Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Брусэлі ў Эўрапарлямэнце адбыліся слуханьні “Чарнобыль сёньня”, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі.


У парлямэнцкіх слуханьнях бралі ўдзел дэпутаты рабочай групы па сувязях зь Беларусьсю і яе кіраўнік Яцэк Пратасэвіч, прадстаўнікі Эўракамісіі, а таксама дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі. Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў пра мэты слуханьняў:

“Гэта прыцягненьне ўвагі да чарнобыльскай праблематыкі ў сьвятле палітычнай сытуацыі ў Беларусі і геаграфічнага факту Беларусі як эўрапейскай краіны. Слуханьні рыхтаваліся даўно. І ў немалой ступені іх задачай было даць трыбуну прафэсару Бандажэўскаму і акадэміку Нікітчанку як носьбітам аб’ектыўнай і праўдзівай інфармацыі”.

Гаворачы пра наступствы Чарнобылю ў Беларусі, парлямэнтар Вітаўтас Ландсбэргіс абураўся, што “паўзучы генацыд” пакінуты без супрацьдзеяньня:

“Гэтае няшчасьце, гэтая катастрофа працягваецца, і пра гэта сёньня ішла размова. Чарнобыль быў і застаецца эўрапейскай праблемай. Дадзеныя адносна росту пэўных ракавых захворваньняў і пашкоджаньня органаў, асабліва ў дзяцей, ёсьць сыгналам, што гэта зусім ня скончана. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка стараецца гэта абсалютна закрыць і нават здымае ўсялякую дапамогу ахвярам Чарнобылю. Але Эўропа ня можа на гэта забыцца”.

Вельмі шмат гаварылася пра гуманітарную і навуковую дапамогу, праграмы аздараўленьня дзяцей. Спадар Вячорка сказаў:

“Людзі ў Эўрапейскім парлямэнце і наагул нашы эўрапейскія сябры вельмі даткліва і па-чалавечы ставяцца да гэтых праблемаў, але мы ўсе ведаем, якія перашкоды ім ствараюцца, каб такая дапамога не магла нармальна аказвацца”.

У сваім выступе спадар Вячорка закрануў, між іншым, пытаньне пра зьмякчэньне візавага рэжыму для беларусаў:

“Таксама я падняў пытаньне эфэктыўнасьці і магчымага далейшага пашырэньня “чорнага” візавага сьпісу для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Сярод кандыдатаў я назваў судзьдзяў, рэктараў і кіраўнікоў унівэрсытэтаў, зь якіх выкідаюць студэнтаў. І таксама я запрасіў эўрадэпутатаў пільна сачыць за сытуацыяй у Беларусі напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”, прэвэнтыўныя арышты ўжо пачаліся. І падчас “Чарнобыльскага шляху” пільна назіраць за падзеямі, а магчыма, і прыехаць тым, хто можа”.

Па выніках слуханьняў ухваленая дэклярацыя. У ёй даецца палітычная ацэнка чарнобыльскай катастрофы як злачынства савецкага рэжыму. У дакумэнце таксама гаворыцца, што аўтарытарная прырода і самаізаляцыянісцкая палітыка беларускага рэжыму стварае дадатковыя перашкоды для таго, каб эфэктыўна пераадольваць наступствы чарнобыльскай катастрофы. І, на жаль, не спрыяе шчыльнейшай супрацы з Эўразьвязам па шырэйшым коле пытаньняў агульнага клопату, уключна з чарнобыльскімі. Такім чынам, яна не дазваляе перайсьці да больш грунтоўнай фінансавай падтрымкі Эўразьвязам гэтых пытаньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG