне разьбы”, кажучы тэхнічнай мовай, якое адбылося ў нас з Барадуліным, бывае вельмі рэдка. Гэта шчасьце, калі яно ўвогуле бывае. Вось я прыкідваю: здаецца, мінулася гадоў дванаццаць з таго часу, як мы нешта разам пачалі рабіць. І цяпер мы ледзь не штодня сустракаемся, а калі не сустракаемся, то разы два-тры абавязкова стэлефаноўваемся. Паўтаруся: гэта проста шчасьце, калі мае месца гэткае супадзеньне з другім чалавекам. Наўрад ці ў мяне нешта падобнае можа паўтарыцца зь іншым паэтам. Мне яшчэ надоўга хопіць тых пачуцьцяў, якія былі пры мне, калі ўсё гэта пісалася. Сяброўства з Барадуліным – вялікая падзея ў маім жыцьці. Такое ўзаемаразуменьне – гэта шчасьце. І яно ў мяне было”.

“Мая творчасьць ня тры капейкі каштуе, і часам людзі гэта разумеюць”

Скобла: “Ты ўжо шмат гадоў вольны мастак, ні сталай працы, ні службы ня маеш. Як часта табе даводзіцца выступаць, і ці хапае адных ганарараў на пражыцьцё?”

Камоцкі: “Выступаць прыходзіцца на самых розных умовах. Бывае, што й бясплатна. Далёка ня ўсе, хто хоча мяне слухаць, могуць заплаціць. А калі запрашаюць пабыць вясельным генэралам, то я не пайду нават і за грошы. У мяне шмат чаго напрадукавана – кніжкі, дыскі. Пасьля канцэрту людзі іх ахвотна набываюць. Гэта нейкім чынам кампэнсуе ганарар. Праўда, бывае, заможныя людзі разумеюць, што мая творчасьць ня тры капейкі каштуе. І калі могуць заплаціць, то я не адмаўляюся. Так што неяк жывем”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG