Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы 15 красавіка ўхваліла рэзалюцыю аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі.


Рэзалюцыя заклікае Беларусь неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, а таксама адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі

Выступаю за сьмяротнае пакараньне, але толькі ў самых выключных выпадках
Намесьніца старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Галіна Мазуркевіч цьвердзіць: пытаньне аб ужываньні сьмяротнага пакараньня складанае. Нават у сваёй сям’і мы дыскутуем, калі абмяркоўваем гэтую праблему, сказала ў інтэрвію “Свабодзе” спадарыня Мазуркевіч:

“Я выступаю за сьмяротнае пакараньне, але толькі ў самых выключных выпадках, калі, прыкладам, чалавек адняў не адно жыцьцё, а два-тры-чатыры. І нельга ўтрымліваць такога чалавека за кошт падаткаплатнікаў, гуляючы ў нейкі гуманізм.

Гэта — мая прынцыповая пазыцыя. Я яе вынасіла, выпакутавала, паколькі сустракалася з надзвычайнымі сытуацыямі. І калі чалавек ішоў на забойства сьвядома, дараваць яму нельга. Больш за тое, я б увяла сьмяротнае пакараньне і для пэдафілаў.

Прыхільнікі адмены сьмяротнага пакараньня спасылаюцца на судовыя памылкі, памылкі сьледзтва. Але ж мы павінны зыходзіць з таго, што кожны павінен рабіць сваю справу прафэсійна. Памылак павінна быць як мага менш.

Мы сёньня ня так багата жывем. Паглядзіце, як мала плацім маці па доглядзе за дзіцем. А ў турме гэтага, выбачайце, маральнага вырадка павінны ўтрымліваць”.

Кіраўнік аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускага камітэту ў абарону зьняволеных “Над бар’ерамі” Цімох Дранчук асабіста пацярпеў менавіта ад артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу. Яго асудзілі на адзін год пазбаўленьня волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”.

Спадар Дранчук кажа: беларускім уладам трэба прыслухацца да заклікаў эўрапейскіх дэпутатаў.

“Зразумела, што гэты артыкул не канстытуцыйны. Такога артыкулу наагул ня можа быць у Крымінальным кодэксе цывілізаванай дзяржавы. Ён абсалютна супярэчыць Канстытуцыі, якая дае права кожнаму грамадзяніну Беларусі права на свабоду сходаў, выказваньняў і г.д.

Абсалютна зразумела, што гэты артыкул трэба адмяняць. І гэта будзе адным з крокаў набліжэньня да Эўропы”.
У беларускім заканадаўстве захоўваюцца сталінскія варыянты, калі з палітычных матываў кідалі ў турмы і перасьледавалі

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Паўловіч сказаў нашаму Радыё, што ён асабіста выступае супраць адмены сьмяротнага пакараньня:

“У прынцыпе я супраць. Але сьмяротнае пакараньне патрэбна пакінуць толькі ў выключных выпадках. І пералік гэтых выпадкаў трэба абмежаваць. Гэтак робіцца ва ўсім сьвеце”.

Людміла Гразнова — кіраўніца арганізацыі “Праваабарончы альянс”, зарэгістраванай у Вільні, цьвердзіць: такую рэзалюцыю трэба было прымаць яшчэ раней:

“І патрабаваць ад беларускіх уладаў, паколькі гэта ўсё не адпавядае сучаснай рэальнасьці, эўрапейскай супольнасьці, дзейным заканадаўчым нормам.

І гэта яшчэ сьведчыць пра тое, што ў беларускім заканадаўстве захоўваюцца сталінскія варыянты, калі з палітычных матываў кідалі ў турмы і перасьледавалі. Таму цярпець і надалей такое становішча ў Беларусі, канечне, немагчыма.

Я лічу, што гэта такі крок з боку эўрапейцаў, калі іх намаганьні будуць зьвязаныя ў адзін ланцужок з высілкамі амэрыканцаў. І гэта дасьць свой плён”.

Сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў заявіў, што ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы пераважае інэрцыя мінулага. Паводле ягоных словаў, учорашняя рэзалюцыя ПАРЭ “паўтарае практыку завочнага абмеркаваньня беларускай тэматыкі і “асуджэньня” Беларусі”.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС назваў дакладчыка Хрыстаса Пургурыдэса ангажаваным, а ягоны даклад — павярхоўным і аднабаковым. Спадар Папоў заявіў, што Хрыстас Пургурыдэс “кіраваўся не інтарэсамі і разьвіцьця канструктыўнага дыялёгу Беларусі і Рады Эўропы, а сваімі палітычнымі амбіцыямі”.


XS
SM
MD
LG