Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пра статус Беларусі ў ПАРЭ - толькі пасьля выбараў”


Кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы заявіў, што ПАРЭ можа разгледзець пытаньне аб вяртаньні Беларусі статусу “адмыслова запрошанага”.


Нагадаем, Беларусь была пазбаўленая гэтага статусу пасьля рэфэрэндуму 1996 году, калі быў разагнаны Вярхоўны Савет і створаная Палата Прадстаўнікоў. Ці ёсьць цяпер палітычныя падставы для вяртаньня афіцыйнага Менску ў Парлямэнцкую Асамблею? Ці можа такі крок дапамагчы, як сьцьвярджае Касачоў, дэмакратызацыі Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае старшыня АГП Анатоль Лябедзька

Цыганкоў: “Кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Канстантын Касачоў заявіў, што “на дадзены ўсё большая колькасьць дэпутатаў пачынае схіляцца да той пазыцыю, якую заўсёды абараняла Расея, якая заўсёды выступала супраць ізаляцыі Беларусі”. У сувязі з гэтым Касачоў кажа, што ПАРЭ можа вярнуцца да пытаньня аб вяртаньні Беларусі статусу “адмыслова запрошанага”. Колькі дэпутатаў, па-вашаму, могуць падтрымаць гэтую ідэю?”

Лябедзька: “Настроі могуць мяняцца, але ёсьць рэзалюцыі, якія прымаліся Палітычным і Юрыдычным камітэтам, а таксама цэлай Парлямэнцкай асамблеяй. І ўсе яны канстатуюць адно – яшчэ не час вяртаць статус “адмыслова запрошанага”. Гэта зафіксавана ва

ўсіх рэзалюцыях, што прымаліся як мінімум раз у год. І гэта і ёсьць пазыцыя дэпутатаў. Усё астатняе – часовыя настроі ці эмоцыі. Я думаю, кожны перад галасаваньнем, паглядзіць на гэтыя дакумэнты, на рэальную сытуацыю, і зробіць адназначную выснову – “яшчэ не прыйшоў час”.

Цыганкоў: “А як вы ставіцеся да аргумэнтацыі, прапанаванай спадаром Касачовым? Маўляў, ізаляцыя афіцыйнага Менску прыводзіць да кансэрвацыі праблемаў, якія ёсьць з дэмакратыяй у Беларусі. А вось калі іх запрасіць у ПАРЭ, тады яны будуць там хутчэй дэмакратызавацца...”

Лябедзька: “Факты сьведчаць пра іншае. Такі досьвед выкарысталі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. У 2000-м годзе гучаў голас Селязьнёва з Расеі, што трэба вучыць беларускіх дэпутатаў дэмакратыі, што побач з намі яны будуць дэмакратызавацца. І што? Якія зьмены пазыцыі адбыліся ў беларускіх дэпутатаў, якія штогод езьдзяць на сэсіі АБСЭ? Яны ўзьнялі пытаньні аб зьмене выбарчага кодэксу? Ці яны
Мы можам размаўляць пра зьмену статусу “адмыслова запрошанага” толькі пасьля выбарчай кампаніі ў Беларусі
абаранілі СМІ, якія вымушаныя друкавацца за межамі Беларусі?

Так што практыка сьведчыць пра іншае. ПА АБСЭ дае нам яскравы прыклад, што дэмакратызацыя не адбываецца, і дэпутаты, якія штогод выяжджаюць на гэтыя сэсіі, застаюцца такімі самымі, як і тыя, хто застаецца ў Беларусі – як, напрыклад, Сяргей Касьцян.

Мы можам размаўляць пра зьмену статусу “адмыслова запрошанага” толькі пасьля выбарчай кампаніі ў Беларусі. Хай сюды прыяжджае спадар Касачоў і паглядзіць, як праходзіць выбарчая кампанія, як рэгіструюцца кандыдаты, колькі прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчых камісіях – потым можна будзе размаўляць пра гэта пытаньне”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG