Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова студэнты й выкладчыкі абавязаныя інфармаваць кіраўніцтва пра свае замежныя паездкі.


Гэтага патрабуе загад рэктара. Загад выдадзены нібыта дзеля забесьпячэньня правоў і інтарэсаў грамадзян. Копію загаду зьмясьцілі на сваім нефармальным сайце студэнты ўнівэрсытэту.

Загадам забараняюцца несанкцыянаваныя ўзаеміны выкладчыкаў ды студэнтаў з прадстаўнікамі замежных краін падчас рэалізацыі зацьверджаных кіраўніцтвам унівэрсытэту адукацыйных праектаў. Акрамя таго, пры наведваньні ўнівэрсытэту замежнымі дэлегацыямі, згодна з загадам, за іх прадстаўнікамі мае быць замацаваны супрацоўнік адміністрацыі.

Таксама загадам забароненая рэалізацыя любых адукацыйных праектаў ва ўнівэрсытэце без папярэдняй згоды яго кіраўніцтва.

Адказным за выкананьне загаду прызначаны намесьнік рэктара па міжнародных сувязях Дзьмітры Рачыкаў. Вось што ён паведаміў у інтэрвію “Свабодзе”:

Рачыкаў: “Тэкст на сайце адпавядае арыгіналу Першы такі загад быў у 2005 годзе па інфармаваньні, а гэта ўжо другая рэдакцыя”.

Кажу суразмоўцу, што ў гутарках студэнты скардзяцца: іх абавязваюць расьпісвацца пад загадам і пагражаюць уціскам пры адмове гэта зрабіць.

Чыноўнік не пярэчыць, што гэта мае месца. Тлумачыць, што цяпер кожны студэнт, які мае намер выехаць за мяжу, абавязаны за два тыдні да гэтага падаць заяву ў рэктарат, паведаміць тэрмін і месца, куды ён едзе. Нагадвае Дзьмітры Рачыкаў і пра адказнасьць студэнтаў:

“Загад сам па сабе прадугледжвае адказнасьць”.

Сёньня “Свабода” даведалася, што падобныя загады выдадзены і ў іншых ВНУ Магілёва і Берасьця. Паведамляе студэнт Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пушкіна Алесь Белы:

“У нас ёсьць такі сумны прыклад на філялягічным факультэце, дзе студэнты вывучаюць польскую мову. Раней яны мелі магчымасьць выяжджаць у Польшчу ў летнікі. Менавіта каб удасканальваць веды і мець моўную практыку. А цяпер паездкі ў летнікі адмянілі. Проста не адпускаюць студэнтаў”.

Старшыня Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Яўген Іванюк кажа, што загады на абмежаваньне кантактаў беларускіх студэнтаў у замежжы супярэчаць і беларускаму заканадаўству, і міжнародным нормам:

“У нас студэнту дастаткова цяжка выехаць за мяжу. І гэта рэальна абмежаваньне правоў чалавека. Таму што Канстытуцыя Беларусі гарантуе, што чалавек мае права вольна перасякаць мяжу, можа наведваць іншыя краіны. Але адміністрацыі ВНУ дзейнічаюць насуперак, яны заяўляюць студэнту: “Ты нібыта і маеш права, але толькі як мы табе дазволім”.

Спробы абмежаваць выезд беларускіх студэнтаў за мяжу рабіліся і раней. У 2004 годзе зьявіўся загад Міністэрства адукацыі № 283 “Аб удасканаленьні ідэалягічнай працы ў ВНУ”. Гэты загад забараніў студэнтам здаваць сэсію датэрмінова з прычыны летніх падпрацовак за мяжою.

Дэкрэт прэзыдэнта “Аб некаторых захадах у справе супрацьдзеяньня гандлю людзьмі” ад 9.03.2005 году абмежаваў навучаньне студэнтаў за мяжой. Пунктам 1.6 гэтага дэкрэту прадугледжана: “Накіраваньне грамадзянаў, якія навучаюцца ў арганізацыях сыстэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, на вучобу за мяжу ажыцьцяўляецца зь пісьмовага дазволу Міністэрства адукацыі”.

Загад рэктара Магілёўскага ўнівэрсытэту


"Пад ціскам грамадзкасьці гэты загад можа быць адменены"

Пракамэнтаваць рашэньне кіраўніцтва Магілёўскага ўнівэрсытэту мы папрасілі Тацяну Хому, якая ў 2006 годзе была абраная ў кіраўніцтва Эўрапейскай студэнцкай арганізацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG