Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе Цэнтральнага раёну Менску судзяць удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня.

18.10 Будынак суду Цэнтральнага раёну Менску пакінулі ўсе падсудныя і маці Андрэя Кіма Тацяна. Машыну, якая адвозіла А.Кіма, два дзясяткі прысутных праводзілі воплескамі і воклічамі “Жыве Беларусь”. Пасьля гэтага спэцназ міліцыі пагрузіўся ў аўтазак, які стаяў у адным з прылеглых двароў, і таксама зьехаў.

18.00
“Беларуская судовая сыстэма чарговы раз пацьвердзіла сваю поўную залежнасьць ад меркаваньня ўлады. Паказальны нават той прыклад, што калі мы з сябрамі, таксама падсуднымі зайшлі ў пакой судзьдзі, каб патрабаваць нашых сьведкаў таксама дапусьцілі ў залю, то там сядзеў пракурор. З гонарам адказваў на ўсе пытаньні і сядзеў, нібыта, гэта ягонае працоўнае месца. Аб чым можна казаць. Калі пракурор і судзьдзя працуюць разам і ў перапынках п’юць гарбату, то пра што можна казаць. Ня робіцца нават выгляду, імітацыі і мінімальнага разьдзяленьня пракурорскай і судовай улады”, – падсумаваў вынікі першага дня Міхаіл Пашкевіч.

17.45
Апыталі ўсіх сьведак з боку міліцыі. Абвясьцілі перапынак да заўтра.

17.40
Дапытваюць кіраўніа падразьдзяленьня ДАІ Ўладзімера Гаркуна. Супрацоўнікі ДАІ не адказаюць, чаму выклікалі спэцназ міліцыі, чаму не забясьпечылі нармалёвы рух.

16.30
Працэс аднавіўся. Дапытваюць спэцназаўца міліцыі Зьмітра Коршуна.

16.25 “Непраўдзівымі выглядаюць паказаньні міліцыянтаў пра тое, што ў іх шэрагі ляцелі сьнежі. У той дзень у Менску было вельмі вільготна. Сьнегу ніякага не было. Відавочна, што ўлады ня маюць адзінай выверанай пазыцыі. Колькі сьведкаў, столькі і пунктаў гледжаньня. Вельмі часта яны ўзаемавыключныя”, - так пракамэнтаваў “Свабодзе” выказаньні сьведкаў адзін з удзельнікаў працэсу Міхаіл Пашкевіч.

16.10
У судзе перапынак. Сьведкі з боку абвінавачаньня не змаглі адказаць на канкрэтныя пытаньні, у чым былі заклікі з боку Кіма да ўдзельнікаў акцыі пачаць масавыя беспарадкі.

Караваеў казаў, што удзельнікі акцыі мелі пры сабе расьцяжку, “скіраваную супраць дзяржаўнага ладу і якая абражае Аляксандра Лукашэнку”. Высьветлілася, што на расьцяжцы было напісана “Сваім сынам ты даў працу, а нас пазбаўляеш”.


16.05 “Заўсёды будзем падтрымліваць людзей, якія змагаюцца за незалежнасьць”


15.50
Дапытваюць спэцназаўца міліцыі Ягора Караваева. Ён кажа, што дэманстранты іх білі сьнежкамі і разьбілі шкло ў аўтобусе №100. Караваеў паведаміў, што стаяў на адлегласьці 300 мэтраў. На гэтай адлегласьці ён бачыў, як пабілася шкло і нават чуў гук.

15.45 Дапыталі міліцынятаў Зьмітра Сірача і Алега Бакава. На канкрэтныя пытаньні пра дзеяньні Кіма, кажуць, што не памятаюць, як было.

15.20
Сьведка кажа, што Кім ішоў на акцыі з грамафонам. З гэтага выказваньня ўсе засьмяяліся. У пратакол унесеная заўвага за гэта Міхаілу Пашкевічу і Тацяне Цішкевіч.
15.10
Дапытваюць сьведку міліцыянта Блішчова. Ён пацьвердзіў, што Кім біў міліцыянта Сычова.

14.50 Сычоў
заявіў, што Кім нанёс яму адзін удар у твар, недалёка ад ГУМу, калі моладзь спрабавала прарваць ланцуг ДАІ. Андрэй Кім адмаўляе гэта.

14.35
Пачалі допыт пацярпелага міліцыянта Юрыя Сычова

14.30. Тацяна Цішкевіч, Арцём Дубскі Антон Койпіш, Аляксей Бондар адмовіліся даваць паказаньні. Андрэй Кім згадзіўся даваць паказаньні толькі пра інцыдэнт зь міліцыянтам. “Мы лічым гэты суд цалкам незаконным і сваёй віны не прызнаём”,-- заявіў Арцём Дубскі з Асіповічаў.

14. 25 Падсудны Уладзімер Сяргееў палтумачыў Свабодзе, чаму ён адмовіўся даваць паказаньні ў судзе:

“Я лічу, што працэс незаконны і не зьбіраюся ў ім браць удзел, хіба што ў апошнім слове выкажу сваё меркаваньне. Думаю, што і некаторыя іншыя падсудныя зьбіраюцца так дзейнічаць...

Сам факт працэсу не адпавядае нормам законнасьці і Канстытуцыі. У якасьці доказаў толькі відэа і фотаздымкі сумнеўнага паходжаньня. Тая шкода, якую бы нібыта нанесьлі прадстаўленая заявамі ад камунальных прадпрыемстваў, якія былі зробленыя пад прымусам уладаў. Ніводнага грамадзянскага пазову на наш адрас не было”

14.20
Працэс аднавіўся. Абвінавачваныя хадайнічалі, каб міліцыя пусьціла у суд людзей. Судзьдзя адхіліла

14.15
Пасьля перапынку спэцназаўцы не пусьцілі ў суд маладых людзей, якія знаходзіліся з залі да абеду. На гэты момант у памяшканьні стаяць пустымі 4 лавы прыблізна на 30 чалавек.

13.10 Падчас перапынку, каля будынку суду: Зьміцер Хведарук: “Я стаю тут таму, што судзяць людзей, невінаватых перад Госпадам за тое, што маюць такія перакананьні, невінаватых перад Канстытуцыяй, паводле якой тое шэсьце было дазволенае. Яны са шчырым сэрцам жадаюць пераменаў у нашай краіне, і не падтрымаць іх – гэта была б проста ганьба”.

13.00 На паседжаньні аб’яўлены перапынак да 14 гадзінаў. Працягваўся допыт абвінавачаных

Міхась Пашкевіч патлумачыў, што ён удзельнічаў у акцыі прадпрымальнікаў не таму, як сказаў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, што “спэкуляваў” на гэтай тэме, а таму, што яна наўпрост тычыцца яго асабіста і ягонай сям’і. Хлопец патлумачыў, што калі ягоны бацька ў свой час вымушаны быў сысьці з мэдыцыны і заняцца дробным бізнэсам, то гэта не дзякуючы, як кажа Лукашэнка, пасьпяховаму разьвіцьцю эканомікі, а насуперак яму.

Міхась Крываў адказаў, што ўдзел у акцыі 10 студзеня ніякім чынам не парушае артыкулы Канстытуцыі, якая гарантуе свабоду сходаў і шесьцяў. Ён заявіў у судзе, што Канстытуцыя вышэй за “нейкія нарматыўныя акты” і спаслаўся на практыку, якая існуе ў цывілізаваных эўрапейскіх каінах.

Уладзімер Сяргееў, актывіст Маладога Фронту, адмовіўся даваць паказаньні, патлумачыўшы, што лічыць гэты судовы працэс і крымінальную справу незаконнымі.

12.40
Падсудны Алесь Стральцоў, сябра моладзевай камісіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” заявіў Свабодзе:

“Лічу, што было прынятае рашэньне для запалохваньня моладзі прад’явіць больш важкія абвінавачваньні невялікай колкасьці людзей, Андрэй Кім нічога такога не зрабіў, каб цягнуць за сабой большую адказнасьць. Ён не дапускаў гвалтоўных дзеяньняў адносна міліцыі. Абралі Кіма, але на ягоным месцы мог быць я ці хто іншы”.

