Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Печань перасадзілі ў другі раз


У Беларусі праведзеная другая пасьпяховая апэрацыя па перасадцы печані. Пра паведаміў міністар аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко.


Печань перасаджаная 51-гадовай жанчыне, у якой быў цыроз печані, і якая знаходзілася ў так званым “лісьце чаканьня”.

Другую апэрацыю па трансплянтацыі печані праводзіла тая ж самая брыгада мэдыкаў, што рабіла і першую.

Ачольваў брыгаду хірургаў Алег Румо, намесьнік галоўнага ўрача па хірургіі 9-га клінічнага шпіталю.

У інтэрвію Радыё Свабода Алег Румо сказаў:

«Мы робім тое, што павінны рабіць лекары. Вы пераацэньваеце мяне як пэрсону. Я звычайны доктар са звычайнага шпіталю... Нам кажуць: ёсьць такі донарскі орган такой-та групы. Калі мы атрымліваем гэту інфармацыю, мы прыяжджаем, калі гэты орган добрай якасьці, мы яго забіраем. Што гэта апэрацыя будзе, мы даведаліся ўначы. А пятай раніцы пачалі апэрацыю...»

Алегу Румо – 37 гадоў, ён кандыдат мэдычных навук, стажыраваўся ў лепшых клініках Нямеччыны і Расеі, летась браў удзел у трох дзесятках падобных апэрацыяў у клініцы Шарытэ ў Нямеччыне.

Доўжылася другая апэрацыя па перасадцы печані больш за 10 гадзін. На гэты момант лекары ацэньваюць стан жанчыны, якой перасадзілі печань, як стабільны.

Першая апэрацыя па трансплянтацыі печані была праведзеная два тыдні таму, у ноч з 2-га на 3-га красавіка. Тады печань перасадзілі 31-гадоваму Сяргею Станіслаўчыку, які таксама пакутаваў на цыроз печані. Апэрацыя доўжылася 12 гадзін, зараз пацыент самастойна ходзіць, але пакуль знаходзіцца пад мэдычным наглядам у шпіталі.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG