Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьезд АГП адбудзецца ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі?


Легальнае правядзеньне ў бліжэйшыя выхадныя зьезду Аб’яднанай грамадзянскай партыі пад пагрозай.


Меней чым за тыдзень да намечанай даты два дзясяткі ўстановаў, куды партыйцы зьвярнуліся з просьбай арэндаваць памяшканьне, або адказалі адмовай, або ўвогуле праігнаравалі запыт. Кіраўніцтва АГП заявіла пра магчымасьць правядзеньня зьезду на “сьвежым паветры”. Адной з магчымых пляцовак называецца сквэр насупраць рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Менску.

“Зьезд адбудзецца пры любым раскладзе”, – запэўніваюць у Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Нягледзячы на тое, што адмовы на арэнду залі атрыманыя практычна з усіх месцаў, куды былі накіраваныя адпаведныя лісты, сябра Палітычнай Рады АГП Сяргей Альфэр трымаецца такога меркаваньня:

“Больш за 15 месцаў адмовілі, а яшчэ месцаў 10 увогуле ніякім чынам не адказалі. Навошта рэагаваць, калі можна не адказваць, парушаючы заканадаўства? Тым ня менш, мы думаем, што нам будзе дадзеная памяшканьне; зьезд адменены ня будзе і ў любым выпадку ён адбудзецца”.

А калі ўсё ж улады застануцца непахіснымі і не дазволяць апазыцыянэрам сабрацца пад адным дахам? На гэты выпадак Сяргей Альфэр называе магчымыя адрасы і яўкі дэлегатаў зьезду:

“Будзем разглядаць пытаньне аб правядзеньні зьезду без памяшканьня. Будзе гэта сквэрык перад адміністрацыяй прэзыдэнта, плошча Незалежнасьці ці якое-небудзь іншае месца, дзе мы можам сабрацца – я ня ведаю. Але яно будзе абавязкова. Улада працуе абсалютна стандартна, мы ня першыя і не апошнія.

Папярэдні зьезд таксама мы плянавалі праводзіць невядома дзе, у тым ліку адзін з варыянтаў быў – перад адміністрацыяй прэзыдэнта каля тэатра імя Янкі Купалы. Але, тым ня менш, за некалькі дзён да зьезду нам было дадзена памяшканьне Дому культуры трактарнага заводу. Тое ж самае было зь Беларускім Народным Фронтам, калі Дом культуры МАЗу быў ім дадзены літаральна за некалькі дзён да зьезду. Ня вельмі добра для ўлады будзе, калі зьезд буйнай апазыцыйнай палітычнай партыі будзе праведзены на сьвежым паветры. Гэта яшчэ болей панізіць яе аўтарытэт ня толькі ў вачох беларускай і замежнай дэмакратычнай грамадзкасьці, але і ў вачох увогуле грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Бо ўсё гэта прыкмета не сілы ўлады, а яе дурасьці”.

Як ужо заўважыў Сяргей Альфэр, часта ўлады цягнуць да апошняга, каб потым прадэманстраваць “шырокі жэст”. Ад сярэдзіны 2005 году Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў бясплённа спрабавала арэндаваць залю пад правядзеньне Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў. Галоўным пытаньнем парадку дня стаяла абраньне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Толькі пры канцы верасьня на вышэйшым узроўні было вырашана даць магчымасьць больш чым васьмі сотням дэлегатаў сабрацца ў Доме культуры Менскага аўтазаводу.

Сярод красамоўных апошніх прыкладаў – зьезд Партыі Беларускі Народны Фронт, які адбыўся ў сьнежні 2007 году. Толькі за некалькі дзён да пачатку зьезду перад фронтаўцамі адкрылі “дзяжурную” ўжо для апазыцыянэраў залю ДК МАЗу.

Праблемы з магчымасьцю сабрацца пад адным дахам маюць практычна ўсе палітычныя партыі і рухі, апазыцыйна настроеныя да сёньняшніх уладаў.
XS
SM
MD
LG