АКЦЫЯ ВЫЦІСКАНЬНЯ АКТЫВІСТАЎ СПЭЦНАЗАМ НА GOOGLE MAPS (NN.BY)

12.30
Каля «Мотавела» на прыпынку спэцназаўцы сказалі рэшце ўдзельнікаў групы падтрымкі, каб тыя ішлі сваім ходам у Заводзкі РАУС. Аднак моладзь дачакалася грамадзкага транспарту й паехала назад да будынку суду (nn.by).

12.25 Большасьці ўдзельнікаў групы падтрымкі па адным і парамі ўдалося ўцячы дварамі. Рэшта — 4 чалавекі — у суправаджэньні 8 спэцназаўцаў дайшлі ўжо да «Мотавела» (nn.by).

12.05 Тым часам у судзе ніхто з абвінавачаных не прызнаў сваёй віны. Абвінавачаньне падсудных грунтуецца на паказаньнях сьведкаў, фота- і відэаздымках (nn.by).

12.00 Пасьля невялікай паўзы ды перамоў з начальствам эскорт з 15 байцоў спэцназу павёў групу падтрымкі далей на паўднёвы ўсход па вуліцы Леніна, у бок Трасьцянецкай вуліцы. Камэнтуе Артур Фінькевіч: “Не даюць спакойна падтрымаць сяброў, якіх судзяць ні за што. Абсалютнае бяспраўе яшчэ раз падцьвярджаецца рукамі спэцназу”.

11.50
Спэцназ выціснуў каля 10 актывістаў моладзевых арганізацыяў, які прыйшлі падтрымаць абвінавачаных, у раён вуліцы Аранскай, аднак ім не дазволілі зайсьці ў мэтро “Першамайская”. Сярод іх Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Каця Салаўёва, Зьміцер Хведарук. Зьміцер Дашкевіч: “Адбываецца чарговае беззаконьне. Улада сьведчыць, што баіцца ўласных грамадзянаў. Баіцца дзяцей, якія маюць мужнасьць выказваць свае погляды адкрыта”.

11.40 Хадайніцтва адносна перакладчыка й вядзеньня працэсу па-беларуску адхіленае. Судьдзя патлумачыла гэта тым, што яно «накіраванае на зацягваньне працэсу».

11.30
Лідэр грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка зазначыў “Свабодзе”, што з многімі з тых, хто сёньня сядзіць на лаве падсудных у судзе Цэнтральнага раёну Менску, ён адбываў адміністратыўны арышт у турме на Акрэсьціна пасьля студзеньскай акцыі прадпрымальнікаў.

“Гэтыя людзі пацярпелі за тое, што выказалі салідарнасьць з прадпрымальнікамі. Таму я не маю маральнага права ня быць тут. Мы, прадпрымальнікі, вельмі спадзяёмся, што дзяржава ня створыць яшчэ адну кагорту палітзьняволеных, не зламае ім лёсы… Мае калегі-прадпрымальнікі, якія сёньня працуюць на сваіх месцах, але душой і сэрцам яны з тымі людзьмі, якія былі побач зь імі на плошчы. Маральна яны на баку тых людзей, якіх сёньня судзіць нашая дзяржава”.


11.20 Аляксандар Мілінкевіч назваў прававым маразмам, калі пытаньне пра тое, на якой мове будзе весьціся працэс, пракурор вызначае па месцу нараджэньня абвінавачанага. Адзін з абвінавачаных, Уладзімер Сяргееў, паведаміў, што ў часе перапынку ён чуў, як па рацыях спэцназаўцаў прагучаў загад ад іхняга кіраўніцтва выціснуць моладзь з пляцоўкі насупраць будынку суду і затрымаць 4 чалавек.

11.00 Судзьдзя Алена Ільіна высьветліла ў кожнага з 10 абвінавачаных год нараджэньня, месца вучобы і працы. Абвінавачаныя заявілі хадайніцтва, каб справаводзтва вялося на беларускай мове. Прадстаўнік пракуратуры Рамашэўскі прасіў суд не задавальняць гэтае хадайніцтва і ў якасьці аргумэнту зьвярнуў увагу суду на тое, што, напрыклад, адзін з абвінавачаных Міхась Пашкевіч нарадзіўся ў Расеі. Пракурор сказаў, што абвінавачаныя, якія размаўляюць па-беларуску, няправільна трактуюць сэнс "Закону аб мовах" і патлумачыў сваю думку: “яны нават у сваіх хадайніцтвах спасылаюцца на расейскую мову, а не на рускую” Рамашэўскі зрабіў выснову, што абвінавачаныя вылучаюць гэтае патрабаваньне з палітычных прычынаў. Судзьдзя Ільліна сказала, што разумее беларускую мову, але зрабіла перапынак і пайшла ў кабінэт для прыняцьця рашэньня па хадайніцтву.


10.40 Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, які прыйшоў у суд Цэнтральнага раёну падтрымаць абвінавачаных моладзевых актывістаў, заявіў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды:

“Унутраная салідарнасьць у Беларусі надзвычай важная, хаця ў іх ёсьць сёньня і вонкавая падтрымка. Чым болей людзей прыходзіць на такія суды, тым больш мы становімся грамадзянамі. Гэтыя людзі – гэта выдатная хваля, якая прыйшла ў апошні час, вельмі важна, што гэтыя людзі перасталі баяцца. Я ўчора зь імі сустракаўся, мы зь імі доўга гаварылі, кансультаваліся зь юрыстамі, адвакатамі, гаварылі аб тым як сябе паводзіць. У іх вельмі чыстыя вочы, добрыя ўсьмешкі… Я адчуваў, якая ў іх унутры магутная духоўная сіла, іх паклікала ў апазыцыю пачуцьцё годнасьці, тое, што іх не задавальняе сёньняшні стан у Беларусі, яны хочуць жыць іначай. Я проста ганаруся, што ў нас ёсьць такое новае пакаленьне".

10.30
Працэс пачаўся. Абвінавачаных будуць абараняць 5 адвакатаў. У залі — каля 70 чалавек.

10.20
Андрэй Кім знаходзіцца ў клетцы, дзе трымаюць абвінавачаных, якіх прыводзяць са сьледчага ізалятару. Астатнія абвінавачаныя сядзяць на пярэдніх лаўках. Яны адзетыя ў майкі, на якіх наперадзе напісана “Люблю Беларусь”, а на сьпіне -- цытата з Артыкулу 35 Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе свабоду сходаў. Некаторых з абвінавачаных з-за гэтага нават спачатку не пускалі ў будынак суду. У залю прайшоў Любамір Рэгак, пасол Славаччыны, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўропы, іншыя эўрапейскія дыпляматы.


10.10 Падтрымаць у суд Цэнтральнага раёну прыйшлі паплечнікі маладых актывістаў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках

Сярод тых, хто ўжо знаходзіцца ля будынку суду - лідэр грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, старшыня каардынацыйнай Рады індывідуальных прадпрымальнікаў Менску Алесь Макаеў, і рэгіянальныя актывісты прадпрымальніцкага руху. Таксама палітыкі Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Ігар Рынкевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, праваабаронцы Алег Волчак, Алесь Бяляцкі. На суд прыйшлі і прадстаўнікі АБСЭ і амбасады ЗША.

Спэцназаўцы ў цывільным і форме па аднаму прапускаюць людзей у двор суду. Пакуль з-за маруднасьці гэтай працэдуры нават ня ўсе абвінавачаныя дагэтуль ня могуць трапіць у будынак суду.

Нагадаем, у акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, якая адбылася 10 студзеня сёлета, бралі ўдзел каля трох тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў былі затрыманыя і зьбітыя. Супраць 14-ці выстаўлены крымінальныя абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Вось іх імёны. Аляксандр Баразенка, Аляксей Бондар, Павал Вінаградаў, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Андрэй Кім, Антон Койпіш, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Субач, Уладзімір Сяргееў, Алесь Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука будуць судзіць пазьней. Яны не пасьпелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму працэс над імі перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG