Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы зьвярнуліся да палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў з пытаньнем: “Калі б не Пургурыдэс, а вы выйшлі на трыбуну, што б вы сказалі эўрадэпутатам?”

Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, кажа, што найперш паказаў бы на ўласным прыкладзе, як беларускія ўлады пераводзяць палітычныя справы ў крымінальныя злачынствы:

“Мой перасьлед пачаўся ў 2003 годзе, калі я ўзначаліў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Тады на мяне завялі крымінальную справу, абвінавацілі ў падрыхтоўцы да дачы хабару. Потым зьявіліся новыя абвінавачаньні. І мне давялося да суду прасядзець за кратамі больш за 9 месяцаў. А ў Вярхоўным судзе краіны не знайшлі нічога лепшага, як абвінаваціць мяне ў тым, што я нібыта выманьваў крэдыты ў дзяржавы.

Падобных справаў у Беларусі шмат. Марыніча абвінавацілі ў тым, што ён сам у сябе пазычыў кампутары, Казуліна — у тым, што ён хуліган...

Улада налаўчылася судзіць сваіх апанэнтаў не з палітычных, а з крымінальных матываў. Усюды кажуць, што ў нас няма палітзьняволеных, што ўсе пакараныя займаліся быццам бы не палітыкай, а крымінальнымі рэчамі”.

Ірына Халіп, журналістка, найперш адзначае, што ёй гэта даволі проста ўявіць, бо яна не аднойчы была ў Страсбуры, некалькі разоў слухала выступы спадара Пургурыдэса і нават сама выступала з парлямэнцкай трыбуны:

“Пасьля бліскучых дакладаў Пургурыдэса пра зьніклых і пра сытуацыю зь незалежнымі мэдыямі, я думаю, наўрад ці можна сказаць нешта новае пра беларускія ўлады. На мой погляд, трэба было б працягваць гэтыя тэмы і дадаваць толькі тое новае, што можа сапраўды абудзіць эўрапейскіх парлямэнтароў.

Таму я з той трыбуны працягвала б дзьве згаданыя тэмы і заклікала б эўрапейскіх дэпутатаў забыцца пра тое, што яны фактычна нічога ня могуць, адно даваць рэкамэндацыі ў сваіх рэзалюцыях. Я заклікала б іх сабрацца разам з Эўразьвязам, Злучанымі Штатамі і стварыць агульны цэнтар па працы зь Беларусьсю. Каб гэты цэнтар мог дапамагчы нам, беларусам, зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне. А проста сабрацца, каб нешта сказаць і зноў прагаласаваць за новую рэзалюцыю, мне падаецца бессэнсоўным марнаваньнем часу”.

Валянцін Стэфановіч, праваабаронца, найперш адзначае палітычны перасьлед апанэнтаў дзейнай улады:

“Натуральна, што як праваабаронца я найперш казаў бы пра палітычна матываваны перасьлед апанэнтаў улады. Гэта зьява, якая ў Беларусі існуе і якая сьведчыць пра тое, што краіна наша далёка-далёка не дэмакратычная. Улада дазваляе сабе перасьледаваць грамадзянаў менавіта за іх палітычныя погляды.

Я згадаў бы пра наяўнасьць палітычных вязьняў у Беларусі. Найперш пра Аляксандра Казуліна, які да сёньняшняга дня знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі.

І, натуральна, я б казаў, што ў беларускім заканадаўстве ёсьць артыкул 193-прым, які супярэчыць і Канстытуцыі Беларусі, і міжнароднаму Пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах. Ён проста несумяшчальны з судовай практыкай сёньняшняй Эўропы”.

Мечыслаў Грыб, заслужаны юрыст Беларусі, згадвае эпізод з уласнага досьведу:

“У Беларусі частку людзей судзяць не за тое, што яны нешта ўчынілі. Супраць іх скарыстоўваюць крымінальныя артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасьць за дзейнасьць, якой насамрэч не было.

Я асабіста пацярпеў, калі пайшоў на дазволены мітынг у гонар Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году. Сабралася вельмі шмат людзей. Ісьці па тратуары не хапала ўсім месца. І пэрыядычна частку людзей выштурхоўвалі на праежджую частку. Я таксама прайшоў так, можа, крокаў 20—30 каля тратуару. І мяне абвінавацілі — злачынца, далі штраф — аж 20 мільёнаў. Гэта быў найбуйнейшы штраф у Беларусі, які трымаўся такім гадоў пяць.
І ніхто ў судзе мяне ня слухаў, не хацеў разумець. Яны аж рукі паціралі ад задавальненьня”.

Валеры Шчукін, праваабаронца, распавядае, што сёньня ён знаходзіцца ў Менску, дзе судзяць Зьмітра Лісяенку:

“Чалавек пайшоў у палітыку. І даволі актыўна пайшоў. І яму інкрымінуюць артыкул — наркотыкі, фальшывыя грошы. А гэта — да пятнаццаці гадоў, хаця выглядае, што яму ўсё гэта падсунулі.

Гэта як у адміністратыўным пакараньні — два міліцыянты сьведчаць, што ты брыдкасловіў, і нікому іншага не дакажаш. Я асабіста тройчы сядзеў быццам бы за мат, хаця я мат не ўжываю. А тройчы сядзеў!”
XS
SM
MD
LG