Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец публічна абвясьціў аб намеры балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі.


Ягоную кандыдатуру вылучылі члены былой дэпутацкай групы “Рэспубліка”, у якую ён уваходзіў, а затым і ўзначальваў. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі маюць адбыцца яшчэ толькі праз тры гады. Таму, натуральна, першае пытаньне, зь якім я зьвярнуўся да спадара Скрабца, – чаму ён заяўляе аб сваім намеры так рана?

Апазыцыйны палітык лічыць, што ён не сьпяшаецца:

“Гэта ня рана. А можа нават і позна. Бо наша ўлада можа прызначыць выбары раней – на паўгода, альбо на два гады. Які ў яе будзе настрой, паколькі закон і канстытуцыю ў нас выкарыстоўваюць на ўласную карысьць. Па-другое, мой сябар Казулін яшчэ тры гады мусіць правесьці за кратамі. І найхутчэй ня зможа ўдзельнічаць у бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах. І, нарэшце, трэба рыхтавацца і рыхтаваць наша грамадзтва да таго, што ёсьць альтэрнатывы. Што ня толькі ёсьць адзін Лукашэнка, які будзе балятавацца і ў 2011-м, і ў 2016-м, і ў 20021-м годзе”.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік гаворыць, што заканадаўчых парушэньняў з боку Сяргея Скрабца няма:

“Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа вылучаць сваю кандыдатуру на любую дзяржаўную пасаду. У тым ліку і на пасаду прэзыдэнта. А ўсе абмежаваньні канкрэтна прапісаныя ў заканадаўстве і добра вядомы. Усім патрабаваньням, на мой погляд, гэта кандыдатура адпавядае. І таму ён можа прэтэндаваць на званьне кандыдата ў прэзыдэнты”.

Валеры Фралоў – першы кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” тлумачыць, чаму выбар паў менавіта на Сяргея Скрабца:

“Ён ужо вылучаўся ў прэзыдэнты і мае пэўны досьвед. Мы – ня супраць. Хай ён ідзе, калі да гэтага імкнецца. Чым больш кандыдатаў, тым лепш”.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што ў гэтай ініцыятыве, з аднаго боку, існуе станоўчы момант:

“Звычайна апазыцыю папракаюць за тое, што ў яе няма належнага прадбачаньня, стратэгічнага мысьленьня. Зь іншага боку, тут узьнікае шмат пытаньняў у тым сэнсе, што яшчэ далёка да выбараў і шмат што можа зьмяніцца ва ўмовах. І нарэшце самае галоўнае, я думаю, усе цудоўна разумеюць, што сёньня група “Рэспубліка” – гэта такі віртуальны панятак. А дзеля таго, каб была моцная альтэрнатыва, патрэбны мэханізм. Такі мэханізм апазыцыя спрабавала стварыць у выглядзе адзінага кандыдата. Там было шмат усялякіх перашкодаў, хібаў. Але факт, што без такога мэханізму, без каардынацыі намаганьняў усёй апазыцыі, маларэальна, што будзе раскручана моцная фігура”.

На маё пытаньне, як спадар Скрабец зьбіраецца раскручваць сябе ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, прагучаў наступны адказ:

“Існуе праграма, пра якую мы праз нейкі час раскажам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG