Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Замест ільготаў улада абяцала адрасную дапамогу. Дзе яна?”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 17 красавіка, чацьвер.


Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Тэлефон у Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375-029-391-22-24.


Некалькі тэлефанаваньняў сёньня — на тэму сталінскіх рэпрэсіяў.

Зіноўеў: “Пра Курапаты ня ведалі, таму што ў КДБ быў і ёсьць прынцып ліквідацыі ліквідатараў? Дзякуй”.

Спадару Зіноўеву адказвае кандыдат гістарычных навук, дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў:

“Гэта праўда, што з тых, хто браў удзел у масавых расстрэлах, прыкладна дзьве траціны былі зьнішчаныя сваімі да 1940 году. З тых, хто застаўся, частка загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І таму такіх жывых сьведкаў расстрэлаў — у Курапатах, у іншых месцах — засталіся адзінкі. Але да сёньняшняга дня існуе такое негалоснае ўказаньне пра тое, што ўсе былыя супрацоўнікі НКУС знаходзяцца пад непасрэднай абаронай цяперашніх органаў дзяржбясьпекі”.

І яшчэ адно тэлефанаваньне на гэту тэму. Учора адбылася вечарына, прысьвечаная 50-годзьдзю пісьменьніка Леаніда Маракова, аўтара даведнікаў “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі 1794—1991”, кніг “Непамяркоўныя”, “Ахвяры і каты”.

Спадарыня: “Сёньня дзень нараджэньня пісьменьніка Леаніда Маракова. Я мела магчымасьць пазнаёміцца з кнігамі Леаніда Маракова, таксама праслухаць перадачы па радыё. Хачу выказаць яму вялізную падзяку ад імя сям’яў рэпрэсаваных. Я лічу, дзяржава павінна дапамагчы выданьню гэтых кніг. Гэта такая гіганцкая праца гісторыка, пра якую павінны ўсе ў Беларусі ведаць”.

Кнігі Леаніда Маракова дзяржаўныя выдавецтвы дагэтуль, сапраўды, не выдавалі. Але так супала, што якраз напярэдадні юбілею ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла першая ягоная кніга. Меркаваньне самога аўтара:

“Тыдзень таму “Мастацкая літаратура” асьмелілася выдаць “Сшытак забітага кантрабандыста”. Гэта такія дэтэктыўна-прыгодніцка-фантастычна-містычныя апавяданьні. Такая эўрапейская навэля сучасная. Але, па-першае, памянялі назву: замест “Сшытак забітага кантрабандыста” зрабілі “Запісы забітага кантрабандыста”. Па-другое, паўлазілі ў тэксты. Відаць, прыйдзецца за свой кошт выдаваць арыгінальны варыянт”.

Кожны дзень на “Свабоду” працягваюць тэлефанаваць людзі, якія абураюцца скасаваньнем ільготаў:

Спадар: “Замест ільготаў улада абяцала нейкую адрасную дапамогу. Дзе яна? Інвалід першай групы папрасіў узяць у яго аналіз крыві на цукар. Яму адказалі: “Прыехаць ня можам. Няма паліва, бэнзіну”. Дзе тое паліва? У баках “Боінга”? Можа, з “бацькам” паляцела ў Віетнам? Што яшчэ казаць пра нашу ўладу? У яе прыродзе думаць толькі пра сябе і ніколі пра народ”.

Яшчэ адно пытаньне — пра ўзьдзеяньне сродкаў мабільнай сувязі на здароўе:

Спадарыня: “Паважанае Радыё Свабода! У мяне пытаньне да вашага супрацоўніка Дранчука. Паважаны спадар Дранчук! Перад нашымі вокнамі насупраць дзіцячай пляцоўкі па вуліцы Карбышава 7а, на аднапавярховай краме “Белванс” пастаўленыя дзьве вялізныя вышкі для атрыманьня сыгналаў з сотавых тэлефонаў. Апошнім часам мы ўсе пачалі часта хварэць. Скажыце, калі ласка, як гэта можа адбіцца на здароўі чалавека і экалёгіі?”

На пытаньне слухачкі адказвае эколяг і журналіст Валер Дранчук:

“У гэтай галіне, досыць новай і нечаканай, спэцыялістаў няшмат. Тым ня менш, публікацыяў на гэтую тэму досыць багата. У “Народнай Волі” днямі я заўважыў публікацыю “Мабільныя тэлефоны забіваюць”. Аўтар, вельмі знаны ў сьвеце прафэсар Курана, зьвязвае разьвіцьцё мабільнай сувязі з павышэньнем захворваньняў на рак. Магчыма, тое, што жанчына кажа, маўляў, яны пачалі больш хварэць, — гэта перабольшаньне. Але пакуль ніхто дакладна ня скажа, як канкрэтна адаб’ецца мабільная сувязь на здароўі чалавека. Час пакажа”.



XS
SM
MD
LG