Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найбуйнейшы турэцкі апэратар мабільнай сувязі Turkcell заявіў, што мае намер набыць кантрольны пакет акцыяў «Беларускай сеці камунікацыяў» -- гэта гандлёвая марка беларускага апэратара сотавай сувязі «Бест». 11 красавіка Менск наведаў скандальна вядомы расейскі бізнэсмэн Уладзімер Брынцалаў. Наколькі спрыяльны цяпер клімат для замежных інвэстыцыяў у Беларусі? Якія кампаніі і чаму інвэстуюць сёньня ў Беларусь? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук


Цыганкоў: “Уладзімер Брынцалаў падчас свайго візыту ў Менск заявіў, што ў Беларусі вельмі добры клімат для інвэстыцыяў. “Я і сваім калегам раю зьвяртаць увагу на Беларусь,” – сказаў Брынцалаў. Наколькі вы згодныя з сьцьвярджэньнем пра “спрыяльны клімат”?

Раманчук: “У Беларусі добры клімат для таго, што называецца “прыхватызацыяй”. Нашы ўлады, на жаль, ствараюць варункі не для ўсіх інвэстараў, ня робяць адкрытых конкурсаў і тэндэраў. Яны ствараюць ўмовы для кулюарных дамоўленасьцяў з людзьмі якія хацелі б мець манаполію на пэўных рынках. Брынцалаў – чалавек, які не цураецца некаторых тыпова расейскіх спосабаў вядзеньня бізнэсу, мае багаты досьвед дамоўленасьцямі з чыноўнікамі Расеі – таму ён гэтую зусім не эўрапейскую этыку вядзеньня бізнэсу пераносіць у Беларусь. А нашы беларускія чыноўнікі, галодныя да іншага ўзроўню даходаў, безумоўна пускаюць яго на наш рынак”.

Цыганкоў: “Аналітыкі – некаторыя з захапленьнем, некаторыя з асуджэньнем – адзначаюць, што ёсьць толькі адна “кропка ўваходу” на беларускі рынак – гэта Аляксандар Лукашэнка. Тыя, хто гэта ўхваляе, сьцьвярджаюць, што ў гэтым якраз і ёсьць пэўны парадак, бо Лукашэнка ўсё кантралюе і не дае праводзіць нейкія сумнеўныя зьдзелкі. Як вы ставіцеся да такой формы прыватызацыі?”

Раманчук: “Гэта ня мае ніякага дачыненьня да сапраўднага працэсу прыватызацыі, якая павінна быць празрыста і даступна для ўсіх. Гэта “прыхватызацыя”, гэта намэнклятурны перадзел актываў для тых людзей, якія маюць нейкі доступ да Лукашэнкі альбо да тых, хто могуць пакласьці яму дакумэнты на стол.

Калі ў Беларусь прыйдуць хаця б 2-3 карпарацыі з ста найбольшых кампаніях сьвету і яны заінвэстуюць сюды некалькі мільярдаў даляраў, тады можна будзе заяўляць, што інвэстыцыйны клімат пачаў мяняцца. А пакуль сюды прыходзяць структуры, якія не ўваходзяць нават у сотню ў сваім сэктары, і таму мне гэта вельмі нагадвае спробу легалізацыі сваіх капіталаў. Краіна, якая так сабе паводзіць, ня мае шанцаў зрабіцца канкурэнтназдольнай”.

Цыганкоў: “Але іншыя скажуць: якая розьніца, якога колеру курыца, галоўнае, каб яна несла яйкі? Не прыходзяць першыя заходнія кампаніі, затое ідуць турэцкія, кітайскія, іранскія..”

Раманчук: “Але мы хочам рабіць інавацыйны бізнэс, праводзіць мадэрнізацыю эканомікі. Калі нам прапануюць ня першы, а трэці гатунак, кампаніі з ня вельмі добрай рэпутацыяй – то гэта ня тая стратэгія, якая можа зрабіць Беларусь канкурэнтам нават у рэгіёне.”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG