Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Aльтэрнатыва расейскай тэатральнай экспансіі


Прыватная антрэпрыза “Як пасварыліся Іван Іванавіч зь Іванам Нічыпаравічам” - відовішча неардынарнае і тэндэнцыйнае.


Што абяцае рэкляма

Рэкляма, якая штовечар круціцца на беларускіх тэлеэканалах, абяцае ўсё, чаго чакае ад спэктаклю тэатральны гурман. Расейская клясыка, але зусім рэдкая для беларускай сцэны. Ня Горкі ці Астроўскі, а Гогаль, да таго ж ягоная проза, якая ніколі не інсцэнізавалася ў Беларусі. Імёны стваральнікаў спэктаклю – папулярны і нават модны рэжысэр Мікалай Пінігін, у галоўных ролях – безумоўныя зоркі нацыянальнай сцэны Віктар Манаеў і Сяргей Журавель. Дый выканаўцы роляў другога пляну таксама зь імёнамі -- Алена Сідарава і Віктар Гудзіновіч.
Цікавасьць падагравала і тое, што гэты спэктакль – прыватная антрэпрыза

Цікавасьць падагравала і тое, што гэты спэктакль – прыватная антрэпрыза. Хай і ня вельмі шпарка, але камэрцыйны тэатар ў Беларусі ўсё ж набывае разьвіцьцё і спрабуе адваяваць сабе месца ў забаўляльна-відовішчнай прасторы. Адваяваяць у нялёгкай барацьбе з расейскімі прыватнымі антрэпрызамі, якія пакуль што займаюць гэту нішу. А рэальнасьць расейскай сучаснай сцэны такая, што нават дзяржаўныя тэатры, як той жа МХАТ, ў часе гастроляў уяўляюць ужо адну вялікую прыватную антрэпрызу, дзе кошты квіткоў пачынаюцца ад ста даляраў. Сваю экспансію яны пашырылі і на суседнія краіны, у прыватнасьці, на Беларусь.

Спэктакль “Як пасварыліся Іван Іванавіч зь Іванам Нічыпаравічам” засьведчыў, што беларускі камэрцыйны тэатар мае шанец на камэрцыйны посьпех. Але кажу гэта з агаворкай на тое, што спэктакль ставіў вельмі прафэсійны рэжысэр, які мае добры густ і аўтарытэт, каб адстойваць свае пазыцыі ў размове з прадусарам. І да таго ж мае вялікую практыку на расейскай сцэне.


Гогалеўскія героі на савецкім лецішчы

Мікалай Пінігін спэктакль “Як пасварыліся Іван Іванавіч зь Іванам Нічыпаравічам” зрабіў паводле законаў, якія дыктуе сучасны камэрцыйны тэатар. А галоўны закон – форма падпарадкоўваецца буджэту. Укладзеныя ў пастаноўку прыватныя грошы павінны як найменей акупіцца, а лепей і прынесьці прыбытак. Мікалай Пінігін, маючы аўтарытэт, натуральна, ня мог ставіць п’есу ў жанры “трусы” (такім тэрмінам апошнім часам называюць камэрцыйныя п’ескі, дзе абавязковае распрананьне, як найменей да трусоў).
Рэжысэр матрыцу камэрцыйнага тэатру запаўняе алюзіямі ў сёньняшні дзень


Ён выбраў гогалеўскае апавяданьне і на яго падставе стварыў сваё камэрцыйнае сачыненьне, што на школьнай дошцы, якая на пачатку спэктаклю стаіць на авансцэне, і напісана мелам : “Сачыненьне вучня 9-й “В”клясы Мікалая Пінігніна”. А ў 9-й клясу Пінігін хадзіў у 1970-я гады, калі савецкі чалавек атрымаў 6 сотак зямлі і сам стаў на лецішчах вырашаць праграму свайго харчаваньня і вольнага часу.

Так, народжаны ў СССР рэжысэр пераносіць гогалеўскую фабулу ў савецкі час. Іван Іванавіч у выкананьні Віктара Манаева становіцца опэрным сьпеваком на пэнсіі, які пабудаваў сабе дачны домік з кавалкаў тэатральных дэкарацыяў, а Іван Нічыпаравіч Сяргея Жураўля – старшым прапаршчыкам у адстаўцы, які збудаваў свой домік з таго, што ў войску дрэнна ляжала. І далей акторы разыгрываюць сатыру на савецкую сыстэму паводле правілаў гульні камэдыі характараў.

Рэжысэр, “сачыніцель спэктаклю”, матрыцу камэрцыйнага тэатру запаўняе сатырычным зьместам, алюзіямі ў сёньняшні дзень і безумоўным талентам актораў. Не хаваючы задачы забаўляць гледача і нават спыняючы дзеяньне на нейкіх пяць хвілінаў, разыграваючы ў зале кабарэтную сцэну з пачастункам гледача гарэлачкай, у фінале рэжысэр рэзка выводзіць публіку на Гогалеву дыдактыку: “Сумна жыць на гэтым сьвеце, спадарства”.
Публіка ведае, на што прыйшла


У Менску камэрцыйны тэатар ужо мае сваю публіку

Паводле маіх назіраньняў, гэта пераважна маладыя людзі ад 20 да 40 гадоў з пэўным дастаткам. Здаецца, у бальшыні сваёй яны прадстаўнікі малога ці сярэдняга бізнэсу. Магчыма, больш багатыя найперш ідуць на маскоўскія антрэпрызы. Тут яшчэ і снабізм – маскоўскія акторы раскручаныя ў кіно і тэлевізійных мыльных опэрах. Каля Клюбу Дзяржынскага, дзе паказваецца спэктакаль беларусаў прадусара Яўгена Яршова і рэжысэра Мікалая Пінігіна я не заўважыў такіх дарагіх аўто, як, прыкладам, ля канцэртнай залі “Менск” у часе паказу спэктаклю “Вядзьмарка” з маскоўскімі акторамі Андрэем Ільіным і Сяргеем Бязрукавым. Квіткі на менскі спэктакль каштуюць нашмат таней, чым на маскоўскія, у сярэднім -- 20 тысяч рублёў. Але, што цікава, публіка ведае, на што прыйшла. Дакладней, на каго -- на Пінігіна, Жураўля, Манаева. А гэта ўжо -- брэнд. Брэнд беларускага тэатру. І гэта нядрэнная альтэрнатыва расейскай тэатральнай экспансіі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG