Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія органы і тканкі трансплянтуюцца ў Беларусі?


Два тыдні таму беларускія хірургі выканалі першую апэрацыю па перасадцы печані. У наступным годзе ў Беларусі заплянаваная перасадка сэрца.


У Беларусі ад 1974 году робяць апэрацыі перасадкі ныркі.

У 1993 годзе ў сувязі з наступствамі Чарнобылю ў 9-м клінічным шпіталі быў адкрыты Цэнтар трансплянтацыі коснага мозгу.

З 1997 года распачата новая тэхналёгія трансплянтацыі камлёвых клетак.

Два тыдні таму ўпершыню беларускія хірургі трансплянтавалі печань. Ніякія іншыя органы пакуль не трансплянтуюцца, кажа кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру трансплянтацыі органаў і тканак прафэсар Анатоль Ус:

“Што тычыцца тканак, перасаджваюцца сардэчныя кляпаны, пры пэўнай сытуацыі і біялягічныя (сьвіныя), і штучныя ставяцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Кардыялёгія”, ёсьць тэхналёгіі перасадкі некаторых тканак у афтальмалёгіі, але гэта не органы”.

“Усе віды трансплянтацыі таньней за шматмесячнае, а часам і шматгадовае лячэньне»

Сучасная мэдыцына перасаджвае: ныркі, печань, сэрца, лёгкае, падстраўнікавая залоза і комплекс органаў – кішэчнік, тлумачыць прафэсар Анатоль Ус:

“Гэта новыя тэхналёгіі, перадавыя, і эканамічна мэтазгодныя. Больш эфэктыўней дапамагаюць хворым, значна паляпшаючы якасьць жыцьця хворага, я ўжо не кажу, што вяртаюць жыцьцё. Экспэртамі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя прызнана, што ўсе віды трансплянтацыі органаў значна таньней, чым стандартнае шматмесячнае, часам і шматгадовае лячэньне”.

Нырку ў Беларусі даволі пасьпяхова трансплянтуюць ужо 33 гады. Робяць такія апэрацыі і дзецям. А нядаўна Людміла Кудрашова, якой 7 гадоў таму перасадзілі нырку, нарадзіла здаровую дачку.


Закон “Аб трансплянтацыі органаў і тканак” увёў “прэзумпцыю згоды”

Пачынаючы з 2000 года, рабілася прыкладна па 30 апэрацыяў на год, у 2005-м быў спад – толькі 8 перасадак. Але летась – ужо 40 трансплянтацыяў. Павелічэньне апэрацыяў зьвязанае з “чалавечым фактарам” – энтузіязмам мэдыкаў, а таксама з прыняцьцем летась Закону “Аб трансплянтацыі органаў і тканак”. Закон увёў так званую “прэзумпцыю згоды” на забор органаў у донара, які выконваецца ў выпадку адсутнасьці ў яго, родных пісьмовай нязгоды на гэту працэдуру на момант біялягічнай сьмерці. Зараз усё болей робяць трансплянтацыяў ад родных донараў. Летась зрабілі больш за 30 такіх апэрацыяў.

Чэргаў на трансплянтацыю не павінна быць

На пытаньне, як доўга чакаюць людзі, якім патрэбна трансплянтацыя ныркі, сваёй чаргі, Анатоль Ус адказаў так:

“Што тычыцца перасадак, то чэргаў ня можа быць па вызначэньні – гэта ня крама. Галоўным аспэктам тут зьяўляецца наяўнасьць мэдычных паказаньняў з аднаго боку, з другога – наяўнасьць донара. А гэта праблема. Ну а тут галоўная праблема – цэлы комплекс праблем...”

І пералічыў: матэрыяльная база, умовы, абсталяваньне, расходныя матэрыялы, лекавыя прэпараты і, канечне ж, арганізацыйная структура. У Менску на базе 9-й клінікі ідзе рэканструкцыя і будаўніцтва карпусоў для Рэспубліканскага цэнтру трансплянтацыі. Мяркуецца, што ён адкрыецца ў 2009 годзе.

Пасьля першай трансплянтацыі печані Аляксандар Лукашэнка загадаў міністру аховы здароўя Васілю Жарко: “Цэнтар трэба рабіць так, каб усё ў ім было адпаведнае, і драбязіцца ў гэтай справе ня трэба. Абсталяваньне павінна быць самага высокага ўзроўню. Узяць самы лепшы цэнтар і скапіяваць тут, у Беларусі”.


Неабходна база дадзеных рэцыпіентаў

Каб дакладна вызначыць, якой колькасьці хворых патрабуецца перасадка ныркі, печані, сэрца, неабходна стварыць рэгістар хваробаў. Катэдра гастраэнтэралёгіі і нутрыцыялёгіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі пачала займацца стварэньнем такога рэгістру па хваробах печані. Распавядае прафэсар Юры Марахоўскі:

“Гэта называецца “Назіральны рэгістар хранічных дыфузных захворваньняў печані”. У гэты рэгістра павінны ўвайсьці ўсе пацыенты з такімі захворваньнямі, уключна з тымі, хто потым будзе выбраны з рэгістру для далейшай магчымай трансплянтацыі печані.Парадак будзе каля двух тысяч”.

У Нямеччыне перасаджваюць 13 печаняў на 100 тысяч насельніцтва, а лідэр – Гішпанія: 23 печані на 100 тысяч. У Нямеччыне 2 тысячы хворых у лісьце чаканьня.


Для грамадзянаў Беларусі ўсе мэтады трансплянтацыі бясплатныя

Што да плянуемай у наступным годзе перасадкі сэрца, падрыхтоўка і правядзеньне 10 апэрацыяй будзе каштаваць каля 1,5 мільёна даляраў, паведаміў загадчык лябараторыі хірургіі сэрца Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру “Кардыялёгія” прафэсар Юры Астроўскі. Кардыёлягі таксама пачалі працу па стварэньні базы дадзеных рэцыпіентаў, так званых “лістоў чаканьня”.

Апэрацыя па перасадцы сэрца ў заходніх краінах каштуе некалькі соцень даляраў. Колькі каштуе апэрацыя па трансплянтацыі органаў у Беларусі?

Кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру трансплянтацыі органаў і тканак Анатоль Ус кажа:

“Для грамадзянаў Беларусі ўсе мэтады трансплянтацыі бясплатныя”.


XS
SM
MD
LG