Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леаніду Маракову дапамагаюь душы рэпрэсаваных


Пісьменьнік і дасьледчык рэпрэсіяў Леанід Маракоў прэзэнтаваў новую кнігу “Запісы забітага кантрабандыста”, а таксама асабісты сайт. Імпрэза прымеркаваная да 50-годзьдзя аўтара.

Дзякуючы Леаніду расстаўленыя апошнія кропкі над і ў датах, у артыкулах

Імпрэза пачалася з музычных прывітаньняў і ўганараваньня юбіляра. Спачатку сваім мэдалём ўзнагародзілі яго сябры гістарычнага клюбу “Спадчына”, потым асабісты мэдаль з надпісам “50” ўручыла Леаніду Маракову пісьменьніца Вольга Іпатава.

Гучалі падзякі за дапамогу ў росшуку рэпрэсаваных сваякоў. Прыкладам спадар Маракоў знайшоў у архівах дакумэнты на расстралянага бальшавікамі ў 1933 годзе дзеда пісьменьніка Ўладзімера Арлова.

“Толькі дзякуючы Леаніду расстаўленыя апошнія кропкі над і ў датах, у артыкулах, паводле якіх дзеда расстралялі. Яшчэ раз дзякуй, Леанід, табе ад мяне і ад, напэўна, сотняў і тысячаў тых, хто ўжо сказаў табе дзякуй і яшчэ скажа, хто атрымае, дзякуючы твайму сайту, гэтыя зьвесткі”.

А старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімер Някляеў нагадаў прысутным, што за энцыкляпэдычныя даведнікі са сьпісамі рэпрэсаваных беларускіх інтэлігентаў, складзеныя Леанідам Мараковым, аўтар узнагароджаны прэміяй імя Францішка Багушэвіча за 2007 год. І падкрэсьліў непрымальнасьць у сёньняшніх рэаліях апалітычнай пазыцыі часткі маладых творцаў.
Што зроблена мною тое, што павінны былі зрабіць сто ці дзьвесьце чалавек

“Тое, што зрабіў гэтыя кнігі Маракоў, дае зразумець нават гэтым хлопчыкам глыбіню той трагедыі, якую ўжо перажыла Беларусь, і ў якой знаходзіцца сёньня. Гэта першая прычына, па якой ПЭН-цэнтар узнагародзіў Маракова мэдалём, і ўсяляк садзейнічаў таму, каб гэтыя кнігі выходзілі. Але хто б і як ні садзейнічаў, без сапраўды неверагоднай па сваёй цяжкасьці працы гэтага чалавека іх бы не было”.

Росшукавая праца ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі захапіла спадара Маракова дзесяць гадоў таму. Ён перакананы, што яму спрыяюць душы рэпрэсаваных.

“Атрымліваецца, што зроблена мною тое, што павінны былі зрабіць сто ці дзьвесьце чалавек. Мне здаецца, што вот тая расстраляная 29 кастрычніка 1937 году сотня, яна таксама дапамагае і дае нейкую нечалавечую энэргію”.

Леанід Маракоў марыць мець больш магчымасьцяў для новае працы.

“Я б хацеў пазбавіцца ад тых сытуацый, калі ты ведаеш, дзе ёсьць дакумэнты, але ня можаш імі карыстацца, і ты ведаеш, дзе магілы нашых паэтаў у Сыбіры, і ня можаш паехаць, бо на гэта трэба шмат грошай”.

На імпрэзе прагучала прапанова дзеля падтрымкі працы па дасьледаваньню рэпрэсіяў стварыць адмысловы фонд і надаць яму імя паэта Валерыя Маракова – расстралянага бальшавікамі дзядзькі Леаніда Маракова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG