Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр “Белых росаў” Ігар Дабралюбаў цяжка хворы


Народны артыст Беларусі Ігар Дабралюбаў – адзін з найбуйнейшых беларускіх кінарэжысэраў, аўтар такіх фільмаў як “Іван Макаравіч”, “Расклад на пасьлязаўтра”, “Плач перапёлкі”, “Асеньнія сны”, “Мама, я жывы”, нарэшце – любімай некалькімі пакаленьнямі на постсавецкай прасторы камэдыі “Белыя росы” – цяжка хворы. Ігара Міхайлавіча ў ягонай кватэры наведаў наш карэспандэнт.

Нэлі Іванаўна – жонка Ігара Міхайлавіча – амаль адразу падзялілася са мной навіной. Нядаўна ім патэлефанавалі з Масквы з толькі што створанага ў Расеі фонду “Добры век”. Гэты фонд арганізаваны на ініцыятыву Мікіты Міхалкова ў падтрымку вэтэранаў кіно былога Савецкага Саюзу. Фінансуюць яго расейскія бізнэсоўцы. Прадстаўнікі фонду запыталіся пра Ігара Міхайлавіча: як жыве, чым займаецца, якое здароўе? Былі вельмі засмучаныя, што рэжысэр хворы. Прапанавалі грашовую падтрымку.

Дабралюбава: “Такая ўвага стала для нас вельмі нечаканай і кранальнай, бо ў іншай краіне ўспомнілі пра рэжысэра Ігара Міхайлавіча Дабралюбава і вылучылі яму штомесячную стыпэндыю памерам каля 200 даляраў. Грошы, натуральна, заўсёды патрэбныя. Гэта важна, але імі не ацэніш той увагі да чалавека, які шмат зрабіў для кіно”.

Ігар Міхайлавіч хварэе ўжо два гады запар. Пад канец мінулага году перамог першы інсульт. Ужо плянаваў з жонкай правесьці сёлетняе лета на лецішчы каля Астрашыцкага Гарадка. А 31-га сьнежня здарыўся яшчэ адзін інсульт – больш цяжкі. Цяпер Ігар Міхайлавіч толькі ляжыць, крыху можа прысесьці на ложку. Мову адняло.

За гэты час у Беларусі ніводзін чыноўнік зь Міністэрства культуры ніводнага разу не пацікавіўся станам здароўя рэжысэра. Ні радка не напісалі пра ягоную хваробу дзяржаўныя СМІ. Затое сям’я і сябры, калегі, зь якімі ён зрабіў не адзін дзясятак фільмаў ці каму дапамагаў у прафэсіі, не пакідаюць Майстра. І яны адназначна зьвязваюць ланцуг хваробаў, які перасьледуе Ігара Міхайлавіча апошнія гады, зь ягоным адлучэньнем ад кіно.

Вось думка рэжысэра Юр’я Хашчавацкага, які лічыць Дабралюбава сваім настаўнікам у жыцьці і прафэсіі:

“Гэты чалавек заўсёды ўсьміхаўся, заўсёды быў аптымістам. Нам вельмі цяжка ўявіць сабе, колькі гора было ў яго ўнутры з-за таго, што ён, безумоўна, вельмі таленавіты чалавек, выдатны рэжысэр, практычна быў адлучаны ад прафэсіі. У апошнія гады ён марыць пра тое, каб зрабіць фільм паводле Быкава. Ён доўга прабіваў гэта. Уявіце сабе, колькі нэрваў забірае барацьба з гэтымі чыноўнікамі, з гэтым невуцтвам, якое нас сёньня акаляе. Безумоўна, гэта выканала сваю пэўную ролю ў ягонай хваробе”.

Ігар Дабралюбаў, народны артыст, рэжысэр, які здабываў прызы на аўтарытэтных кінафэстывалях, які зьняў адну з самых папулярных у народзе камэдыяў “Белыя росы”, быў выкінуты з прафэсіі ў самы творчы для рэжысэра век – у 60 гадоў. Апошні фільм “Эпілёг”, пастаўлены ім у 1992 годзе паводле твораў Івана Шамякіна, цяпер успрымаецца як прароцтва. Там мастакі дажывалі свой век у нястачы і на ўзбочыне грамадзтва. Пятнаццаць гадоў Ігару Дабралюбаву начальства не дае права здымаць сваё кіно.

Ігару Міхайлавічу, калі ў гэтым выпадку так можна сказаць, пашанцавала зь сям’ёй. Яго даглядаюць, ён адчувае шчырасьць і любоў жонкі Нэлі, сыноў Алёшы і Мішы. Іх апека і любоў дапамагаюць перажыць цяжкую хваробу.

Ігар Міхайлавіч у сваёй кватэры ляжыць у пакоі, які служыў яму кабінэтам. На сьценах і кніжных паліцах фота актораў, якіх ён здымаў і любіў. Таксама фота дарагіх яму беларускіх пісьменьнікаў. На відным месцы – Васіль Быкаў. Гаварыў я, Ігар Міхайлавіч ківаў галавой у знак згоды ці нязгоды. Часам Ігар Міхайлавіч спрабаваў нешта сказаць, асобныя словы можна нават было зразумець. Сярод іх некалькі раз амаль выразна прагучала – Быкаў.

У маім журналісцкім архіве захавалася стужка з запісам нашай размовы зь Ігарам Міхайлавічам 5 траўня 2006 году, за 20 дзён да першага інсульту.

Ракіцкі: “Калі б вы сёньня атрымалі магчымасьць зьняць кіно, пра што яно было б?”

Дабралюбаў: “У мяне з Васем Быкавым была дамова на экранізацыю “Жоўтага пясочку”. Я і здымаў бы “Жоўты пясочак” – ягоную маленькую аповесьць пра тое, як НКВД вязе на расстрэл...”

Ракіцкі: "А чаму гэты фільм так і не зьняты?”

Дабралюбаў: “Міністэрства культуры адказала, што прачытаем і пазвонім. Вось дагэтуль і чытаюць. Гады тры-чатыры... Жах...!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG