Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску а 10-й раніцы пачынаецца “Працэс 14-ці”. Будуць судзіць удзельнікаў масавай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня.


Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Хаця ўсяго ў гэтай справе 14 абвінавачаных, сёньня судзіць будуць толькі 10. Яшчэ чатырох, якія не пасьпелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, паклічуць у суд пазьней.

Маладых людзей вінавацяць у арганізацыі ці актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Паводле гэтага артыкулу, прадугледжваецца пакараньне ад штрафу да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Міхаіл Крываў – самы старэйшы з моладзевых актывістаў, якіх выклікаюць на лаўку падсудных. Учора ўвечары я папрасіў Міхаіла падзяліцца сваімі адчуваньнямі:

Крываў: “У мяне настрой добры. Я стаўлюся да гэтага працэсу нават зь нейкім гумарам. Я не лічу сябе ў нечым вінаватым. І таму я абсалютна спакойна іду на працэс”.

(Карэспандэнт) “Але ж, з другога боку, вядома шмат выпадкаў, калі іншыя людзі таксама былі ўпэўненыя ў сваёй невінаватасьці, а іх асудзілі. Ці падрыхтаваныя вы да такога павароту падзеяў?”

Крываў: “Я гатовы. Таму што калі 10-га студзеня мы ішлі на гэты мітынг, я і тыя маладыя людзі, якіх разам са мною выклікаюць на лаўку падсудных, мы ведалі, што рызыкуем. Таму я гатовы да ўсяго”.

Міхаіл Крываў паведаміў: яго цешыць моцная падтрымка. Тое, што побач сябры з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, гэта зразумела. Але Міхаіл кажа – пасьля таго, як ягонае імя стала вядомым, ён адчуў салідарнасьць куды большую.

Крываў: “Многа сяброў, зь якімі я даволі доўга не кантактаваў, пішуць мне электронныя лісты, тэлефануюць, падтрымліваюць. Нават ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых краінаў. Яны цікавяцца маімі справамі. І гэта вельмі прыемна”.

Падтрымаць беларускую моладзь сёньня раніцай у Менск з Масквы прыяжджае Валянціна Чубарава – каардынатар новай расейскай грамадзянскай ініцыятывы “Салідарнасьць зь Беларусьсю”. Менавіта сёньня апоўдні ў Маскве адбудзецца прэзэнтацыя новай арганізацыі. А ўвечары ва аўторак, калі я размаўляў са спадарыняй Валянцінай, яна сказала, што гэта і будзе першым крокам у салідарнасьці зь беларускімі дэмакратамі.

Паводле спадарыні Чубаравай, зараз у Расеі ёсьць некалькі арганізацыяў, якія ня могуць застацца абыякавымі да таго, што адбываецца ў суседзяў. Гэта, прыкладам, “Абарона”, якая арганізуе акцыі пратэсту каля лукашэнкаўскай амбасады ў Маскве, праваабарончы моладзевы рух, беларуская дыяспара ды іншыя:

Чубарава: “І стала зразумелым, што трэба скаардынавацца, заявіць пра сябе. І тады, магчыма, мы здолеем рабіць больш сур’ёзныя праекты, больш сур’ёзную працу, мець большую эфэктыўнасьць. І ўжо на папярэднім этапе зьяўляюцца новыя ідэі.

Прыкладам, мы хочам прарваць інфармацыйную цішыню ў расейскіх мэдыях, якія вельмі мала пішуць пра Беларусь. Пісалі раней пра Казуліна. Але ж ужо прайшоў час, зьявіліся новыя палітвязьні. А ў нашай краіне пра гэта амаль ніхто ня ведае, мэдыі не зьвяртаюць увагі. І мы хацелі б стаць пасярэднікамі паміж беларускай грамадзкасьцю і расейскімі мэдыямі ў нейкім сэнсе”.

Гаварыла Валянціна Чубарава – каардынатарка новай расейскай грамадзянскай ініцыятывы “Салідарнасьць зь Беларусьсю”.

У акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, якая адбылася 10 студзеня сёлета, бралі ўдзел каля трох тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў былі затрыманыя і зьбітыя. Супраць 14-ці выстаўлены крымінальныя абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Вось іх імёны. Аляксандр Баразенка, Аляксей Бондар, Павал Вінаградаў, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Андрэй Кім, Антон Койпіш, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Субач, Уладзімір Сяргееў, Алесь Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч.

Учора Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ўхваліла рэзалюцыю аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі. Рэзалюцыя заклікае Беларусь адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а таксма заклікала праваабаронцаў весьці ўлік ня толькі ахвяраў палітычна матываваных злоўжываньняў, але й вінаватых у такіх злоўжываньнях.
XS
SM
MD
LG