Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітру Жалезьнічэнку ўручаць прэмію ў войску <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У сядзібе Партыі БНФ адбылося ўганараваньне ляўрэатаў партыйнай прэміі. Бронзавай статуэткай “Пагоні” і дыплёмам у намінацыі “Грамадзкая чыннасьць” узнагароджаны моладзевы актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка, які цяпер знаходзіцца ў войску. У намінацыі “Адукацыя/навука” ляўрэатам стаў магілёвец Зьміцер Салаўёў, у намінацыі "Культура" – кампазытар і сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч. Таксама названыя імёны пераможцаў паэтычнага конкурсу, прысьвечанага 90-м угодкам БНР.

Пачынаючы цырымонію ўзнагароджаньня, старшыня партыі Лявон Баршчэўскі адзначыў:

“У нашай краіне ёсьць дзяржаўныя ўзнагароды, якія цягам апошніх 15 год не заўсёды атрымліваюць тыя, хто варты гэтых узнагарод. Прэмія Партыі БНФ не паляпшае матэрыяльнага становішча чалавека. Але гэтая ўзнагарода сьведчыць пра тое, што людзі ведаюць і памятаюць пра грамадзянскія і культурніцкія чыны, якія кладуць чарговую цаглінку ў падмурак нашай незалежнай, свабоднай эўрапейскай дзяржавы”.

Адным зь ляўрэатаў прэміі стаў Зьміцер Жалезьнічэнка – за намаганьні ў справе беларусізацыі войска. Лявон Баршчэўскі паведаміў што найбліжэйшымі днямі дэлегацыя партыі наведае Зьмітра ў войску, каб статуэтку “Пагоні” і дыплём перадаць яму ўласнаручна.




Зьміцер Салаўёў атрымаў узнагароду за тое, што дамогся адкрыцьця беларускамоўнага садка ў Магілёве.




За свой дзясяты музычны альбом – “Лірыку” на вершы Генадзя Бураўкіна – “Пагоню” атрымаў музыка Зьміцер Вайцюшкевіч:

“Наша барацьба ў канцэртных залях, у беларускім слове, якое праз музыку больш папулярызуецца. Таму вялікі дзякуй! Жыве Беларусь!”



Прэмія Партыі БНФ была прымеркаваная да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія сьвяткуюцца сёлета.

Юбілею БНР быў прысьвечаны і паэтычны конкурс для пачаткоўцаў. Яго пераможцы таксама былі абвешчаныя падчас сёньняшняй урачыстасьці. Гэта Аляксей Белы, Алена Арцёмава і Зьміцер Смалякоў.

На завяршэньне імпрэзы сьпяваў малады бард Зьміцер Казлоўскі.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч падсумаваў:

“Мы лічым вельмі важнай справай, каб гэтая прэмія існавала. Мы імкнемся нагадаць беларускаму грамадзтву і проста падзякаваць гэтым людзям за тую надзвычай важную справу, якую яны робяць”.

Прэмія Партыі БНФ была заснаваная летась з мэтай падтрыманьня ініцыятываў, рэалізаваных цягам апошняга году. Паводле задумы, прэміяй адзначаюцца выдатныя дасягненьні ў галіне грамадзкай чыннасьці, культуры, навукі і адукацыі, “скіраваныя на ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, яе культурнай ідэнтычнасьці, сьцьверджаньне каштоўнасьцяў свабоды і дэмакратыі ў Беларусі”. Сёлета прэміяй Партыі БНФ ганаравалі з нагоды 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

XS
SM
MD
LG