Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як можна змагацца з павышэньнем арэнднай платы?


Улады вырашылі ў 10 разоў павялічыць арэндную плату для незалежных прафсаюзаў і грамадзкіх арганізацыяў. Наколькі законныя гэтыя дзеяньні? Ці не перайшла ўлада да эканамічных мэтадаў уціску на грамадзянскую супольнасьць? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг і журналіст Аляксей Кароль


Цыганкоў: "Ці законныя гэтыя дзеяньні ўладаў? Чаму адны прафсаюзы – “дзяржаўныя” – не плацяць ніякай арэнды, а іншыя павінны плаціць, а цяпер у 10 разоў болей? Няўжо ніякіх законных перашкодаў для такіх дзеяньняў няма?"

Кароль: "Наконт законнасьці шмат якіх дзеяньняў улады пытаньне завісае ў паветры. Улады робяць тое, што лічаць патрэбным для сябе, і шукае пад гэта якбы законнае абгрунтаваньне. І прыкладаў такіх шмат – як у перасьледзе СМІ, гэтак і ў перасьледзе грамадзкіх арганізацыяў. Наступ на грамадзянскую супольнасьць працягваецца, але ўжо з акцэнтам на эканамічныя сродкі, у спалучэньні з адміністратыўнымі.

Калі казаць пра прычыны, то гэта ня толькі наступ на грамадзкія арганізацыі. Акрамя таго, проста грошы спатрэбіліся – відавочна, гэта адлюстраваньне тых цяжкасьцяў эканамічных, якія адчувае рэжым. Таму тыя лішнія эўра за памяшканьні, што здымаюць грамадзкія арганізацыі, якія ацалелі, казьне не перашкодзяць.”

Цыганкоў: "Як можа грамадзянская супольнасьць спрабаваць супрацьстаяць гэтым дзеяньням?"

Кароль: "Абавязкова зьвяртацца да міжнароднай грамадзкасьці. Як бы тое не было, гэта дастаткова эфэктыўны сродак далучэньня міжнароднай салідарнасьці.

Другі сродак ужо выпрабаваны і яго нядрэнна выкарыстала ТБМ, якое адбіваецца ад таго ж падвышэньня цэнаў на арэнду. Я маю на ўвазе збор подпісаў грамадзянаў з пратэстам супраць падвышэньня. Гэта дэманстрацыя моцы і згуртаванасьці арганізацыі. Той самы ТБМ даказаў, што менавіта збор подпісаў дапамог адстаяць у свой час памяшканьне, якое ў яго адбіралі пад маркай неабходнасьці капітальнага рамонту.

Той жа ТБМ зьвяртаўся да ўсіх партыяў і грамадзкіх структураў з ідэяй зьбіраць подпісы ўсім разам – але пакуль, наколькі я ведаю, такой рашучасьці ў патрэбны момант не было выяўлена. Таксама, акрамя збору подпісаў, варта шукаць магчымасьці для розных спосабаў пратэстаў у рамках дазволенага законам".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG