Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве эканомікі і Савеце Міністраў больш за месяц ляжыць шмат просьбаў аб пераглядзе цэнавай і тарыфнай палітыкі ў асобных галінах эканомікі.


Кіраўніцтва Міністэрства эканомікі абяцае падыйсьці да ўсіх просьбаў аб падвышэньні коштаў “узважана і цьвёрда” і пакуль трымаецца.

З просьбамі аб падвышэньні коштаў зьвярнуліся Мінсувязі, Мінэнэрга, Міністэрства транспарту, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі якія настойваюць на паэтапным падвышэньні. Але самыя вялікія апэтыты ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня – яно просіць падвысіць закупачныя цэны на ўсю прадукцыю расьлінаводзтва і адразу. Прычым, лічбы ўражваюць – у прыватнасьці, Мінсельгасхарч прапанаваў закупачную цану на збожжа ўзьняць на 72%, на семя рапсу – на 125%, на цукровыя буракі на 33%. Але Міністэрства эканомікі пакуль цьвёрда трымае абарону.

Намесьнік начальніка Упраўленьня цэн Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Кацярына Пеўнева не называе дакладных лічбаў:

“Мы іх кожны дзень мяняем. У пятніцу памянялі, у панядзелак Міністэрства эканомікі зноў ня згодна. Знаходзіцца ўсё ў прапрацоўцы, у рабочым варыянце, і нічога ня вызначана. Новыя лічбы я вам ня буду гаварыць, бо раніцай адно, увечары іншае”.

Перамовы ідуць ужо больш за месяц. Мінэканомікі і ўрад разумеюць, што павышэньне цэнаў, калі задаволіць Мінсельгаспрад, прывядзе да некантралюемых інфляцыйных працэсаў, таму згоды пакуль няма, кажа Кацярына Пеўнева:

“Ужо больш за месяц высьвятляем. А калі вызначымся – ня ведаю. Калі хто-небудзь кулаком па сталу грукне. Таму што мэтадам перамоваў ніяк не атрымліваецца. Больш праблем, чым пры зьнешнеэканамічных перамовах...”

Эканаміст Зьміцер Бабіцкі кажа, што рост цэн на харчаваньне ідзе ва ўсім сьвеце, і Беларусь не стане выключэньнем:

“Зразумела, прэзыдэнт ставіць задачу палітычную. А ў той жа час ёсьць вельмі моцнае аграрнае лобі: яны ціснуць. А цэны прыйдзецца падымаць у кожным выпадку. Канечне, будуць крыху абмяжоўваць, у першую чаргу, падымаць на тыя тавары, якія не ўваходзяць у індэкс спажывецкіх першай неабходнасьці. Думаю, што зараз ва ўрада ёсьць разуменьне, што народ трэба забясьпечваць, людзі ўжо забыліся, што такое дэфіцыт, чэргі. Таму адбудзецца саступка, і дазволяць істотна павысіць закупачныя цэны, каб вытворцы маглі больш грошай атрымаць за сваю прадукцыю”.

Эканамісты падлічылі, што істотнае падвышэньне закупачных цэн пацягне павелічэньне адпускных цэнаў на пшанічную муку на 44%, на іржаную муку – на 94%, на хлеб – на 20%, на камбікорм на 50% (а гэта азначае і на малако, і на мяса). А калі задаволіць яшчэ просьбы энэргетыкаў, сувязістаў, камунальнікаў, транспартнікаў, то інфляцыя на канец году можа дасягнуць 20% замест заплянаваных 8%.

На думку эканаміста Аляксандра Чубрыка, часткова просьбы Міністэрстваў будуць задаволеныя, але ў акрэсьленых межах:

“Прыкладна будуць спрабаваць выйсьці на інфляцыю, такую самую, як была ў мінулым годзе – 12% на канец году. Больш хуткі рост цэнаў ня толькі непажаданы і непрыймальны для насельніцтва, а з пункту гледжаньня ўтрыманьня стабільнасьці на валютным рынку. Калі пачынаюць істотна расьці цэны, то даволі складана ўтрымліваць зафіксаваны валютны курс. Гэта галоўная праблема, таму цяжка чакаць, што інфляцыя будзе значна перавышаць мінулагодні ўзровень”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG