Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяпер у анкетах толькі 5-7 пытанняў...”


Пра што пісалі беларускія газэты 14 красавіка ў розныя гады мінулага.


Са старонак “Вольнай Беларусі” ў 1918 годзе Зьмітрок Бядуля піша пра жыцьцё ў прыфрантавой Беларусі: “Шырокая натура” вялікарускай учасьці, посьля размашыстаго прыказу аб скасаванні монаполяк, нішчыла гарэлку на браварох. Пры наступленню немцаў у Віленшчыне і Міншчыне бочкамі вазілі гарэлку с падвалоў у рэчкі і сажалкі і вылівалі. Паверх вады у сажалках стаяў спірытус і людзі набіралі гладышамі, вёдрамі, цэбрамі, насілі да хаты, пілі на мейсцы с сажалак і — моро ім было па калено. Гэткім спосабам людзі жагналіся з монаполькай...”

“Мне партыя і ўрад даверылі спраектаваць для вас, дарагія рэбяты, Палац піонераў, — кажа са старонак “Піонера Беларусі” ў 1948 годзе архітэктар Аляксандар Воінаў. — Горсовет адвёў для гэтага будынка вялікі ўчастак зямлі, які раскінецца ад вуліцы Кірава праз Гарбарную аж да Свіслачы. Тут запруджаная рэчка ўтворыць штучнае возера, дзе пабудуецца дзіцячая водная станцыя. У вялікім парку Палаца будзе адбудован летні тэатр, размесцяцца аранжэрэі, майстэрні юных механікаў і станцыі юнатаў”.

“Голас Радзімы”, год 1988. Супрацоўнік АВІР Менгарвыканкаму У.Матусевіч тлумачыць новыя правілы ўезду і выезду з СССР: “Для атрымання дакументаў на такую паездку неабходна запоўніць невялікую анкету, прыклаўшы да яе запрашэнне. Анкета была і раней, але тады трэба было адказаць амаль на 30 пытанняў, некаторыя з адказаў заверыць на рабоце ці па месцу жыхарства. Цяпер у анкетах толькі 5-7 пытанняў, у залежнасці ад краіны... Грамадзянін СССР мае права праводзіць свой водпуск так, як яму захочацца. І калі ён вырашыць паехаць у госці ў іншую краіну, гэта яго асабістая справа”.


XS
SM
MD
LG