Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі Салігорску заклікалі маліцца за Казуліна


Група вернікаў з Салігорску заклікала хрысьціянаў Беларусі разам памаліцца за вызваленьне Аляксандра Казуліна.


Супольную малітву яны прапануюць зладзіць 25 красавіка а 18-й гадзіне.

Салігорскія хрысьціяне заклікаюць маліцца вернікаў усіх канфэсій у розных гарадах і мястэчках Беларусі адначасна. Адна з ініцыятарак акцыі, грамадзкая актывістка Ларыса Насановіч гэтак патлумачыла патрэбу супольнага звароту да Бога:

Насановіч: “Усё, што людзі ў нашай краіне робяць дзеля Казуліна, блякуецца ўладамі. Мы і пікеты спрабавалі ладзіць, і мітынгі, і подпісы зьбіралі, але безвынікова. Але нашая ўлада забылася, што Бог ёсьць насамрэч. І менавіта ў ягоных руках усё. Мы ўсе вернікі і мы ведаем, калі шмат людзей аб’яднаюцца ў малітоўным чыстым імкненьні, то гэта дойдзе да нябёсаў. І тады гэтая цямрэча будзе прарваная”.

Ініцыятыву вернікаў Салігорску перадусім вітаюць паплечнікі Аляксандра Казуліна ў ягонай партыі. Гаворыць былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч:

Рынкевіч: “Вельмі ўзрадаваны і ўсьцешаны гэтай навіной. Бо апошнім часам судова-прававыя мэханізмы не спрацоўваюць у справе вызваленьня Аляксандра Казуліна. І такія акцыі духоўныя, як малітва, будуць сур’ёзнай падтрымкай”.

Супольныя малітвы беларускія вернікі праводзяць ня першы раз. Так, пратэстанты з розных гарадоў маліліся за сваіх братоў у веры падчас галадоўкі ў царкве “Новае жыцьцё”. Каталіцкая моладзь праводзіла кругласутачныя супольныя малітвы за ўсіх палітзьняволеных за акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. У побыце ж супольную малітву вернікі практыкуюць даўно і стала. Пра адзін з такіх выпадкаў і ягоны вынік распавядае каталічка з горада Косава Івацэвіцкага раёна вікторыя Савосьціна:

Савосьціна: “Аднойчы з сяброўкай мы маліліся і прасілі за вельмі мілых для нас людзей, у якіх у доме шмат гадоў не было згоды. Адна асоба з таго дому казала, што ніколі нізавошта не памірыцца з мужам. Ніколі і нізавошта! Мы тры дні маліліся, хадзілі вакол сьвятыні і прасілі за іх. І вы ведаеце, пасьля нашай малітвы у іх наступіла згода такая, як і трэба. У Эвангельлі напісана, што там дзе двое ці трое сабраліся ў імя маё, там і я сярод вас. Усё атрымаеце, што просіце”.

Вернік-пратэстант і палітоляг Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што супольная малітва – адзін са шляхоў кансалідацыі грамадзтва, у тым ліку, у галіне палітыкі:

Мацкевіч: “Хрысьціяне ўсіх канфэсій упэўненыя ў сіле супольнай малітвы. Для людзей ня веруючых зразумелая піяраўская моц такой акцыі. Калі людзі далёкія ад нейкіх грамдзка-палітычных падзей змогуць даведацца, што камусьці патрэбная іх дапамога. Па-другое, яны могуць вызначыцца і заняць пэўную пазыцыю. Гэта паспрыяе актыўнасьці вернікаў. А гэта ня мала, бо на сёньня ў Беларусі няма больш дысцыплінаванай еднасьці, чым хрысьціянскія грамады і абшчыны”.
XS
SM
MD
LG