Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У 2007 годзе ў сьвеце было выканана больш за 1250 сьмяротных пакараньняў, сярод лідэраў – Кітай, Іран, Саудаўская Арабія, Пакістан і ЗША.

Беларусь застаецца адзінай краінаю ў Эўропе, дзе дагэтуль выконваюцца сьмяротныя пакараньні. Пры гэтым у Беларусі працягваюць выносіць новыя сьмяротныя прысуды: у 2007 годзе чатыры чалавекі былі асуджаныя на сьмерць. Паводле новай справаздачы праваабарончай арганізацыі “Amnesty International”, за мінулы год больш як 1250 чалавек у 24 краінах сьвету былі пакараныя сьмерцю.

Крыніца: Amnesty International

Згодна зь зьвесткамі “Amnesty International”, 88 % усіх сьмяротных пакараньняў у сьвеце прыпадае на пяць краінаў: Кітай, Іран, Саудаўскую Арабію, Пакістан і ЗША. Найбольшая колькасьць пакараных сьмерцю на душу насельніцтва – у Саудаўскай Арабіі, за ёй па гэтым паказчыку ідуць Кітай і Лібія.

“Amnesty International” выказвае глыбокую заклапочанасьць, што ў шэрагу краінаў кара сьмерцю залічаецца да дзяржаўных таямніц. Адна з такіх краінаў Кітай – лідэр у сьвеце паводле колькасьці пакараных сьмерцю. “Amnesty International” валодае інфармацыяй пра 470 выпадкаў выкананьня сьмяротнага прысуду ў Кітаі ў 2007 годзе, аднак падкрэсьлівае, што рэальная лічба тых, каго ў КНР пакаралі сьмерцю, значна большая.

“Сакрэтнае выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня павінна быць спыненае: покрыва сакрэтнасьці вакол кары сьмерцю мае быць зьнятае, – заяўляе “Amnesty International”. “Шмат якія ўрады сьцьвярджаюць, што пакараньні сьмерцю адбываюцца пры грамадзкай падтрымцы. Значыць, людзі маюць права ведаць, што было зроблена ад іх імя”, – гаворыцца ў справаздачы праваабарончай арганізацыі.

“Amnesty International” нагадвае пра ўхваленае ў сьнежні мінулага году гістарычнае рашэньне Генэральнай асамблеі ААН зьвярнуцца да краінаў сьвету з заклікам пакласьці канец пакараньню людзей сьмерцю. У сваёй найнавейшай справаздачы “Amnesty International” заклікала краіны сьвету кіравацца пазыцыяй Генэральнай асамблеі ААН і раз і назаўсёды адмяніць сьмяротнае пакараньне.

Цяпер сьмяротнае пакараньне фактычна ці заканадаўча адмененае ў 133 краінах сьвету.
XS
SM
MD
LG