Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Шумчанка: “Мы душой і сэрцам з гэтымі людзьмі”


Лідэр грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка зазначыў “Свабодзе”, што з многімі з тых, хто сёньня сядзіць на лаве падсудных у судзе Цэнтральнага раёну Менску, ён адбываў адміністратыўны арышт у турме на Акрэсьціна пасьля студзеньскай акцыі прадпрымальнікаў.


“Гэтыя людзі пацярпелі за тое, што выказалі салідарнасьць з прадпрымальнікамі. Таму я не маю маральнага права ня быць тут. Мы, прадпрымальнікі, вельмі спадзяёмся, што дзяржава ня створыць яшчэ адну кагорту палітзьняволеных, не зламае ім лёсы… Мае калегі-прадпрымальнікі, якія сёньня працуюць на сваіх месцах, але душой і сэрцам яны з тымі людзьмі, якія былі побач зь імі на плошчы. Маральна яны на баку тых людзей, якіх сёньня судзіць нашая дзяржава”.

Анатоль Шумчанка перакананы, што вінаватыя не гэтыя людзі, якія трапілі на лаву падсудных, не прадпрымальнікі, якія выйшлі на плошчу 10 студзеня, а дзяржава, якая стварыла гэтую сытуацыю, паставіўшы дробны бізнэс у складаныя ўмовы выжываньня.

“Калі дзяржава будзе далей рабіць такія крокі, то я не магу гарантаваць, што ўсё будзе спакойна. Калі дзяржава будзе ўціскаць прадпрымальнікаў, то яны будуць далей змагацца”.
XS
SM
MD
LG